КРЫМСКІЯ ТАТАРЫ СЬКІНУЛІ КОНСУЛА РАСЕІ

18 траўня крымскататарскі народ ўшаноўвае памяць сваіх ахвяраў сталінскай Дэпартацыі 1944 года. У гэты дзень сёлета генконсул Расеі ў Акмэсджыдзе (Сімфэропалі) Ул. Андрэеў публічна апраўдаў злачынства расейска-савецкіх акупантаў, падкрэсьліўшы, што ягоная заява адлюстроўвае афіцыйную пазыцыю сёньняшняй Расеі.

Крымскія татары адэкватна ацанілі агрэсіўную заяву прадстаўніка Крамля на сваёй зямлі і распачалі дэманстрацыі пратэста насупраць будынка генконсульства Расеі ў Акмэсджыдзе. Удзельнікі дэманстрацыі прынялі рэзылюцыю, у якой гаворыцца:

“У даваццатым стагоддзі эўрапейскія краіны выпрабавалі на сябе два магутных таталітарных рэжымы, нацыстоўскі і сталінскі, якія прынесьлі генацыд, парушэньні правоў і свабодаў чалавека, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва.

Галакост, Галадамор, Дэпартацыі, сотні мільёнаў бязьвінна забітых людзей розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў — вынік злачынстваў, зьдзейсьненых фашыстоўскім і камуністычным рэжымамі ХХ стагоддзя. (...)

Адкрытыя і публічныя заявы Генэральнага консула Расейскай Фэдэрацыі ў г. Сімфэропалі сп. Андрэева Уладзіміра апраўдваюць злачынствы супраць чалавечнасьці, зьдзейсьненыя рэжымам Сталіна, якія выявіліся ў гвалтоўнай дэпартацыі крымскататарскага і іншых народаў былога СССР з сваіх земляў, масавых рэпрэсіях і забойствах мільёнаў людзей розных нацыянальнасьцяў, зьяўляюцца ня толькі зьнявагай памяці забітых, але і нясуць непасрэдную пагрозу рэстаўрацыі таталітарнага рэжыма, уносяць міжнацыянальную варожасьць і нянавісьць ва ўкраінскае грамадзтва. (...)

Мы, удзельнікі пікета каля Генэральнага консульства Расейскай Фэдэрацыі ў Сімфэропалі, патрабуем:

Ад Прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Пуціна Ул. Ул. неадкладна адклікаць Генэральнага консула Расейскай Фэдэрацыі ў Сімфэропалі сп. Андрэева Уладзіміра. (...)

(Канец цытаваньня).

Салідарны выступ крымскататарскіх патрыётаў завяршыўся перамогай. Ужо 24 траўня генконсул Андрэеў сабраў журналістаў і заявіў, што падае ў адстаўку. Зразумела, што гэты дэмарш зроблены на загад маскоўскага начальства, якое зразумела — крымскія татары ня спыняцца на паўдарогі і будуць да канца бараніць свой гонар і сваю народную памяць.

Патрыёты заявілі, што будуць працягваць пікетаваньне генконсульства РФ да моманту, пакуль Андрэеў не пакіне тэрыторыю Крыма.

Крыніца: http://www.qtmm.org/

Валеры Буйвал