АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (11–12.06.2013)

Паўзучая акупацыя

11 чэрвеня 2013 г. французкая газэта “Le Figaro” напісала, што расейскія войскі прасоўваюць загароджы з калючага дроту ўглыб тэрыторыі Грузіі, парушаючы дамоўленасьці спыненьня агню ў Паўднёвай Асэціі. Такім чынам яны захапілі дадатковыя гэктары грузінскай зямлі. Прэм'ер-міністар Грузіі Іванішвілі сказаў на гэта: “Я гэтага не разумею...”

Наш камэнтар: Маскоўскія акупанты нахабна прасоўваюцца па грузінскай зямлі, а стаўленік Масквы Іванішвілі “гэтага не разумее”.

Пра гэта СМІ ўсяго сьвету паведамляюць. А вось Масква захоплівае ўсю Беларусь і ставіць на нашай зямлі свае ракеты і самалёты, накіраваныя на Заходнюю Эўропу. І пра гэта ніхто дагэтуль не паведаміў. Падобна, што будзе, як у даўнім савецкім анэкдоце: “Я просыпаюсь утром в своей варшавской квартире, а под окнами стоит дружественный русский танк...”

Юрка Марозаў


Беларускае служэньне Богу мусіць быць па-беларуску

11 чэрвеня 2013 г. італьянская газэта “Repubblica” цытавала Папу Рымскага Францішка. Ён заявіў: “У Ватыкане дзейнічаюць лобі гэяў” і таксама: “У сьвятога Пятра не было рахунка ў банку. Касьцёл павінен быць бедным”.

Наш камэнтар: Бачна і зразумела, што ў Касьцёле вядзецца змаганьне за хрысьціянскія ідэалы. Людзі добрай волі ва ўсім сьвеце павінны далучыцца да гэтага змаганьня. Беларусы павінны нагадаць сваім каталіцкім сьвятарам пра словы Папы. Пантыфік заклікаў не аднойчы да служэньня ў мовах народаў на радзімах гэтых народаў.

Алесь Хадасевіч


Акупацыя бяз мемуараў

11 чэрвеня 2013 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” паведаміла, што ў ЗША былі знойдзены мэмуары Альфрэда Разэнбэрга, аднаго з бліжэйшых паплечнікаў Гітлера. Цяпер будзе новая магчымасьць даведацца пра дадатковыя рысы Гітлера і яго часу.

Наш камэнтар: Беларускія гісторыкі і архівісты могуць жыць спакойна. Ніякіх мэмуараў пяра паплечнікаў мясцовага фюрэра ніхто і нідзе ня знойдзе. Гэтыя на пісаньне чаго-кольвечы ня здольныя. Падмахваюць паперкі і ўсё.

Юрка Марозаў


Добры закон і дрэнныя справы

11 чэрвеня 2013 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “За блюзьнерства над верай расейцы будуць караць штрафам і вязьніцай”. Газэта паведаміла пра прыняцьце Дзярждумай такога закону. Каталізатарам прыняцьця закону паслужыў інцыдэнт з дзеўкамі групы Pussy Riot, якія блюзьнерылі ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве.

Наш камэнтар: Што ж, на паперы закон добры. І рэалізаваць яго на практыцы будзе лёгка. Будынкі РПЦ па ўсёй Расеі стаяць пустыя. Дзесяткі мільёнаў людзей даўно ўжо адвярнуліся ад гэтай фальшывай структуры.

Алесь Хадасевіч


За бардэлем асобы з рэжыму

12 чэрвеня 2013 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала, што нямецкі аўтагігант “Фольксвагэн” перадаў адзін мільён эўра Міжнароднаму Дому Маладзёвых Сустрэчаў. Гэта ёсьць адукацыйны цэнтар непадалёк ад нямецкага лягера сьмерці Аўшвіц (на тэрыторыі Польшчы). Сярод іншага вучні гэтага міжнароднага цэнтру займаюцца добраўпарадкаваньнем тэрыторыі мэмарыялу і магіл ахвяраў.

Наш камэнтар: Так дзейнічаюць немцы, на радзіме якіх разгромлены і забаронены карычневы фашызм.

Чаго дачакаліся беларусы ад спадчыньнікаў тых, хто забіваў людзей у Курапатах паводле загаду Масквы? Стала вядома, што рускі бардэль (як называюць “Бульбаш-хол” на тэрыторыі Курапацкай сьвятыні) разбудоўваецца на грошы маскоўскіх капіталаўкладчыкаў і пад патранажам асобаў з рэжымных структураў. Блюзьнерская ідэя распрацоўваецца акупанцкім рэжымам ужо даволе даўно. Яны зьбіраліся яшчэ ў 2006 г. пабудаваць на тым жа месцы вялікі “маладзёвы забаўляльны цэнтар” (з расейскай гарэлкай, папсой і іншай мярзотай).

Чаму ўсё так? А таму, што чырвоны маскоўскі фашызм ня быў разгромлены і забаронены.

Юрка Марозаў