АБ ІНФАРМАЦЫІ

(Прачытана на травеньскім Сойме КХП — БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

Колькасьць абразьлівай для Беларусі тэрміналогіі “беларускі рэжым”, “беларуская турма”, “беларуская ўлада” і г. д. у дэм. СМІ павялічылася, ужываецца толькі і выключна, і, нібы са смакам. Адэкватных назоваў няма. Гэта вельмі сымптаматычны доказ — які характарызуе шмат што. Гэта ж як трэба не шанаваць Беларусь, каб так сябе выяўляць!

* * *

...У сувязі са зрухам у сьвядомасьці (які адбываецца) у людзей ўзьнікае патрэба ў праўдзівай інфармацыі. Яны зьвяртаюцца да сродкаў массавай інфармацыі, але трапляюць тут ў сфэру інфармацыйнай вайны, сутнасьць якой дрэнна ўсьведамляюць, адказаў на пытаньні не знаходзяць. Прытым друк, эфір і сеціва ня толькі напоўнены дэзінфармацыяй па галоўных каштоўнасных пытаньнях жыцьця і палітыкі, яны ўтопленыя яшчэ ў балоце ўсялякай лухты, якая падаецца штодзень пад выглядам інфармацыі і, практычна, нікому не патрэбная. Гэта ёсьць мэтад зыпаўненьня сьведамасьці людзей сурагатамі.

У сьвеце інфармацыйнай вайны сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі і зьвязаныя зь Беларусяй, рана ці позна, ускосна ці наўпрост прыдуць (хоць бы часткова) да прапаганды ўзурпатара ўлады. Гэта абумоўлена некалькімі чыньнікамі: 1) асаблівым тыпам акупацыйнай улады (гэбізмам), дзе асноўнай палітычнай сілай гэтай улады зьяўляюцца спэцслужбы (дзяржбясьпека, сілавыя структуры, КГБ); 2) канцэнтрацыяй сродкаў кантролю і рэсурсаў у руках рэжымнай улады; 3) адсутнасьцю сродкаў масавай інфармацыі поўнасьцю незалежных ад антыбеларускага рэжыму (беларускія СМІ за мяжой залежныя ад рэжымнай улады, бо журналісты залежныя, плюс палітыка замежных інвестараў, ў якіх свае дачыненьні з рэжымам)

Любы сродак масавай інфармацыі падвержаны ў такіх умовах небясьпецы ўплыву, перакупу, падкупу, ціску і кантролю над адміністрацыяй і выканаўцамі.

На сёньняшні дзень няма беларускага радыё і тэлебачаньня, не існуе вялікіх беларускіх адраджэнцкіх газэт (тыпу “Свабода”, “Пагоня”), акрамя дробных сайтаў, нічога такога не існуе ў Інтэрнэце (ні воднага партала, ні воднай масава ўплывовай Старонкі).

Становішча сьведчыць аб пэрманэнтнай беларускай паразе ў інфармацыйнай вайне. Калі, напрыклад, прааналізаваць невялікі па інтэрнэтных мерках (10 тысяч наведваньняў), але істотны для Беларусі “сайт” радыё “Свабода” за апошнія паўгады-год і параўнаць, як было раней, то заўважым, што галоўнай інфармацыйнай фігурай, якая ідзе ў вялікім адрыве ад усіх і ўсяго астатняга ёсьць асоба ўзурпатара Лукашэнкі і яго сямейнікаў. Бывае, што ледзь ня кожны дзень некалькі інфармацый з рознымі партрэтамі нішчыцеля Беларусі вісіць на сайце, камэнтуецца па шмат разоў кожнае яго казаньне і выказваньне, меркаваньні па ўсіх тэмах, пішацца пра яго байстука і ягоных сыноў (напрыклад, што адзін зь іх, іграючы на курорце ў хакей, атрымаў траўму і два дні не гуляў і т. п.). Такая тэндэнцыйная і пустапарожняя тэматыка — прыкмета нядобрая, але выбар тэматыкі сімптаматычны. Партрэты ўзурпатара і нягодніка вісяць у кожнай інтэрнэт-старонцы так званых “незалежных” СМІ.

Калі параўнаць частотнасьць тэматыкі пра ўзурпатара на “Свабодзе” і ў “Советской Белорусіі”, то Свабода мала саступае. Прытым матэрыялы тут у асноўным і амаль усе інфармацыйна-нэўтральныя ды яшчэ часам з тлумачэньем сатрапаўскай рацыі ды пазыцыі. Гэта парадаксальна, але факт. Канешне, радыё, напэўна ж, ня хоча папулярызаваць нішчыцеля і ўзурпатара. Тут няма сумненьняў. Але законы інфармацыі ніхто не адмяняў.

Гадоў 9-10 таму мне прыходзілася пісаць і выступаць з заклікам аб пашырэньні беларушчыны ў Сеціве шляхам стварэньня вялікай колькасьці дробных беларускіх старонак, якія мусілі б перадрукоўваць асноўную беларускую адраджэнскую інфармацыю, бяручы яе адзін у аднаго.

Па такой схеме, калі яе разьвіць, можна ахапіць патрэбнай інфармацыяй вялікую колькасьць людзей. І ня так проста рэжыму гэтую справу заблакаваць, калі будуць дзейнічаць тысячы старонак.

