НЯМЦОЎ ХЛУСІЎ ЭСТОНЦАМ
25 траўня латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Нямцоў: Дыктатура ў Расеі больш сур'ёзная, чым у Беларусі. Вось гэты артыкул:
Былы віцэ-прэм'ер Расеі Барыс Нямцоў заявіў, што Расея адыйшла ад дэмакратыі ў дыктатуру, і цяпер становішча ў краіне значна горшае, чымсьці ў Беларусі, — паведаміла эстонская газэта “Postimees”.
“Напрыклад, у нас больш палітзьняволеных, чым у Беларусі. Здаецца, што дыктатура ў Расеі больш сур'ёзная, чым у Беларусі. Напрыклад, закон пра замежных агентаў. Аляксандр Лукашэнка нічога такога ня ўвёў,” — паведаміў Нямцоў на канфэрэнцыі ў Таліне.
“Папулярнасьць Уладзіміра Пуціна ўпала і цяпер рэйтынг падымаюць з дапамогай пошука ворагаў. Галоўным унутраным ворагам, зразумела, зьяўляецца расейская апазыцыя. Я таксама зьяўляюся ворагам”, — сказаў Нямцоў. Паводле ягоных словаў, ворагам зьяўляецца таксама адзін з найбольш прыкметных апазыцыйных лідэраў Аляксей Навальны. “Супраць яго цяпер распачаты пяць судовых справаў, бо Пуцін яго баіцца па прычыне таго, што Навальны — адзін з лідэраў барацьбы з карупцыяй”.
“Наступныя ўнутраныя ворагі — гэта недзяржаўныя арганізацыі. Пуцін ненавідзіць незалежныя аб'яднаньні. Напрыклад, Transparency International, якая дасьледуе ўзровень карупцыі ў многіх краінах, таксама абвешчана замежным агентам, гэта значыць, шпіёнам”, — сказаў Нямцоў. “У Пуціна няма сяброў”.
LETA
(Пераклаў з латышскай В. Буйвал)
Крыніца: http://www.diena.lv/pasaule/nemcovs-diktatura-krievija-ir-nopietnaka-neka-baltkrievija-14009435
Не-е-е, таварыш Нямцоў, у Пуціна ёсьць сябры. Гэта Вы, згаданы Вамі Навальны і ўся маскоўская апазыц-камарылья. Зразумела, што гэта няшчырыя сябры, гатовыя ў любы момант здаць свайго Вялікага Сябра. Але сутнасьці справы гэта не мяняе. Менавіта фэномэн пад назовам “руская дэмапазыцыя” забясьпечыў выжываньне і ўмацаваньне гэбоўскага рэжыму ў Расеі, фэномэн, фактычна, выратаваў маскоўскую імпэрыю. На пачатку 1990-х Нямцоў, Хакамада і шэраг іншых “дэмакратаў” пайшлі ва ўладу, забясьпечыўшы гэбізму фальшывы выгляд плюралізма і дэмакратыі. Іх пратрымалі там нядоўга, а потым выкінулі назад — на падстаўныя ролі гукальшчыкаў ад “апазыцыі”. Нам Нямцоў і іншыя запомніліся візытамі ў Беларусь і дэманстрацыяй “расейскай салідарнасьці” з адыёзнымі асобамі кшталту Лябедзькі, Мілінкевіча і Вячоркі. Яны круцілі цёмныя палітычныя і фінансавыя гэшэфты разам з менскай псэўдаапазыцыяй. І шмат што з гэтых гэшэфтаў ужо раскрылася.
Галоўным крымінальным дзеяньнем гэтай публікі ёсьць іхная актыўная мітусьня на лубянскіх выбарчых фарсах у Расеі і Беларусі. Нямцовы і іхныя сябручкі ў Менску прыклалі шмат намаганьняў, каб забясьпечыць антынародным рэжымам яўку выбаршчыкаў на ўчасткі. Як галасавалі гэтыя людзі, было няважна — галоўнае, што яны прыйшлі і зарэгістраваліся. Вынікам гэтых злачынных дзеяньняў псэўдаапазыцыі былі “элегантныя перамогі” Лукашэнкі і яго маскоўскіх адпаведнікаў. Пасьля гэтых “перамог” нямцовы вялі тысячы людзей пад лёзунгамі “Нас падманулі!” на бессэнсоўныя маршы, у тупікі і пад жорсткія ўдары дыктатуры. Дзіўным чынам нічога зь нямцовымі ніколі не здаралася. Яны дагэтуль ваяжыруюць па сьвеце і камфортна вяшчаюць на канфэрэнцыях, параўноўваючы маскоўскую і менскую дыктатуры.
У Таліне (як і паўсюль) Нямцоў хлусіў і не дагаворваў. Ён не сказаў, што беларускай дыктатуры (“менш сур'ёзнай”) у прыродзе няма, а ёсьць васальны антыбеларускі рэжым, кіруемы Масквой. Праўду ён ніколі ня скажа. Чалавек на службе, служба ў яго такая.
Ян Булыга