ОЦІНГЭР: СЛАНЦАВЫ ГАЗ МОЖА БЫЦЬ МЭТАДАМ ЦІСКУ НА ГАЗПРОМ
10 траўня польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:
— Сланцавы газ мог бы дапамагчы краінам Эўразьвязу ў перамовах з расейскім Газпромам на тэму зьніжэньня коштаў на газ, які яны купляюць у яго — сказаў у Вільні камісар Эўразьвязу ў справах энэргіі Гюнтэр Оцінгэр. Ён мяркуе, што кошты расейскага газу для Летувы надта высокія.
Я ўпэўнены, што сланцавы газ ёсьць добрым інструмэнтам ў нашых перамовах з Газпромам і Расеяй — заявіў Оцінгэр.
Урад у Вільні плануе падпісаць дамову з Газпромам
Гаворачы пра кошты на газ, што прадае Летуве Газпром, Оцінгэр назваў іх “непрыймальнымі”, бо яны былі “на 20, 30, 40 адсоткаў вышэйшыя”, чым на газ, прадаваны, напрыклад, Нямеччыне. — Мы павінны мэтанакіравана давесьці да тых жа коштаў (на прасторы) ад Лісабона да Вільні, ад Лёндану да Афін — дадаў камісар.
Летува ацэньвае свае запасы сланцавага газу на 30-50 мільярдаў кубамэтраў. Урад у Вільні плануе падпісаць пагадненьне з амэрыканскім канцэрнам Chevron, які зацікаўлены ў распрацоўцы залежаў. Аднак магчымая распрацоўка гэтых запасаў выклікае апасеньні што да вынікаў так званага гідраўлічнага растрэсківаньня — мэтаду здабычы, які некаторыя ацэньваюць як шкодны для людзей і навакольнага асяроддзя. Парлямант Летувы мае намер прыняць новыя правілы, якія зробяць больш строгімі патрабаваньні, зьвязаныя са здабычай сланцавага газу.
Вільня хацела б паламаць гэтую манаполію
Газпром зьяўляецца адзіным пастаўшчыком газу ў Летуву. Вільня хацела б паламаць гэтую манаполію, якая мае карані яшчэ ў савецкіх часах. Шляхам да гэтай мэты павінна была б стацца сярод іншага пабудова тэрмінала LNG, які наладзіць газавую сувязь з Польшчай, а таксама атамнай станцыі.
Падчас візыту ў Вільні Оцінгэр заклікаў Летуву ўтварыць супольны рынак электраэнэргіі з Латвіяй, Эстоніяй і Польшчай. Ён выказаў таксама меркаваньне, што Летува ёсьць надта малая, каб сама магла даць рады з праектам пабудовы атамнай электрастанцыі.
(Пераклаў з польскай В. Буйвал)
Крыніца: http://wiadomosci.gazeta.pl/wiadomosci/1,114881,13889696,Oettinger__Gaz_lupkowy_moze_byc_sposobem_nacisku_na.html
Зразумела, што гэта ёсьць дэкларацыі, ідэя, меркаваньні, адным словам, — лексіка. Але якая лексіка! Ад такіх словаў у крамлёўскіх гаспадароў павінны валасы наўтапыркі ўстаць. На вышэйшым узроўні і некулуарна эўрапэйцы абмяркоўваюць пытаньне спосабаў “ламаньня манаполіі Газпрому”. Падобна, што дакуражылася Масква з сваімі газавымі войнамі, ультыматумамі і хапаньнем мільёнаў заходніх людзей за горла пасярод зімовай сьцюжы. Гэтыя людзі адэкватна ацанілі газавае нахабства Масквы і выкарысталі мэханізмы дэмакратыі, папярэдзіўшы сваіх палітыкаў, што цярпець далей гэта ня будуць. Палітыкі, баючыся за наступныя выбары, замітусіліся.
У больш глабальным сэнсе расейскай манаполіі пагражае інтэнсіўнае разьвіцьцё альтэрнатыўных, абсалютна новых спосабаў выпрацоўкі энэргіі. Спэцыялісты папярэджваюць, што ў бліжэйшыя гады манаполія Масквы на энэрганосьбіты будзе значна слабець, а энэргетычная самадастатковасьць цывілізаваных краін мацнець. Для імпэрыі, якая сядзіць на газава-нафтавай іголцы, гэта азначае катастрофу. Пра гэта брусэльскі камісар не казаў, але ўсе гэта разумеюць. Пара гэта зразумець і беларускаму народу і выходзіць з мафійнай залежнасьці ад маскоўскай імпэрыі ды далучацца да цывілізаваных суседніх краін.
Павел Гулевіч