ЎСЕ РАЗУМЕЮЦЬ ФАЛЬШЫВАСЬЦЬ ДЗЕІ

12 чэрвеня латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Пуцін абраны лідэрам руху Народны фронт — за Расею”. Вось гэты артыкул:

Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін стаўся лідэрам заснаванага ў сераду ў Маскве руху “Народны фронт — за Расею”. Кандыдатура Пуціна на пасаду лідэра была зацьверджана без галасаваньня пасьля таго, як аўдыторыя пачала хорам скандаваць: “Пуцін, Пуцін!”

“Мы сёньня зрабілі тое, пра што многія, якія знаходзяцца ў гэтай зале, казалі і прапанавалі, а канкрэтна — не забыцца на гэтую інстытуцыю як толькі перадвыбарчую, але зрабіць яе самастойна працуючай інстытуцыяй”, — сказаў Пуцін.

Яшчэ напярэдадні кангрэс зацьвердзіў статут і маніфэст руху, а таксама дэкларацыю сябра фронту. Тады ж удзельнікі кангрэса вырашылі, што арганізацыя, датыхчасовая назва якой была Усерасейскі Народны фронт, надалей будзе працаваць пад новай назвай — “Народны фронт — за Расею”.

Заснавальнікамі арганізацыі сталіся 480 чалавек. Як сказаў прадстаўнік арганізацыі, сярод іх ёсьць “студэнты, дабравольцы, спартоўцы, выкладчыкі, прадпрымальнікі, прадстаўнікі СМІ, групы экспэртаў і прадстаўнікі палітычных партый”.

На пачатку адзін з ідэолагаў руху Дзімітры Бадоўскі сказаў, што фронт плануецца накіраваць на сацыяльную мэту — “не віртуальную, а рэальную”. “Адна з функцый — разы два-тры паціснуўшы рукі, кожны грамадзянін зможа дайсьці да прэзыдэнта. І калі фронт пачне працаваць так, тады сапраўды будзе вынік, і мы ўсе за гэта”, — сказаў Бадоўскі.

LETA/LENTA.RU

(Пераклаў з латышскай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.diena.lv/pasaule/putins-izraudzits-par-kustibas-tautas-fronte-par-krieviju-lideri-14012086

Вось цікава, усе, абсалютна ўсе разумеюць пацешную віртуальнасьць гэтай манумэнтальнай дзеі: расейскія і эўрапейскія СМІ, маскоўскае грамадзтва, удзельнікі кангрэсу і сам Пуцін. Але апошнія даволі дысцыплінавана і нават крыху “с огоньком” выконваюць свае сцэнарныя ролі. Камэдыя працягваецца. Успамінаюцца бессьмяротныя фільмы Гайдая. Казка сталася быльлю. Вось як бывае ў Маскве.

Хаця такое здаралася ў сярэднявечнай Маскве і на поўным сур'ёзе. Тады таксама часам абіралі на царства паводле схемы “хто каго перакрычыць”. Так, напрыклад, абралі маладога Пятра І. Змоўшчыкам паступіла каманда: “Хто будзе крычаць за Соф'ю, біце іх нажамі...”

У Пуціна ўсё абышлося. Заранёў падабралі падстаўных грамадзянаў ад розных сацыяльных груп і нават не зьвярнулі ўвагі на праклёны, што пасылала ў іхны бок маніфэстацыя начале з “лідэрам апазыцыі” Навальным. Усё было нават у даўнім цэкоўскім стылю — “адзінагалосна”.

На наш погляд, кола замкнулася. Цяпер усім ужо зразумела, што фальш і мана зрабіліся нормай існаваньня імпэрыі ва ўсіх яе праявах, у тым ліку ва ўладзе і ў “апазыцыі”. Гэты збочаны стан сацыяльна-дзяржаўнага арганізма можа праіснаваць даволі доўга. Пра гэта ёсьць гістарычныя сьведчаньні з Афрыкі і нават з Румыніі. Але Масква — не Бухарэст, Пуцін — не Чаўшэску. Маштабы зусім іншыя і падобна, што шэраг народаў імпэрыі не зьбіраюцца чакаць, пакуль у Маскве ўсё канчаткова згніе і заблытаецца ў мане. Ёсьць яшчэ адзін правераны гістарычнай практыкай аспэкт. Хворая сістэма не вытрымае сур'ёзных палітычных і эканамічных катаклізмаў, яна паваліцца. Толькі ня трэба параўноўваць з эпохай Сталіна і ВОВ. Тады мільёны савецкіх людзей сапраўды верылі ў сталінскі фальшывы ідэал і гатовыя былі ісьці за яго на змаганьне і сьмерць. Цяпер такіх жадаючых ахвяравацца за гэбізм-пуцінізм (без заробку і кар'еры) ня знойдзецца і дзесятка асобаў.

Хворы арганізм настойліва пранікае на беларускую зямлю, імкнецца захапіць, зьнішчыць, падмяць усё жывое і беларускае. Трэба ўсім народам бараніць роднае, сьвятое ад псіхапатычных ненавісьнікаў, якія сваю Расею ўжо ператварылі ў паноптыкум.

Сымон Рудзік