ЖОНКА ЛІЦЬВІНЕНКІ РАСЧАРАВАНАЯ ПАЗЫЦЫЯЙ УРАДУ КЭМЭРАНА

18 траўня польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Марына, удава памерлага супрацоўніка КГБ і ФСБ Аляксандра Ліцьвіненкі, абвінаваціла начальніка брытанскага МЗС Уліьяма Хэйга і прэм'ера Дэвіда Кэмэрана ў тым, што яны сабатуюць сьледства па высьвятленьню абставінаў сьмерці ейнага мужа — паведамляюць СМІ.

Суддзя Робэрт Оўэн паінфармаваў, што выключыў з справы, пададзенай у судова-мэдычную экспэртызу (каранарны суд), доказны матэр'ял, зь якога вынікае, што за сьмерцю Ліцьвіненкі стаіць расейскі дзяржаўны апарат, у чым быў перакананы і сам Ліцьвіненка. Суддзя пастанавіў таксама засакрэціць сьледства ў частцы, у якой ставілася задача высьветліць, ці брытанская выведка (МІ6) магла запабегчы забойству.

43-гадовы Ліцьвіненка памёр у лістападзе 2006 г. у выніку атручваньня ізатопам палонія, які яму падалі ў гарбаце падчас спатканьня з былымі калегамі па службе ў гатэлі ў Лёндане. У Вялікай Брытаніі ён меў палітычны прытулак, а нязадаўга да сьмерці ён атрымаў брытанскае грамадзянства. Улады Расеі адмовілі брытанцам выдаць падазраваных у забойстве Андрэя Лугавога і Дзімітрыя Коўтуна.

Ня маючы магчымасьці высьветліць праўду пра сьмерць Ліцьвіненкі шляхам крымінальнага сьледства, ягоная ўдава і яго сябры дамагаліся публічнага разьбіральніцтва ў судова-мэдычнай экспэртызе (каранарным судзе), якая разглядае справы, у якіх сьмерць не настала з натуральных прычын.

З патрабаваньнем аб засакрэчваньне некаторых аспэктаў сьледства ў каранарным судзе выступіў у лютым на папярэднім этапе разьбіральніцтва начальнік брытанскага МЗС, якому падпарадкоўваецца выведка, з улікам інтарэсаў дзяржаўнай бясьпекі і патэнцыйнай шкоды для міжнародных адносін.

— Вынікам рашэньня суддзі Оўэна ёсьць тое, што асобы, абвінавачаныя ў забойстве брытанскага грамадзяніна на вуліцах Лёндана пазьбегнуць пакараньня, а ўлады Расеі будуць мець магчымасьць схавацца за заслонай сакрэтнасьці, спасылаючыся на пастановы Уільяма Хэйга, якога падтрымаў прэм'ер Дэвід Кэмэран — заявіла Марына Ліцьвіненка.

Яна нагадала, што “за апошні год паступала ўсё больш сігналаў аб тым, што Лёндан абраў шлях патаемнага палітычнага пагадненьня з Крамлём”.

Ліцьвіненка зьвярнула ўвагу ў гэтым кантэксьце на ўсё больш цёплыя сустрэчы Хэйга зь ягоным расейскім калегай Сяргеям Лаўровым і на нядаўні візыт прэм'ера Кэмэрана ў Сочы, дзе ён размаўляў з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным сярод іншага пра сытуацыю ў Сірыі. Пасьля той сустрэчы абодва бакі далі інфармацыю аб аднаўленьні супрацоўніцтва выведак, якое было спынена ў 2007 г.

— Гэта чорны дзень для брытанскай юстыцыі, якая да гэтай пары карысталася шанаваньнем у сьвеце, і сумны прэцэдэнт для ўсіх тых, хто з такой вялікай адданасьцю імкнуўся дэмаскаваць злачынную змову, якая дзейнічае з падачы Крамля, — дала ацэнку Ліцьвіненка.

Суддзя Оўэн прызнаў, што вынікам каранэрскага сьледства, прызначанага апошнім часам на пачатак кастрычніка, можа быць “няпоўны, памылковы і нават неадпаведны” вэрдыкт.

Ліцьвіненка зьвярнулася пісьмова да суддзі Оўэна з заклікам, каб ён замест сьледства ў каранэрскім судзе распачаў бы публічнае разьбіральніцтва, падчас якога частка засакрэчанага матэр'ялу магла б разглядацца на закрытым паседжаньні.

— Выглядае так, што брытанскі ўрад больш непакоіцца (пэрспэктывай) выкарыстаньня хімічнай зброі ў Сірыі, чым яе (фактычным) выкарыстаньнем на вуліцах Лёндана — пракамэнтаваў справу сябра Ліцьвіненкі Алекс Гольдфарб, аўтар кнігі “Сьмерць дысідэнта”, у выказваньні, працытаваным газэтай “Guardian”.

— З другога боку, (засакрэчваньне і выключэньне з сьледства доказаў, якія паказваюць на ўдзел расейскай дзяржавы) зьяўляюцца фактам прызнаньня брытанскім урадам таго, што расейская дзяржава нясе віну (за забойства Ліцьвіненкі), таму што ў адваротным выпадку Лёндан не патрабаваў бы імунітэту для гэтай справы — зазначыў ён.

Ліцьвіненка быў вядомым крытыкам кіраваньня Уладзіміра Пуціна, якога ён абвінаваціў сярод іншага ў забойстве апазыцыйнай журналісткі Ганны Паліткоўскай. Ён праводзіў таксама прыватныя рассьледваньні і зь ведама МІ6 быў кансультантам іспанскай выведкі ў справе расейскіх злачынных груповак на Ібэрыйскай паўвыспе.

pap

(Пераклаў з польскай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/30,1010776-Zona-Litwinienki-rozczarowana-postawa-rzadu-Camerona.html