НЯ СОН, НЕ ТЭАТР ЦЕНЯЎ...
Нагадваем, што газэта “Gazeta Wyborcza” зьяўляецца адной з буйнейшых і найбольш ўплывовых у суседняй Польшчы. 11 чэрвеня яна апублікавала тэкст пад тытулам “Беларускія ўлады шчасьлівыя, калі Польшча мае праблемы — напр., з выдачай беларусам візаў”. Журналіст газэты Анджэй Пачобут бярэ інтэрв'ю ў Вінцука Вячоркі. Вячорку газэта ахарактарызавала так: “па адукацыі філолаг (ведае пяць моваў, уключна з польскай), у 1999-2007 гг. быў лідэрам найбуйнейшай апазыцыйнай партыі БНФ”. Для нашых чытачоў мы нагадаем, што А. Пачобут — гародзенскі жыхар, які абслугоўвае навінамі польскую прэсу. За гэтую дзейнасьць яго перасьледваў лукашыстоўскі рэжым (польская прэса і Пачобут называюць яго “беларускім рэжымам”), але “перасьлед” так нічым і ня скончыўся, з Пачобута пракуратура зьняла ўсе “абвінавачваньні”. Аднак, ён пасьпеў уславіцца ў Польшчы як “пакутнік і змагар” ды зрабіцца “польскім Журналістам Года”.
На здымку ў газэце — Лукашэнка сьмяецца. Прычына гэтай весялосьці — у тэксьце інтэрв'ю. Пачобут пытаецца ў Вячоркі пра недахопы з выдачай польскіх візаў беларусам. Ён за словамі ў кішэню ня лезе, цытуем: “Людзі хочуць езьдзіць на Захад. У пераліку на колькасьць жыхароў беларусы атрымліваюць найбольш у сьвеце шангенскіх візаў... Ёсьць патрэба ў рашучых дзеяньнях, якія дапамаглі б залагодзіць праблемы з атрыманьнем візаў...”
Фота Вячоркі ў газэце няма. Але нам зразумела, што выгляд у яго заклапочаны і невясёлы ў адрозьненьні ад задаволенага “беларускага дыктатара” (як любіць фармуляваць гэта герой польскай журналістыкі Пачобут). Самая галоўная праблема для абодвух герояў інтэрв'ю — візы для беларусаў, якія, аказваецца, езьдзяць на Захад больш за іншых жыхароў планэты.
Нагадваем яшчэ адзін факт. Зусім нядаўна ў Беларусь прыязджалі з візытам міністар абароны Расеі Шайгу і група маскоўскіх ваенспэцоў. Яны ў адкрытую распараджаліся ваенным будаўніцтвам на нашай дзяржаўнай тэрыторыі і казалі пра пэрспэктыву поўнага падпарадкаваньня беларускай арміі маскоўскаму камандваньню. Канкрэтна яны агледзелі месца для сваёй вялікай вайсковай базы пад Баранавічамі. Антызаходняя рыторыка гэтых спэцоў і іх крамлёўскага начальства, а таксама рэгулярныя вучэньні на тэрыторыі Беларусі з пікантным сваёй шчырасьцю элемэнтам (бомбавы ўдар па Варшаве) не пакідаюць сумневу, супраць каго будуць накіраваны гэтыя расейскія ракеты і самалёты.
А “польскі Журналіст Года” ня бачыць у гэтым “падзеі года”. Яму цікавей правесьці сьвецкую размову з “філолагам і былым лідэрам”, які гатовы сьпяваць па любых нотах. За ўсе гэтыя дні Пачобут так і не паведаміў свайму газэтнаму начальству і польскаму грамадзтву пра сьмяротную пагрозу расейскай экспансіі на Беларусь. Не, не пра пагрозу экспансіі для беларусаў. Гэта ёсьць справа беларусаў. А. Пачобут ня бачыць пагрозы для палякаў і польскай дзяржавы. Тэма практычна не існуе ў польскіх СМІ.
Ды й сапраўды, якая ёсьць неабмежаваная фантазія ў беларускіх патрыётаў! Паўсюль ім бачыцца “маскоўская пагроза”. Вось Вячорка гэтай пагрозы ня бачыць. Ён за выдачу візаў. Усе на Захад!
Глядзіш на ўсё гэта, чытаеш пра гэта і ня верыцца, што гэта не сон, не тэатр ценяў...
Крыніца: http://www.wyborcza.pl/1,75477,14075551,Bialoruskie_wladze_sa_szczesliwe__jesli_Polska_ma.html
Ян Булыга