ТРАСКУЧЫМ АГЕНТУРНЫМ ШЛЯХАМ

15 чэрвеня славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Крытык Пуціна Навальны кандыдуе на пост мэра Масквы”. Вось гэты артыкул:

Пасьля таго, як мэр Масквы падаў у адстаўку, Маскву чакаюць датэрміновыя выбары. Йдзецца пра першыя непасрэдныя выбары за апошнія дзесяць гадоў.

Масква. Агульна вядомы расейскі актывіст Аляксей Навальны сёньня падаў дакумэнты на рэгістрацыю сваёй кандыдатуры на пасаду мэра Масквы. Інфармацыю пра гэта падала агентура АР.

У пятніцу Навальнага прызначыла кандыдатам на пасаду мэра расейскай мэтраполіі лібэральная апазыцыйная партыя Расеі — Партыя народнай свабоды (РПР — ПАРНАС).

Было паведамлена, што Навальны возьме ўдзел у выбарах 8 верасьня, “каб вызваліць наш горад ад пуцінскіх шчупальцаў”.

Маскоўскі мэр Сяргей Сабянін на мінулым тыдні падаў у адстаўку, што прывяло да абвяшчэньня датэрміновых выбараў. Паводле агентуры АР, ён будзе хутчэй за ўсё таксама кандыдаваць.

Агентура РІА Новості нагадвае, што йдзецца пра першыя непасрэдныя выбары маскоўскага мэра за апошнія дзесяць гадоў.

Petit Press

(Пераклаў з славацкай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.sme.sk/c/6837412/putinov-kritik-navalnyj-kandiduje-na-post-starostu-moskvy.html

Балалаечны канцэрт з удзелам вядомага саліста працягваецца. Ён, як Калабок, уцёк і ад сібірскага ваўка, і ад уральскай лісы... Пракуроры з суддзямі яго так і не дагналі. Ён усё сьпявае сваю бадзёрую песеньку. Партыйныя акампаніятары заводзяць пафасную тэму (і таксама з жывёльнага сьвету) пра тое, як Навальны будзе разрываць “пуцінскія шчупальцы” на горле Масквы. І дзе гэта падобнае мы ўжо чулі і бачылі?!

Ах, так, было такое ўвосень і на пачатку зімы 2010 года. Патрыёты начале з Зянонам Пазьняком заклікалі грамадзтва не хадзіць на псэўдавыбары дыктатуры. Тады на арэну і экраны тэлевізараў рэжымшчыкі выпусьцілі пачку зазывалаў (такое было не ўпершыню, але ўпершыню так сістэматычна і нахрапіста). Кандыдат Саньнікаў абяцаў на наступны дзень “пасьля народнай перамогі на выбарах” начальніку рэжыма ўцёкі на самалёце ў Вэнэсуэлу, а выбаршчыкам “дэмакратычную Беларусь праз тры дні”. Вядома, што заклікі правакатараў скончыліся “элегантнай перамогай” начальніка рэжыму (бо ніхто не лічыў галасоў) і Крывавай нядзеляй 19 сьнежня 2010 года.

Сцэнар, напісаны псэўдаапазыцыйнай маной і чалавечай крывёй у Беларусі, у каторы раз спрацоўваецца ў Расеі.

Янка Базыль