ІНФАРМАЦЫЙКА НА ЗАХАД
13 чэрвеня славацкая газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Беларуская паліцыя дзейнічала супраць нудыстаў”. Вось гэты артыкул:
Беларуская паліцыя рэзка дзейнічала ў адносінах да нудыстаў, якія больш за дзесяцігоддзе ўлетку апальваліся на пляжы непадалёк ад мэтраполіі Менска. Гэта паведаміла сёньня агенцыя РІА Новості, якая спаслалася на мясцовыя СМІ.
Аб'ектам акцыі патрульнай службы паліцыі стаў неафіцыйны пляж каля вадасховішча Менскае Мора. Паліцманы заклікалі прысутных “галышоў” надзець плаўкі і папярэджвалі іх, што ў адваротным выпадку тыя зьдзейсьняць парушэньне “хуліганства”.
Шэраг нудыстаў былі аштрафаваны, уключна з адной жанчынай, якая мусіла заплаціць 300000 беларускіх рублёў (каля 67 эўраў).
Канкрэтных парушальнікаў паліцыя адразу ж зазьняла на відэа, а потым на аснове атрыманых здымкаў ідэнтыфікавала. Падобныя паліцэйскія акцыі ў мінулым абышліся без грашовых штрафаў.
TASR
(Пераклаў з славацкай В. Буйвал)
Ды гэта ж проста эсэсаўская аблава! Беларусам голымі не даюць хадзіць! Правы чалавека! Паліцэйшчына!
Вось так можна вызначыць сэнс “навіны”, якую з бесчалавечнага антынудысцкага рэжыму распаўсюджваюць у шырокі сьвет РІА Новості і тое, што названа “мясцовымі СМІ”. Згаданыя “крыніцы інфармацыі” ніколі не паведамілі ў сьвет і ніколі не паведамяць пра сапраўды драматычныя падзеі ў нашай краіне, пра вайну антыбеларускага рэжыму супраць нашай культуры, мовы і школы, супраць беларускай цывілізацыі. Час ад часу яны зьвягнуць чарговы анэкдоцік пра галоўнага начальніка рэжыму і яго “войны” з Масквой. Або пратрынькаюць што-небудзь надзьмута-пафаснае пра герояў з псэўдаапазыцыі. Эўрапейская публіка пасьмяхаецца: “Какіе чудакі эті белоруссы! І что ім ешчё надо?..”
Віртуальная інфармацыйная подласьць пра наш народ і нашу краіну спрацоўвае ўжо шэраг гадоў. Здаецца, што канца гэтай падступнай маніпуляцыі фактамі ня будзе. Але не бывае вечнага трыюмфа подласьці. Калі ў Беларусі распачнуцца рэвалюцыйныя падзеі, заходнікам ня ўдасца прыкрыцца фігавым лістком ад РІА Новості.
Янка Базыль