“ВАДА” ПРА ФІЗКУЛЬТУРУ

У журналістыцы ёсьць хрэстаматыйныя, элемэнтарныя правілы, нават законы. Інфармуючы людзей пра асобу або зьяву, журналіст абавязаны хаця б у некалькіх сказах пазначыць, што гэта за асоба або зьява, калі яна ўзьнікла, калі перастала існаваць і чым займалася. Журналістыка — не паэзія, дзе каханую можна параўноўваць з воблакам, матыльком, кветкай і нават не назваць яе па імені — і гэтага будзе дастаткова для стварэньня вобраза.

Публікацыю на інтэрнэт-старонцы таблоіда пад гістарычным назовам “Наша Ніва” ад 10 чэрвеня можна было б і не заўважыць (чаго толькі там не публікуюць!). Але з гэтым артэфактам трэба пазнаёміцца, гэта непараўнальна. Маецца на ўвазе рэпрадукцыя з праграмы Белсату. Ул. Мацкевіч бярэ інтэрв'ю ў вэтэрана “Белага легіёна” М. Лазоўскага. Гэта трэба паглядзець і паслухаць. Такое ў школьных падлеткаў называецца “вада”, а ў дарослых — “пераліваньне з пустога ў парожняе”.

Не паварочваецца язык назваць сп. Мацкевіча тэлежурналістам, ён — “спэцыяліст шырокага профілю” і крыху нават “міжнароднага маштабу”. Ён запомніўся беларусам сваімі лекцыямі на пару зь яшчэ адным спэцом сп. Роўдам на розных сэмінарах, якіх раней было даволі шмат і ў розных месцах. Пафас выступаў гэтых двух (публіка называла іх Тарапунькам і Штэпселям) заключаўся ў тым, каб пераканаць слухачоў, што Лукашэнка зьяўляецца самастойнай фігурай, ён не стаўленік Масквы і ад Масквы не залежыць (факт таго, што ён “нехарошы для дэмакратыі”, парачка не адмаўляла). Колькі месяцаў таму гэты Мацкевіч “грымнуў” у інфармпрасторы сваёй заявай: “Я — зьяўляюся лідэрам беларускай грамадзянскай супольнасьці!” Каранаваў сябе, як Напалеён, і ўсё. Калі яго спыталі (пасьля вядомага самараскрыцьця падпалкоўніка, савецкага-палітрука Кузняцова), хто ён па званьню, 56-гадовы Мацкевіч адказаў, што “лейтэнант, але ня ведаю, можа што і прысвоіў ваенкамат”. Гэта не замінае яму быць экспэртам па вайсковых і калявайсковых справах.

Адным з правілаў журналістыкі ёсьць, што ў інтэрв'ю галоўным зьяўляецца ўсё ж не журналіст, а той, у каго ён бярэ інтэрв'ю. Але наш “лейтэнант” у такім захапленьні ад сваёй каларытнай асобы, што амаль не дае слова сказаць беднаму вэтэрану Лазоўскаму. Якая “стать”, якая прахвэсарская надзьмутасьць, колькі шматзначнасьці ў роўным тэмбры голаса! Аднак, калі паслухаць, пра што гаворка, то зачапіцца за што-небудзь амаль немагчыма. Плывуць па “вадзе” фрагмэнты — “фізкультура і палітыка”, “спорт і патрыятызм”... Найбольш прыкметным, на наш погляд, ёсьць сэнтэнцыя Мацкевіча: “Невядома, хто стварыў РНЕ...”

Спадар Мацкевіч, калі вам не вядома, хто стварыў гэтую канторскую шавіністычную структуру, дык што Вы робіце ў журналістцы, на экране тэлевізара? Вы наагул, што небудзь ведаеце і разумееце? Але мы мяркуем, што ён ведае і разумее. Тут той жа фокус, што і з “Лукашэнкам, незалежным ад Масквы”.

Ні адзін удзельнік праграмы, ні другі словам не сказалі аб тым, калі і хто ўтварыў гэты “Белы легіён”, калі ён зьнік і чаму гэта сталася. Яны не прывялі ніводнага факту яго дзейнасьці, не назвалі ніводнага імя або падзеі. На працягу амаль 15 хвілін мы слухаем і глядзім фэномэн “ні пра што”. Гэта ж трэба ўмець так. І самае, зразумела, сьмешнае і кур'ёзнае — гэта згадка пра “падтрымку “на ўра” арміяй гэтага “легіёну”. Тут Мацкевіч ажывае і настойліва паўтарае пра “беларускае войска” (якое, зразумела, незалежнае ад Масквы).

Старэйшыя людзі прыгадваюць, што на фотаздымках у “дэмСМІ” пра гэты “легіён” і пра іншыя фантомныя структуры (якія ўзьнікалі пазьней, або існавалі паралельна) бачныя былі ўсё тыя ж у асноўным фізіяноміі, амаль нічога новага — “Чырвоны Жонд”, “Зубры” і што там яшчэ было і сыйшло. Іх пераводзілі з “легіёна” у “жонд” і так далей. Ніхто нічога ня можа ўспомніць пра іх, бо былі толькі фотаздымкі і грозныя дэкларацыі, справаў не было.

Чаму раптам сп. Мацкевіч пачаў рэанімацыю “гістарычнай згадкі” пра фантом з рамантычным і грозным назовам? Мяркуем, што ёсьць праблемы на цяперашнім этапе гістарычнага разьвіцьця краіны. Патрыятычная моладзь зноў шукае шляхоў супраціву рэжымнаму маразму, хоча не БРСМ, а чагосьці сапраўдна беларускага. Вось маладым і нагадваюць пра “волатаў мінулых часоў”, пра “белых легіянэраў”. Цяжкасьць з фактамі — гэта нічога. Затое ў цэлым пустышка выглядае і гучыць пасіянарна.

Прапануем моладзі паглядзець далучаны сюжэт з Белсату і прыняць рашэньне, ці трэба далучацца да гэтай публікі.

Сымон Рудзік