АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (15–18.06.2013)

Эгіпет разрывае адносіны

15 чэрвеня 2013 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” паведаміла: “Прэзыдэнт Эгіпту Мухамад Мурсі заявіў пра “канчатковы разрыў адносінаў” з рэжымам сірыйскага прэзыдэнта Башара Асада і загадаў зачыніць амбасаду ў Дамаску”. Мурсі выказаў поўную падтрымку сіырйскім паўстанцам.

Наш камэнтар: Усім, нават у арабскіх краінах абрыднуў крывавы рэжым маскоўскага сябрука Асада. Цяпер ужо зразумела, што яму засталося няшмат часу. Можна ўявіць сябе, як круцяцца зараз крамлёўскія прадстаўнікі ў арабскіх краінах, спрабуючы прадухіліць катастрофу сваёй палітыкі. Але, як бачна, беспасьпяхова.

Алесь Хадасевіч


Тэрарыстычны інтэнацыянал Масквы

16 чэрвеня 2013 г. ангельская газэта “Guardian” напісала пра прамову Пуціна ў сядзібе брытанскага ўраду ў Лёндане. Ён заявіў, што Захад не павінен ўзбройваць сірыйскіх паўстанцаў, “бо яны ядуць чалавечыя ворганы”. А вось Расея ўзбройвае законны ўрад Сірыі.

Наш камэнтар: Што ж, сказана шчыра. Усяму сьвету вядома, што антычалавечы, злачынны (“законны”) рэжым Асада трымаецца на падсілкаваньні з Масквы. Ёсьць яшчэ Хэзбала і іранцы, але яны ваююць супраць сірыйскага народу расейскай зброяй. Вось такі тэрарыстычны інтэнацыянал.

Юрка Марозаў


Маскву чакае сьветлая будучыня

16 чэрвеня 2013 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” паведаміла, што “блогер Аляксей Навальны афіцыйна паведаміў напрыканцы тыдня аб выстаўленьні сваёй кандыдатуры на выбарах мэра Масквы”. Ён заявіў: “Я бяру ўдзел у выбарах, каб вярнуць уладу масквічам”.

Наш камэнтар: І вось гэтую лухту ад асобнага блогера перадрукоўваюць практычна ўсе СМІ сьвету. Беларусы добра ведаюць кошт падобным заявам. Яны ўжо наслухаліся такога ад мілінкевічаў, саньнікавых, рымашэўскіх і падобных: “Саша отдай людям деньги!.. Через три дня вы проснётесь в демократической Беларуси!”

Пара рэгістраваць новы фізычны закон — унівэрсальны закон палітычнай пустышкі.

Алесь Хадасевіч


Усё будзе наадварот

18 чэрвеня 2013 г. славацкая газэта “SME” цытавала выступ міністра замежных справаў Расеі Лаўрова. Ён сказаў, што Іран жадае спыніць узбагачэньне ўрану на 20%. Гэтага шэраг гадоў ад Тэгэрану патрабуе міжнародная супольнасьць.

Наш камэнтар: Мы ня чулі, што Іран стаў аўтаномнай рэспублікай РФ... А калі сур'ёзна, то радасьць заходнікаў ад гэтых выказваньняў маскоўскага міністра заўчасная. Беларусы заўважылі: як толькі Масква гукае пра мір, разгараецца чарговая вайна. Як толькі Крэмль абвяргае прымяненьне прамаскоўскім рэжымам Асада хімічнай зброі супраць сірыйскіх паўстанцаў, то на наступны дзень у шпіталі на турэцкім памежжы паступаюць параненыя хімічнай зброяй жыхары Сірыі. І г.д.

Ім нельга верыць. Усё будзе наадварот.

Юрка Марозаў


Цікава, што гэта за праект?

18 чэрвеня 2013 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала два артыкулы пра жыцьцё ў Беларусі. У першым артыкуле цытуюць Лукашэнку, які сказаў, што ягоны старэйшы сын “ня будзе прэзыдэнтам”. У другім артыкуле апісваецца, як С. Шушкевіч атрымлівае пэнсію ў 37 цэнтаў.

Наш камэнтар: Бачна, што больш няма чаго паведамляць польскаму грамадзтву з суседняй краіны. Ужо заўважана, што ў польскай прэсе штучна ствараецца вобраз Беларусі як нечага выключна прыдуркаватага, беспрасьветнага. Нечага такога, што ня трэба ўспрымаць сур'ёзна. Адбываецца нячыстая маніпуляцыя фактамі, замоўчваньне падзеяў, польскаму грамадзтву падсоўваюцца штучныя аўтарытэты з Беларусі. Цікава, што гэта за праект?

Алесь Хадасевіч


Правінцыйная журналістыка піша...

18 чэрвеня 2013 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала: “Расейскія людзі лічаць самай несяброўскай для сваёй краіны Злучаныя Штаты, а самай сяброўскай — Беларусь, як паказваюць сацыялагічныя апытаньні, вынікі якіх у аўторак цытавала агенцыя навінаў “Інтэрфакс”.

Наш камэнтар: Ага, беларусы добра адчулі на сябе маскоўскую “братнюю любоў”. Што ж, аж надта “прафэсійна” дзейнічаюць летувіскія газэтчыкі. Цытуюць як нешта сапраўднае штучны сацыялагічны прадукт лубянскіх “агенцый”. Ды ў дадатак друкуюць разам з артыкулам фота пра “рускую любоў да Пуціна”. На фота бачныя маладыя дзяўчаткі ў белых каўказкіх строях. Яны трымаюць партрэт Пуціна і накрываюць свае галовы, як хіджабамі, расейскімі сьцягамі (арыгінальнае рашэньне). Па этнаграфічнай фактуры бачна, што сцэна адбываецца недзе ў Чачэніі, а можа ў Абхазіі або ў П. Асэціі. І гэта называецца журналістыкай...

Алесь Хадасевіч