“РАСЕЙЦЫ ЛЮБЯЦЬ БРЭЖНЕВА”

22 траўня польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Леанід Брэжнеў — гэта лепшы кіраўнік у гісторыі Расеі — такую ацэнку былому сакратару Камуністычнай Партыі Савецкага Саюза паставілі расейцы.

Аналітычны цэнтар Юрыя Лявады апытаў грамадзянаў Фэдэрацыі пра ўсіх кіраўнікоў дзяржавы ад пачатку ХХ стагоддзя. Як тлумачыць газэта “Коммерсант”, апытаньне не ахапіла прэзыдэнтаў Расеі, якія былі пры ўладзе пасьля 2000 года, а менавіта Уладзіміра Пуціна і Дзімітрыя Мядзьведзева.

Расейцы станоўча ацанілі цара Аляксандра ІІ, Уладзіміра Леніна і Ёсіфа Сталіна. Аднак больш за ўсё галасоў атрымаў Леанід Брэжнеў, які кіраваў у Савецкім Саюзе ў 1964-1982 гадах. Вельмі нізкія ацэнкі атрымалі Міхаіл Гарбачоў і Барыс Ельцын.

Як патлумачылі сацыёлагі, бальшыня савецкіх кіраўнікоў асацыюецца ў расейцаў з посьпехамі і стабільнасьцю. А Міхаіла Гарбачова лічаць тым, хто зьнішчыў савецкую магутнасьць. Гады кіраваньня Барыса Ельцына лічаць пэрыядам хаосу і ўпадку дзяржавы.

Polskie Radio

(Пераклаў з польскай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1011843-Rosjanie-kochaja-Brezniewa.html

Зразумела, што ніякім “сацапытаньням” у гэбоўскай Расеі няма даверу. Канкрэтна няма даверу і “цэнтру Лявады”, які даўно ідэнтыфікаваны як інструмэнт лубянскага рэжыму. Але сама па сабе чарговая маніпуляцыя статыстыкай знакавая. Па ўсім сьвеце некалькі месяцаў таму праляцела зьвестка аб тым, што расейцы амаль пагалоўна абралі сваім сацыялагічным кумірам Сталіна. Мільёны людзей пачалі сьмяяцца, паказваць на расейцаў пальцам ды даваць адэкватныя камэнтары іхнай манеры думаньня і мэнтальнасьці. Шум доўга ня сьцішваўся. Ажно ў Крамлі-Лубянцы схамянуліся і далі “цэнтру Лявады” новую ўводную. У выніку лідэрам ХХ стагоддзя аказаўся “дарагі Леанід Ільліч”. Дысторцыя выпраўлена!

У прынцыпе нам, беларусам, абсалютна ўсё роўна, каго яны за ўсходняй мяжой лічаць геніямі і божышчамі і наколькі маскоўскія статыстыкі зьяўляюцца праўдзівымі. Будзем талерантнымі: няхай куражуцца, як ім хочацца. Няхай на Краснай плошчы паставяць маўзалей Чынгіс-хана (“ведь это же наша історія!”) і адбіваюць яму паклоны да гузоў на ілбах. Ёсьць толькі адна ўмова — ня лезьце да нас з сваімі ідаламі, пакіньце Беларусь у спакоі, не турбуйце наш народ. Жывіце сваім ардынскім укладам.

Валеры Буйвал