МАСКОЎСКІ ГАСТРАЛЁР У АКУПАВАНАЙ ПРАВІНЦЫІ МАЛДОВЫ

10 траўня румынская газэта “Evenimentul Zilei” апублікавала артыкул пад тытулам “Дзімітры Рагозін: непрадуманыя ўцёкі Рэспублікі Малдова ў Брусэль не атрымаліся”. Вось гэты артыкул:

Палітычная арыентацыя Кішынёва зьяўляецца важнай справай з геастратэгічнага і геапалітычнага пункту гледжаньня, заявіў спэцпрадстаўнік прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі па Трансністрыі (Прыднястроўю), віцэ-прэм'ер Дзімітры Рагозін на прэс-канфэрэнцыі, што адбылася ўчора ў Ціраспалі.

“Справа вельмі важная, таму што, на маю думку, цяпер мы становімся сьведкамі крызісу ў Малдове, які пацьвярджае, што непрадуманыя ўцёкі ў Брусэль не ўдаліся. І не ўдадуцца ніколі ў будучыні, паверце мне. Я працаваў на працягу многіх гадоў у эўрапейскай сталіцы Брусэлі”, — сказаў Рагозін, працытаваны агенцыяй Unimedia.

Паводле словаў афіцыйнага прадстаўніка Расеі, Маскве не спадабаліся дзеяньні афіцыйных асобаў Кішынёва, што мелі на мэце “штучную ізаляцыю рэгіёна (Трансністрыі)”.

“У першую чаргу церпяць людзі, якія апынуліся ў вельмі цяжкой сытуацыі. Мы бачым спробы штучна ізаляваць рэгіён. Нам не падабаюцца такія дзеяньні”, — паведаміў Рагозін.

Дзімітры Рагозін прыбыў зь неафіцыйным візытам у Рэспубліку Малдову, падчас якога не сустрэўся з афіцыйнымі асобамі Кішынёва, але накіраваўся ў сэпаратысцкі рэгіён на ўсходзе Рэспублікі Малдова, які знаходзіцца пад кантролем прарасейскага рэжыму.

Паўль Чакою

(Пераклаў з румынскай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.evz.ro/detalii/stiri/dimitri-rogozin-fuga-nesabuita-a-republicii-moldova-la-bruxelles-nu-a-mers-1036708.html

Трэба нагадаць, хто такі гэты “гуманіст” Д. Рагозін, які так дбае аб “людзях, што церпяць”. Гадоў дзесяць таму Крэмль паслаў яго ў Пхэньян з азнаямляльнай місіяй. Вярнуўшыся, Рагозін сабраў прэс-канфэрэнцыю ў Маскве. Сярод іншага журналісты спыталіся ў яго: “Вы так прыгожа распавядаеце пра посьпехі П. Карэі. А вядома, што там грамадзяне рвуць траву ў парках, бо ня маюць што есьці. Што вы скажаце?” Рагозін і брывом не павёў, адказаў: “Трава зьяўляецца элемэнтам традыцыйнай карэйскай кухні...”

Бадзёры лубянец Рагозін (ён набывае палітычную вагу і адначасова тлусьцее з кожным годам) — адзін з самых цынічных крамлёўскіх тыпаў. Ён ніколі не крыецца. Калі параўноўваць з сталінскай парой, то ён нагадвае якога небудзь Дзеканозава (той быў такім гнюсным тыпам на дыпламатычнай арэне, што крамлёўскія сябрукі яго арыштавалі і ліквідавалі адразу пасьля сьмерці Сталіна, каб не псаваў новы краявід). Рагозін гатовы рабіць любыя агрэсіўныя і нахабныя дэкларацыі. Так ён паводзіў сабе і ў Брусэлі. І не таму, што ў яго індывідуальная манера такая. Такім ёсьць ягонае амплуа ў крамлёўскім сцэнары. Вось і цяпер страшылка запалохвае Малдову, каб не арыентавалася на Эўропу, а трымалася за акупанцкую Маскву. У расперазанай манеры Рагозін робіць гэта з тэрыторыі правінцыі Малдовы, якая акупавана расейскай арміяй. Цалкам магчыма, што яшчэ сёлета Рагозін заявіцца ў нашу Беларусь і будзе пагражаць Польшчы і НАТО (тады чакай бяды).

Журналісты некалі нагадалі яму пра траву. Малдаване маглі б цяпер нагадаць Маскве пра падзеі 1991-92 гадоў. Пасьля распаду СССР “новая расейская дэмакратыя” учапілася ў Малдову, каб не дапусьціць нармальнага разьвіцьця і тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны. Над Малдовай навісла пагроза поўнай акупацыі масквой пасярод неразьбярыхі першага постсавецкага года. Народ падняўся на абарону сваёй зямлі. У бой з акупантамі ўступілі атрады дабраахвотнікаў і аддзелы малдаўскай арміі. Ад разгрома маскоўцаў выратавалі тэрмінова дасланыя падмацаваньні рэгулярнай арміі і кіраўніцтва захопніцкай апэрацыяй генэралам Лебедзем (сапраўды лепшым у расейскім генэралітэце). Акупантам удалося замацавацца на палосцы зямлі за Днястром і нават утварыць там марыянэткавую квазідзяржаўку, не прызнаную ў сьвеце. Але будучыні ў маскоўскага акупанцтва на малдаўскай зямлі няма. Народ абавязкава вызваліць правінцыю сваёй дзяржавы, а захопнікам прыйдзецца ўцякаць у Расею.

Сымон Рудзік