БЕЛАРУСКІ ВАКЗАЛ. ЛЮТЫ 1917 ГОДА
Вельмі шкада стары будынак Лібава-Роменскай чыгункі, разбураны ў Менску ў 1991 годзе. Адна з сталічных газэт так і напісала ў тыя дні: “Украли вокзал”. Цяпер на гэтым месцы монстр “з шкла і бэтону”, як модна было яшчэ пры Брэжняве вызначаць савецкі ўзровень навукі і тэхнікі. Нібыта прыгожы, гістарычны будынак менскага вакзала нельга было арганічна ўключыць у кампазыцыю сучаснага чыгуначнага вузла. Але ж не, трэба было зьнішчыць, сьцерці ў пыл — “до основаньня, а затем...”
Бальшыня людзей прызвычаялася ўспрымаць вакзальныя будынкі выключна як часовы перавалачны пункт у блізкіх і далёкіх падарожжах. Многія нават і не задумваюцца над тым, колькі яркіх, часам вырашальных гістарычных падзей адбывалася ў гэтых будынках і на прывакзальнай прасторы. Зразумела, што акупацыйныя савецкія і постсавецкія ўлады прыклалі намаганьні для таго, каб беларусы і надалей не задумваліся над сваёй гісторыяй. Нават у Маскве ў самыя цемрашальскія часы больш увагі надавалася жанру “вакзальнай гісторыяграфіі”. У адной з заляў для пасажыраў на Беларускім вакзале ў расейскай сталіцы даўно вісіць мэмарыяльная шыльда. На ёй напісана, што ў гэтай залі ў чэрвені 1941 года адбылося першае харавое выкананьне вядомай песьні “Вставай, страна огромная...” Хор сьпяваў гэты гімн ВОВ для войскаў, якія накіроўваліся на Заходні фронт. Толькі пазьней стала вядома, што песьня была створана за некалькі месяцаў да 22 чэрвеня 1941 года і прадназначалася для “вызваленчай выправы Чырвонай арміі ў Заходнюю Эўропу” (Гітлер апярэдзіў “вызваліцеляў” на некалькі дзён).
Але сёньня мы вяртаемся да ранейшай гісторыі, да пачатку развалу Расейскай імпэрыі. Да дзён, калі беларусы выратавалі дэмакратычную Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года ў Петраградзе.
27 лютага (паводле старога стылю) 1917 г. Мікалай ІІ, які знаходзіўся ў Вярхоўнай стаўцы расейскай арміі ў Магілеве, урэшце зразумеў, што армія і паліцыя не даюць рады з народным паўстаньнем супраць самадзяржаўя, якое ўжо пяты дзень палала ў Петраградзе. Параіўшыся з начальнікам генштаба генэралам Аляксеевым, цар сваім загадам накіраваў у адстаўку генэрала Хабалава, які цярпеў паразу ў імпэрскай сталіцы, і прызначыў на ягоную пасаду (камандуючага сталічнага гарнізона) генэрала Іванова, надаўшы яму дыктатарскія паўнамоцтвы. У распараджэньне Іванова здымаліся з фронта і пераводзіліся ў Петраград цэлыя палкі. Але аказалася, што на паперы гэты перавод наладжваўся значна больш проста, чым у рэчаіснасьці. Генэрал Іваноў сеў у цягнік на вакзале ў Магілеве і разам з некалькімі батальёнамі паехаў у бок сталіцы. Над рэвалюцыяй, якая яшчэ не дасягнула канчатковай перамогі, навісла сьмяротная небясьпека. Але цягнік з карніцкім штабам ехаў нядоўга. А 5 раніцы 28 лютага цягнік прыбыў у Віцебск. Аднак беларускія чыгуначнікі (якія пасьпелі ўзброіцца) адмовіліся абслугоўваць карніцкі цягнік і прапускаць яго далей на Піцер. Сілы былі няроўныя, і ўрэшце рэшт пад вечар карніцкі цягнік прарваўся праз блакаду. Але быў згублены каштоўны час. Лік ішоў на гадзіны. А 12.00 таго ж дня генэрал Бяляеў вымушаны быў вывесьці апошнія верныя цару аддзелы з будынку Адміралцейства ў Петраградзе. А 16.00 рэвалюцыйныя жаўнеры злавілі і арыштавалі генэрала Хабалава. Ня ведаючы пра гэта, цар пасылаў у сталіцу тэлеграмы аб тым, што Іваноў ідзе на дапамогу. Але карніцкі цягнік быў канчаткова спынены ў Гатчыне, дзе чыгуначнікі разабралі рэйкі. Безумоўна, што беларусы сваімі рашучымі дзеяньнямі выратавалі рэвалюцыйны Петраград.
Шмат прыкметных падзеяў адбывалася на чыгуначным вакзале ў Магілеве, які быў ваеннай сталіцай Расейскай імпэрыі. Менавіта тут 7 сакавіка 1917 года (ужо пасьля адрачэньня цара) адбылася апошняя сустрэча Мікалая ІІ зь ягонай маці — Марыяй Аляксандраўнай, імпэратрыцай-удавой і прынцэсай дацкага двара. Яны некалькі гадзін сядзелі і размаўлялі (на дацкай мове) у адным з службовых будынкаў каля вакзала. Потым цягнік з дацкай прынцэсай ад'ехаў на Петраград. А на наступны дзень і сам арыштаваны ўжо цар зьявіўся на платформе вакзала. Сшыхтаваныя жаўнеры гарнізона сустрэлі яго халодным маўчаньнем. Маўчала і сьвіта. Толькі адмірал Нілаў кінуўся да Мікалая і пацалаваў яго ў руку. Калі цягнік з царом крануўся зь месца, генэрал Аляксееў зьняў папаху і нізка пакланіўся яму ўсьлед...
Згаданая сьвіта пачала разьбягацца ў розныя бакі, баючыся пакараньня ад рэвалюцыйнага народу. Міністар імпэратарскага двара барон Фрэдэрыкс падаўся на поўдзень. Але ехаў ён нядоўга. Беларускія чыгуначнікі апазналі і арыштавалі яго на станцыі Гомель. Адзін з бліжэйшых да асобы гасудара сатрапаў быў перададзены ў рукі сьледчай камісіі часовага ўраду.
Вось толькі некалькі гістарычных эпізодаў, зьвязаных з беларускім вакзаламі. Настае час летніх падарожжаў. Калі вы будзеце пасьпешліва або нетаропка купляць квіткі, ісьці на платформу або проста крочыць праз вакзальную прастору нашых гарадоў і мястэчак, то не будзьце глухімі. Пачуйце голас Гісторыі.
Валеры Буйвал