“ЗЬНІКЛІ” АЛІМПІЙСКІЯ МІЛЬЯРДЫ
31 траўня швэдская газэта “Dagens Nyheter” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:
Расейскі ўрад абвінавачваецца ў раскраданьні адпаведніка 188 мільярдаў крон. Грошай, якія былі праызначаны для Зімовых Алімпійскіх Гульняў 2014 г. у Сочы ў паўднёвай Расеі.
Абвінавачваньні прагучалі ў сувязі з дакладам, падрыхтаваным расейскім апазыцыйным лідэрам Барысам Нямцовым, а яшчэ раней міністрам Леанідам Мартынюком. Паводле іхных падлікаў, няма ў наяўнасьці больш за палову з 50 мільярдаў даляраў, праызначаных для будаўніцтва гатэляў, дарог, чыгунак і спартовых аб'ектаў для маючых адбыцца Алімпійскіх Гульняў, піша The Telegraphe.
“Зімовыя Алімпійскія Гульні ў Сочы ператварыліся ў пачварны падман”, — пішуць аўтары ў сваім дакладзе.
Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін раней выказаў сваё расчараваньне ў сувязі з ростам коштаў гульняў. Зімовая Алімпіяда рызыкуе стацца найдаражэйшай у гісторыі.
Нямцоў і Мартынюк пішуць у дакладзе, над якім яны працавалі шэсьць месяцаў, даказваючы, што разрабаваныя грошы могуць прывясьці да людзей у атачэньні прэзыдэнта.
“Алімпійскія гульні — гэта асабісты праект Пуціна, і зразумела, хто скраў грошы, — тыя, што стаяць побач з Пуціным”, — пішуць яны.
Можна сказаць, на ўсе будаўнічыя праекты былі заключаны кантракты з фірмамі, якімі альбо валодае ўрад, альбо мільярдэры, што ў блізкіх адносінах з Крамлём, — падае The Telegraphe.
Аўтары абвінавачваюць урад у тым, што ён заплюшчваў вочы на карупцыю, пра якую апазыцыя ў Маскве і арганізатары ў Сочы пісалі і паведамлялі ў блогах на працягу месяцаў. Барыс Нямцоў спадзяецца, што пракуроры і сьледчыя зоймуцца іхным дакладам.
Расейскі ўрад дагэтуль не даў адказу на абвінавачваньні.
Яакім Сюндбэрг
(Пераклаў з швэдскай В. Буйвал)
“Героі Савецкага Саюза”, новыя Гдлян і Іваноў, Ягораў і Кантарыя ці як там яшчэ... Нямцоў і Мартынюк адкрылі карупцыйную Амэрыку — нехта скраў алімпійскія рэзэрвы “партіі власті”. Гэта ёсьць сапраўды сэнсацыйная навіна. Толькі ёсьць адно але. Беларускія рабочыя і інжынэры, якія пабылі на сочынскай мафійнай алімпійскай будоўлі, даўно ўсё нам тут распавялі — ужо некалькі гадоў таму. Мільярды грошай кралі-кралі, вывозілі-вывозілі (і надта з гэтым ня крыліся), пра гэта ведалі нават беларускія будаўнікі, а Нямцову з Мартынюком гэта стала вядома толькі шэсьць месяцаў таму. І на працягу паўгода, што яны пісалі свой “даклад”, грошы працягвалі красьці і вывозіць. Потым на пачатку сёлетнега траўня у Лёндан уцёк адзін каўказец, які быў галоўным заўхозам Сочаў і всея Каўказа. Ён скраў столькі грошай, што ня хоча вяртацца ў Расею. Мяркуем, што тэма “даклада” з гэтага моманту і пачалася.
Цікава, што за гады сочынскай будоўлі пра ўсё гэта ня ведаў і не здагадваўся Пуцін, галоўны начальнік усяго і прафэсіянал службаў, у якіх прынята быць недаверлівым да людзей. Вось як!
А цяпер з кантэкста паведамленьняў пра сьмелага ўскрывальніка карупцыі Нямцова паспрабуйце здагадацца, каго будуць перасьледваць новыя Гдлян-Іваноў і, галоўнае, каго яны будуць прыкрываць у сваім “дакладзе”? Здагадаліся? Малайцы! У Маскве гэта заўсёды называлася “Сталін нічего не знал” або “Івана Грозного обманывалі”.
Хаўрус з запіснога “апазыцыйнага лідэра” і крамлёўскага міністра не хавае, што робіць усё, каб адцерці з гэтай расстрэльнай па маштабах справы Пуціна — “Он нічего не знал”. І робячы гэта, агонь на сябе прымае знаёмы па візытах у Менск апазыц-Нямцоў. З Крамля-Лубянкі прагучаў сьвісток, і ён зрабіў стойку, а потым віляючы хвастом пабег разам з міністрам Мартынюком “выгрызаць карупцыю”. Падчас апрычніны такія спэцы на падхваце называліся выразна — “псы государевы”.
Мяркуем, што ўскрывальніцтва алімпійскай карупцыі скончыцца кароткім вэрдыктам — “кралі ўсе, акрамя Пуціна”.
Ян Булыга