РАСЕЙСКІЯ АКУПАНТЫ Ў ГРУЗІІ
28 траўня летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала артыкул пад тытулам “Грузія запатрабавала ад міжнароднай супольнасьці адрэагаваць на дзеяньні Расеі”. Вось гэты артыкул:
Міністэрства замежных справаў Грузіі выказала “занепакоенасьць” выкарыстаньнем калючага дроту на памежнай лініі з сэпаратысцкімі рэгіёнамі краіны.
Такія дзеяньні расейскага войска “парушаюць межы Грузіі, прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, і груба парушаюць пагадненьне аб спыненьні агню ад 12 жніўня 2008 г.”, — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай у аўторак Міністэрствам замежных справаў Грузіі.
Такія дзеяньні парушаюць і правы жыхароў канфліктных раёнаў, зачыняюць шлях для іхнага свабоднага перамяшчэньня і абмяжоўваюць іншыя іхныя сацыяльныя, грамадзкія, культурныя і эканамічныя правы. Такія дзеяньні выклікаюць вялікую заклапочанасьць аб бясьпецы ў рэгіёне, бо там не функцыянуюць ніякія міжнародныя мэханізмы, гаворыцца ў заяве.
Міністэрства замежных справаў Грузіі заклікала Расейскую Фэдэрацыю ліквідаваць загароджы з калючага дроту ў Абхазіі і Паўднёвай Асэціі, выканаць усе пункты пагадненьня ад 12 жніўня 2008 г. і вывесьці войскі з сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі.
“Грузія вымушана праінфармаваць аб сытуацыі, што склалася, сваіх міжнародных партнёраў, міжнародную супольнасьць, спадзяючыся, што яны адпаведна адрэагуюць на бяспраўныя дзеяньні”, — гаворыцца ў заяве.
У 2008 г. уноч на 8 жніўня на тэрыторыі Грузіі, у Паўднёвай Асэціі распачаліся шырокамаштабныя ваенныя дзеяньні. Пазьней расейская армія заняла Цхінвалі і адцясьніла грузінскіх вайскоўцаў. На прыканцы жніўня Расея прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэціі і Абхазіі. У адказ на гэты крок Расеі Тбілісі разарваў дыпламатычныя адносіны з Масквой і абвясьціў дзьве непрызнаныя рэспублікі акупаванымі тэрыторыямі.
ELTA і lrytas.lt inf.
(Пераклаў з летувіскай В. Буйвал)
Крыніца: http://www.lrytas.lt/pasaulis/ivykiai/gruzija-reikalauja-is-tarptautines-bendruomenes-reakcijos-i-rusijos-veiksmus.htm
Не сунімаецца злачынная імпэрыя, ставіць новы “берлінскі мур” на акупаванай зямлі Грузіі. Масква імкнецца да эскалацыі канфлікта, распаленага Імпэрыяй яшчэ на пачатку 1990-х гадоў. Расея ня можа жыць без калючага дроту, правакацый, акупацый, без вайны.
Але ворагу чалавецтва супрацьстаіць мужны грузінскі народ, яго нацыянальная армія, на баку якіх ёсьць сымпатыі і падтрымка ўсяго дэмакратычнага сьвету. Народы шануюць, а палітыкі падтрымліваюць тых, хто бароніць айчыну ад агрэсараў. Тых, хто раўнадушны да ўласнага лёсу і нацыянальных каштоўнасьцяў, не шануюць і не падтрымліваюць.
Павел Гулевіч