РЭЖЫМ ПЛЯНУЕ ЗЬНІШЧЫЦЬ КРЫЖЫ І МАГІЛЫ Ў КУРАПАТАХ
13 чэрвеня Радыё Свабода выдала тэкст пад тытулам “Райвыканкам надасьць Курапатам паркавы выгляд”. Паведамляецца наступнае:
“12 чэрвеня кіраўнік рады менскага аддзяленьня міжнароднага таварыства “Мэмарыял” (Расея) Уладзімер Раманоўскі і актывістка кампаніі “За захаваньне мэмарыялу Курапаты” Ганна Шапуцька сустрэліся з кіраўніцтвам адміністрацыі Менскага раёну. Раней абаронцы Курапатаў атрымалі ад раённых уладаў станоўчы адказ у пытаньні стварэньня грамадзкай рады па добраўпарадкаваньні народнага мэмарыялу.
У працоўную групу, паводле Раманоўскага, увойдуць найперш спэцыялісты, у тым ліку па лясной гаспадарцы, адміністрацыяў Менскай вобласьці, Менскага раёну і Бараўлянскага сельсавету, а таксама сам Раманоўскі і Шапуцька ад грамадзкасьці і, магчыма, прадстаўнік Міністэрства культуры”. (Канец цытаваньня).
Цяпер канчаткова зразумела, якая канкрэтная задача стаяла перад групкай прафанатараў, калі яны ўшчыналі шум вакол сваёй нядаўняй “агульнанацыянальнай талакі” (празванай у народзе “лукашысцкім суботнікам”). Прафанатары ішлі ў авангардзе чарговай рэжымнай атакі супраць Нацыянальнага Мэмарыялу ў Курапатах. Цяпер гэтая публіка будзе ствараць “камісію”, якая ўжо зрабіла заяву, цытуем РС:
“Паводле Раманоўскага, працоўная група будзе адказваць выключна за тое, каб ачысьціць тэрыторыю, якая цяпер у непрывабным стане, і надаць ёй паркавы выгляд”. (Канец цытаваньня).
Такім чынам, сьвятыя Крыжы на магілах беларускіх пакутнікаў для прафанатараў і тых, хто за імі стаіць, гэта ёсьць “непрывабны стан”, якому трэба “надаць паркавы выгляд”. Нагадваем, што парк — гэта месца, дзе людзі адпачываюць, рэлаксуюць, шпацыруюць, наладжваюць пікнікі, прагульваюцца з сабачкамі, дзе іграюць аркестры, круцяцца атракцыёны, дзе “весело и привольно”. Прадстаўнік маскоўскай арганізацыі Раманоўскі добра ведае ўсё гэта. Ведаем і мы, што паводле загаду Масквы за часы бальшавіцкай імпэрыі ў Беларусі і іншых рэгіёнах імпэрыі ў паркі былі ператвораны тысячы могілак і месцаў пакутніцтва.
Так званы “Парк Чалюскінцаў” — гэта былы Лес Ваньковіча, дзе гэтак жа як ў Курапатах энкавэдзісты растрэльвалі людзей. Зрабілі “парк” — магілы зраўнялі і стварылі танцы. Нават расейскія навукоўцы і культурныя людзі даўно кваліфікавалі гэта як злачынную практыку і адкрытае зьнішчэньне народнай памяці і сьвятыняў. У постсавецкай Беларусі з “паркавымі праектамі” навязваюцца нашаму грамадзтву розныя канторскія арганізацыі тыпу Фонда Міра. Самы маштабны “паркавы праект” яны высунулі гадоў 5-6 таму, прапануючы зрабіць парк у Трасьцянцы, на месцы пахаваньняў сотняў тысячаў ахвяраў расейскага і нямецка-фашыстоўскага тэрору. Цяпер, як бачым, дзікая ідэя прышчэпліваецца да Курапатаў.
Ім ня ўдасца падмануць беларусаў заблытанымі фармулёўкамі. Рэжым зьбіраецца прыступіць да чарговай спробы зьнішчэньня Курапатаў. Варвары абралі для свайго злачынства летні пэрыяд, спадзяючыся, што грамадзтва занятае гародамі і пляжным адпачынкам. Блюзьнерскага рускага бардэля (як народ называе “Бульбаш-хол”) ім падалося мала. Яны зьбіраюцца рабіць поўную зачыстку нашай Сьвятыні.
Патрыётам трэба рыхтавацца да абароны Курапацкай сьвятыні ад вандальскага нашэсьця.
Валеры Буйвал