ПРАЦА МНОГІХ ПАКАЛЕНЬНЯЎ БЕЛАРУСАЎ ЗЬНІШЧАЕЦЦА

(Чэрвеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

9 чэрвеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, а таксама сябры Сойму сп. Валеры Буйвал і сп. Алесь Чахольскі.

Выступоўцы казалі пра апошнюю атаку антыбеларускіх сілаў на Народны Мэмарыял у Курапатах. Тое, што гэтыя сілы прадставілі як “агульнанацыянальную талаку”, аказалася акцыяй разбурэньня нашай Сьвятыні. Але дзеяньні сяброў нашай партыі па вызначэньню межаў ахоўнай тэрыторыі Народнага Мэмарыялу, фактычна, сарвалі правакацыю, ў якой замешаны антыбеларускі рэжым.

Беларусы ўражаны актыўнасьцю расейскага кіраўніцтва па мілітарызацыі тэрыторыі і рэсурсаў Беларусі дзеля падрыхтоўкі да ваенных дзеяньняў Расеі супраць краінаў Заходняй Эўропы. Нашыя людзі зьдзіўлены таксама, што абсалютна адкрытыя, дэкларатыўныя дзеяньні і заявы Расеі што да яе ваеннай прысутнасьці ў Беларусі не знаходзяць нават найменшага адлюстраваньня ў СМІ Заходняй Эўропы. Ці яны разумеюць, што адбываецца?

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра тактыку “выпаленай зямлі” (або “зачысткі”) у шэрагу раёнаў Беларусі. Калі вымірае апошні жыхар беларускай вёскі, мясцовая адміністрацыя выклікае бульдозэры і закопвае ўсе дамы, што засталіся ў вёсцы. Мясцовыя прадпрыймальнікі спрабуюць выкупіць цагляныя будынкі гэтых паселішчаў, што вызначаны пад зьнішчэньне. На іх ніхто не зьвяртае ўвагі. Каштоўнасьці, праца многіх пакаленьняў беларусаў зьнішчаюцца. З другога боку, беларусы, якія вярнуліся з працы ў Расеі, распавядаюць пра расейскую “сацыяльную справядлівасьць”. Бывае, што беларусы афіцыйна (з запаўненьнем усіх дакумэнтаў) уладкаваліся на легальную працу ў Расеі. Беларусы працавалі на будоўлях, электрастанцыях, заводах. І вось яны вырашылі звольніцца і вярнуцца ў Беларусь. Дык расейская дырэкцыя выдала ім працоўныя кніжкі, дзе не пазначана, што яны працавалі гэтыя гады. Зразумела, што гэта робіцца ў чужой дзяржаве, каб беларусы не маглі прэтэндаваць на пэнсіі з Расеі. Так робяць афіцыйныя расейскія жулікі.

Сойм абмеркаваў захады па супраціву расейскай агрэсіі ў Беларусі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

9 чэрвеня 2013 г.