ЛУБЯНСКАЯ “САМАДЗЕЙНАСЬЦЬ”
Увечары 9 траўня (на “День Победы”) у цэнтры Масквы адбылася “апазыцыйная акцыя”. Некалькі чалавек раптам выскачылі на праезжую частку вуліцы Цьверскай, разгарнулі доўгую расцяжку і запалілі банэры. На чорным фоне расцяжкі было напісана “Смерть кремлёвским оккупантам!” У Сеціве быў таксама выстаўлены “Зварот удзельнікаў акцыі “Сьмерць крамлёўскім акупантам”. Пацытаваць гэты “дакумэнт” цікава: “У Путина получилось то, что не удалось Гитлеру. Россия фактически стала колонией... А любой протест оккупанты нещадно карают... Согласны ли вы терпеть это дальше? Мы, радикальные гражданские активисты, — не согласны”.
Якія ж высновы робяць з сваіх пасылаў гэтыя “радыкальныя актывісты”? А вось якія: “Смерть узурпатору Путину! Россия будет свободной. Путин будет казнён”.
Што ж, крута замешана. Эсэрам, “Народнай Волі” і “Чорнаму перадзелу” такое ня сьнілася.
Праз некалькі хвілін да “актывістаў” наблізіліся паліцманы, адабралі ў іх расцяжку і павязалі. Потым некалькім “актывістам” далі суткі (ад 10 да 15) адміністрацыйнага арышту. Ніхто раней нічога пра іх ня чуў, невядомымі былі імёны гэтых “радыкалаў”. Дарэчы, беларусы, разглядаючы фотаздымкі з гэтай правакацыі ў Сеціве, апазналі сярод удзельнікаў такога Максіма Вінярскага. Гэты менскі маладзён, вядомы сваім удзелам у псэўдаапазыцыйных правакацыях на тэрыторыі Беларусі, ужо задзейнічаны “славнымі органамі” у Маскве (расьце па службе).
Кур'ёзнае, трэба прызнаць, маскоўскае наватарства. У нас яшчэ такога не было, каб пасярод сталіцы нехта патрабаваў сьмерці вышэйшаму начальству. Спадзяемся, што такога ў нас і ня будзе. Таму што маскоўская акцыя і яе ўдзельнікі-“радыкалы” выклікаюць пэўныя пытаньні. Купка людзей ставіць глабальныя лёзунгі, але нават ніяк не аформілася як групоўка або арганізацыя. У нас у Беларусі “грамадзянскімі актывістамі” звычайна “дэмСМІ” называюць асобаў, якія не прысьцёбнуты ні да якіх псэўдаапазыцыйных структурак. Класічным прыкладам гэтага амплуа быў сумна вядомы правакатар Слава Сіўчык.
Цяпер пытаньні наконт крыважэрных лёзунгаў маскоўскіх “радыкалаў”. Нават падчас жорсткіх Ангельскай і Французкай рэвалюцый вышэйшых асобаў судзілі, даказвалі іхную віну, зачытвалі прысуд, а ўжо потым вялі на пакараньне. Маскоўскія радыкал-дзеячы не абяцаюць Ул. Пуціну суда і вельмі празрыста заяўляюць пра пазасудовую расправу. Наогул ад усяго іхняга крыку, чорнай фарбы нагляднай агітацыі і мельцяшэньня з агнём у нармальных людзей павінны ўзьнікнуць выключна адмоўныя эмоцыі ў адносінах да гэтых дзеячаў, якія выскачылі аднекуль, як Піліп з канапель і закрычалі: “Сьмерць! Сьмерць!” Ды яшчэ зрабілі гэта на 9 траўня, у дзень, калі нармальныя людзі імкнуцца думаць пра мір. Зьдзіўляе таксама рэакцыя рэжыму, які “нешчадно карает”, паводле заявы “радыкалаў”. За заклікі да забойства (ды яшчэ вышэйшай службовай асобы краіны) “карнікі” пакаралі “рамантыкаў” банальнымі суткамі.
Акцыя ў цэнтры Масквы безумоўна была правакацыяй. Правакацыяй таго рэжыму, супраць якога нібыта выступалі ўдзельнікі. Змрочныя паяцы з сваёй чорнай расцяжкай павінны паказаць расейскаму грамадзтву, “якіх экстрэмістаў стрымлівае ўлада Пуціна”. Каб ні гэтая ўлада, то Расеі маўляў канец. Ну вось, “экстрэмістаў” лёгка разагналі, засьвяцілі іхны непрывабны выгляд, ачысьцілі вуліцу ў сьвяточны дзень.
Почырк добра знаёмы нам па канторскіх правакацыях, што ня раз наладжваліся ў Менску і іншых гарадах нашай краіны. Самая вялікая такая правакацыя ўдалася псэўдаапазыцыі 19 сьнежня 2010 года, калі падстаўныя псэўды завялі дзесяткі тысячаў беларускай патрыятычнай моладзі ў паліцэйскую пастку і пад удар дыктатуры.
Нельга ісьці за фальшывымі папамі-гапонамі. Заўсёды трэба прадумваць свае дзеяньні і пажадана параіцца з вопытнымі людзьмі. Ня трэба служыць расходным матэр'ялам для правакатараў.
Сяргей Камароўскі