МАСКВА РАТУЕ КРЫВАВЫ РЭЖЫМ АСАДА
18 чэрвеня дацкая газэта “Berlingske” апублікавала артыкул пад тытулам “Пуцін ставіць пад сумніў спадзяваньні наконт Сірыі”. Вось гэты артыкул:
Лідэры “сусьветнай васьмёркі” на сваім саміце падтрымалі ідэю правядзеньня мірнай канфэрэнцыі па Сірыі “як мага хутчэй”. Але падтрымка Пуціным Асада ставіць пад сумніў спадзяваньне на спыненьне канфлікта.
Лёндан: Кравапраліцьце ў грамадзянскай вайне ў Сірыі, якая ўжо, паводле ААН, каштавала 93000 чалавечых жыцьцяў за апошнія два гады, як мяркуецца, ня можа быць спынена адразу.
Дзяржлідэры на саміце “васьмёркі” ў Паўночнай Ірляндыі пасьля двух дзён абмеркаваньняў урэшце згодна падтрымалі ідэю правядзеньня мірных перамоваў па Сірыі ў Жэнэве “як мага хутчэй”. Але дата не была прызначана, а паведамленьне з саміта не згадвае, якую ролю будзе адыгрываць у будучыні сірыйскі прэзыдэнт Башар аль-Асад.
Паведамленьне ў агульных рысах пацьвердзіла тое, што было сказана на канфэрэнцыі ў Жэнэве ў 2012 г. Пасьля таго, як у Паўночнай Ірляндыі ўчора нягледзячы ні на што было дасягнута адзінства ў падтрымцы мірных перамоваў, як сказаў гаспадар саміта брытанскі прэм'ер Дэвід Кэмэран, лідэры здолелі “пераадолець фундамэнтальныя разыходжаньні”.
Расея стаіць за Асада, а ЗША і іхныя хаўрусьнікі падтрымліваюць паўстанцаў. На заключнай прэс-канфэрэнцыі саміта Пуцін сказаў, што Захад павінен “добра падумаць”, перш чым узброіваць сірыйскую апазыцыю.
Ён сказаў таксама, што ААН пастанавіла, каб групоўкам, якія не адносяцца да ўраду, не пастаўлялася зброя з-за мяжы. З тае прычыны Расея будзе выконваць свае “законныя кантракты” па пастаўцы зброі Асаду. Прэзыдэнт прыгадаў нядаўні напад на брытанскага жаўнера, якога забілі на вуліцы ў Лёндане два ісламісты сякерай для раздзелкі мяса, і параўнаў сірыйскіх паўстанцаў з гэтымі злачынцамі.
ЗША аргумэнтавалі пастаўкі зброі паўстанцам тым, што Асад перакрочыў “чырвоную рысу”, вызначаную ЗША, і выкарыстаў хімічную зброю супраць ўласнага насельніцтва. Але Пуцін сьцьвярджаў, што ня ўсе краіны “васьмёркі” адзіныя ў тым, што сірыйская армія выкарыстала хімічную зброю — некаторыя зь іх фактычна згодныя з Расеяй ў тым, што няма доказаў, — падкрэсьліў расейскі прэзыдэнт.
Расейцы хочуць захаваць Асада
Дэвід Кэмэран выказаў спадзяваньне, што саміт “васьмёркі” стаўся “момантам ісьціны”, калі лідэры сьвету здолелі аб'яднацца наконт умоваў для правядзеньня мірнай канфэрэнцыі, якая можа прывесьці да ўтварэньня сірыйскага пераходнага ўраду з дзейснымі паўнамоцтвамі
Але Уладзімір Пуцін ня хоча пагаджацца з умовамі іншых лідэраў “васьмёркі” наконт “ураду пасьля Асада”. Расея наогул настойвае на тым, каб абодва бакі прызначылі кожны сваю дэлегацыю для ўдзелу ў мірнай канфэрэнцыі.
На працягу месяцаў расейцы кажуць, што яны ў стане прывесьці сірыйскі ўрад да стала перамоваў, але ўвесь час рэзка адкідваюць папярэднюю ўмову, у якой уключаны зыход Асада з пасады прэзыдэнта.
Працяг нязгоды азначае, што ўвага цяпер канцэнтруецца на тым, ці амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама гатовы забясьпечваць зброяй сірыйскую апазыцыю, і ці брытанцы з французамі пойдуць за амэрыканцамі.
У Вялікай Брытаніі намер прэм'ер-міністра Дэвіда Кэмэрана пастаўляць зброю сустрэў супраціў як з боку партнёраў па кааліцыі з Лібэральна-дэмакратычнай партыі, так і з боку многіх зь ягонай Кансэрватыўнай партыі. Лібэралы ставяцца да гэтага са скэпсісам.
Лідэры “васьмёркі”, аднак, адзіныя ў тым, каб даць 1,5 млрд даляраў на гуманітарную дапамогу Сірыі. Больш за 4,5 млн людзей былі вымушаны пакінуць свае дамы з таго часу, як ў сакавіку 2011 г. разгарэўся сірыйскі канфлікт.
Майкл Б'ерэ
(Пераклаў з дацкай В. Буйвал)
Амаральная, антыгуманная пазыцыя Масквы зразумелая. Знаёмая і манера крамлёўскага начальства хлусіць і выкручвацца.
Мы б хацелі падкрэсьліць адзін аспэкт праблемы. Вядома, што Масква пасылае зброю Асаду, настройвае баевікоў з Хэзбалы і Ірана на дапамогу антынароднаму рэжыму. Захад ніяк ня можа пераканаць Расею пагадзіцца на мірнае ўрэгуляваньня канфлікта.
Усё гэта ведае сірыйскі народ і не апускае рукі ў адчаі, але працягвае змаганьне за волю. Уласна сірыйская ўрадавая армія ўжо разьбеглася. Ваююць супраць народу зьвяругі са спэцслужбаў (якім ня будзе літасьці пасьля народнай перамогі) і атрады ў чорных чалмах са згаданых прамаскоўскіх груповак. Але ўжо паступаюць зьвесткі ад СМІ ўсяго сьвету, што сірыйскія паўстанцы пачалі эфэктыўна граміць чужынскіх “інтэрнацыяналістаў”, якія нясуць цяжкія страты ў баях.
Як бы ні хлусілі расейскія СМІ, перамога сірыйскага народа набліжаецца.
Сяргей Камароўскі