СЬВЕТЛЫ БЫКАЎ

Да 90-годдзя нараджэньня і 10-годдзя сьмерці Васіля Быкава

19 чэрвеня — сьветлы дзень. Мы звычайна ў гэты дзень ішлі да Васіля Быкава, віншавалі яго з Днём народзінаў. Я бачыў, што Быкаў і сам любіў такія спатканьні. Ён пачуваўся ў Фронце душэўна ўтульна. Атмасфэра ласкі і дабрыні, якая атуляла яго і якая ўвогуле была тады ў сядзібе БНФ, вельмі імпанавала яму. Усе жылі, як на крыльлях. Ужо была Незалежнасьць (наша мара і наша перамога), была беларуская школа, вольны друк, змагаліся за добрае будаўніцтва сваёй краіны.

Для многіх з нас гэта былі гады душэўнага шчасьця. Для Васіля Ўладзімеравіча, відаць, таксама. Калі ён бываў у нас у сядзібе, аблічча яго станавілася лагодным, а вочы сьвяціліся. Яму было добра.

У 1994 годзе яму споўнілася 70 гадоў. Грамадзкасьць і афіцыёз, і мы ў Фронце, рыхтаваліся кожны па-свойму тое адзначыць. Але Быкаў (які ўвогуле не любіў урачыстых афіцыёзаў) адмовіўся ад ушанаваньня свайго юбілею і ў Саюзе пісьменьнікаў, і ў іншых месцах. Ён сказаў, што будзе толькі ў Фронце, у сядзібе БНФ. І я разумеў, чаму ён так вырашыў.

Прышла моц людзей. Але не было ні адной чужой афіцыёзнай фізіяноміі, ніводнай фальшывай прамовы. Сабраўся цьвет нашай творчай нацыі, былі цёплыя позіркі і словы, простыя шчырыя дачыненьні і народныя сьпевы. Думаю, што было якраз тое, што трэба было гэтаму вялікаму чалавеку для добрасьці яго шчырай беларускай душы.

Праз 10 гадоў гэтыя ж самыя людзі праводзілі яго ў апошні шлях. Ужо перамяніўся сьвет. Цемра, хамства, гразь і нянавісьць віравалі вакол, імкнуліся зганьбіць ягоную сьмерць. Гэбоўскія бесы выскоквалі на дарогу, спрабавалі танцаваць перад яго труной. Эфір гэбісцкіх рацый поўніўся матам і подлымі камандамі на подлыя справы (гэта чулі сьведкі).

Нічога ня выйшла ў цемрашалаў. Абвалілася ў іх усё. Наша сіла мацнейшая. Сьветлым і магутным быў апошні шлях Васіля Быкава.

Быкаў мог дажыць да 90 гадоў. Ён мог яшчэ быць разам з намі. Мы вельмі перажывалі, што ён адышоў і ведаем ягоных скрытых забойцаў. І ўсё ж такі Боская воля лепшая, чым нашыя меркаваньні.

Дажываючы да 90, гэты вялікі чалавек вымушаны быў бы з году ў год адчуваць павелічэньне нянавісьці, брыдоты, ілжы вакол свайго сьветлага імя. Зьдзекваліся б зь яго старасьці так, як рабіў гэта адзін вусаты мярзотнік у час яго сьмерці, абплёўвалі б яго мінулае, яго творчасьць і славу. Гэта было б, бо такая прырода падлюг, што цяпер дасягнулі ўлады.

За сябе мне сказаць проста. За 25 гадоў у палітыцы, вакол майго арганізма ўжо даўно стварылася стальная браня. І няма на сьвеце такой ілжы з боку нізкіх, якая б мяне раніла ці выбіла б з раўнавагі. Не здарма яны захлёбваюцца — гэта ад бяссільля.

Не сумняваюся, што ўсё перамог бы і Быкаў, але... прапусьціўшы праз сэрца. Бо такая прырода сьветлых людзей.

Сьмерць Быкава выклікае адчуваньне трагедыі і горычы ня толькі таму, што ворагі прысьпешылі яго паміраньне і ён мог яшчэ жыць, але найперш таму, што сьветлы Быкаў пайшоў, а акупанцкая чэрнь засталася, віруе, кіруе, і ён ня ўбачыў яе канца.

Ён убачыць яе зь нябёс. Тут вельмі розныя сутнасьці. Нечысьці ў індывідуальным выяўленьні абавязкова прыходзіць натуральны канец. Нечысьць нічога не пакідае для будучыні.

Тым часам імя і творчасьць Быкава належаць вечнасьці, бо адлюстравалі яе ў вобразах, думках і харастве. Творчасьць Быкава — гэта сусьветны ўзровень, пазнаньне для ўсяго чалавецтва.

Гэта будзе ўсьвядомлена моцна, калі моцнай будзе Беларусь, тая сьветлая, культурная і магутная народная Беларусь, за якую змагаўся Народны Фронт.

19.06.2013

Зянон ПАЗЬНЯК