Тады заклік падтрымалі некалькі асобаў, і, практычна, справа крыху зрушылася. Задача толькі ў тым (паўтаруся), каб асобныя беларускія старонкі ў Сеціве ня дзейнічалі аўтаномна, а пераймалі важную інфармацыю па схеме ланцуговай рэакцыі. Беларусы павінны навучыцца змагацца з акупацыяй у сфэры інфармацыі. Бо зразумела, што перамога ў інфармацыйнай вайне — гэта ўжо палова рэальнай перамогі. Пакуль што беларусы церпяць паразу. І гэта пры надзвычайных магчымасьцях, якія існуюць ў цяперашнім сьвеце.

Па ланцуговай схеме распаўсюджваўся “самвыдат” у 1960-80-х гадах. Кожны мог аддрукаваць чатыры закладкі на машынцы і распаўсюдзіць. Распаўсюджвалася хутка, чытала шмат людзей. Бо была зацікаўленасьць ў праўдзівай інфармацыі і прымітыўная мэтодыка дзейнічала эфектыўна. І гэта ўлічваючы, што почырк кожнай машынкі захоўваўся ў КГБ, а за чытаньне “самвыдата” магла быць савецкая псіхушка альбо турма.

Тым часам і цяпер мы пераконваемся ў даходлівасьці і доўгатрывалай дзейнасьці мэтадаў папяровай інфармацыі.

Існуе шмат нявыкарыстаных тэхнічных інфармацыйных магчымасьцяў. Імі павінны б былі займацца новыя людзі, калі сасьпее сьвядомасьць і воля (спачатку ў асобных людзей, а потым ва ўсім грамадзтве).

Як паказвае вопыт і дзейнасьць, вельмі важна, каб у грамадзтве было праўдзівае разуменьне асноўных пытаньняў жыцьця нацыі і таго, што рэальна адбываецца ў Беларусі, — у чым тут сутнасьць палітыкі, канфлікту і змаганьня.

Інфармацыя аб рэжыме ўнутраннай акупацыі, аб яго сувязі з Масквой, аб маскоўскай праімпэрскай палітыцы пакрокавага захопу Беларусі і ўзаемадзеяньні з рэжымам Лукашэнкі, аб антыбеларускай унутраннай палітыцы рэжыму, аб ролі псэўдаапазыцыі і Эўропы ў гэтым працэсе — усё яно павінна распаўсюджвацца і (што важна) паўтарацца пастаянна ў асьветніцкіх ведах пра сучасную беларускую драму.

Тое што праўдзівы стан канфлікту ў Беларусі ня будуць адлюстроўваць існуючыя так званыя “дэмакратычныя” СМІ не падлягае нават абмеркаваньню. Гэта прыродны факт. Прывяду красамоўны прыклад. На мінулым Сойме я ў чарговы раз зьвярнуў увагу на неадэкватную палітычную тэрміналогію, тэндэнцыйна распаўсюджаную ў СМІ на Захадзе і сярод псэўдаапазыцыі, якая называе антыбеларускі рэжым “беларускім” рэжымам, яго разбуральную антынацыянальную палітыку — “беларускай палітыкай”, яго рэпрэсіўныя ўстановы ўлады — “беларускімі” ўладамі, ягоныя турэмныя засьценкі — “беларускай турмой” і г. д.

Матэрыял у чарговы раз быў даволі шырока зьмешчаны ў Сеціве. Тыя, каму трэба, прачыталі. Вынік вельмі красамоўны. Колькасьць абразьлівай для Беларусі тэрміналогіі “беларускі рэжым”, “беларуская турма”, “беларуская ўлада” і г. д. у дэм. СМІ павялічылася, ужываецца толькі і выключна, і, нібы са смакам. Адэкватных назоваў няма. Гэта вельмі сымптаматычны доказ — які характарызуе шмат што. Гэта ж як трэба не шанаваць Беларусь, каб так сябе выяўляць!

Пры савецкай акупацыі савецкая ўлада імкнулася дэманстраваць сябе ўладай. Была нават абмежаваная зваротная сувязь, калі ўлады вымушаныя былі рэагаваць на супольную рэакцыю людзей (подпісы, калектыўныя лісты і інш.).

Цяперашні антыбеларускі рэжым выяўляецца менавіта як рэжым акупацыйны, які ня лічыцца ні зь якой думкай людзей, вучоных, інтэлігенцыі і г. д. Зьбіраньне подпісаў і апэляцыя да нелегітымнай акупацыйнай ўлады супраць пабудовы АЭС ці вырубкі дрэваў — справа абсалютна бяссэнсоўная. Рэжым ня лічыцца абсалютна ні з кім і ні з чым. Людзі, беларусы для яго нішто. Зваротная сувязь нават не імітуецца (як было ў камуністаў). Зьвяртацца да гэтай хунты — тое самае, што хадзіць на выбары да ўзурпатара. Цалкам марная справа.

Нашыя лёзунгі — “Байкот рэжыму!” “Народнае існаваньне!” (паралельнае) вынікаюць са становішча. У гэтай сувязі намер рэжыму ўвесьці расейскую ваеншчыну ў Беларусь і зрабіць расейскую ваенную базу пад Баранавічамі вымагае ад нас інфармацыі і звароту да свайго народа. Трэба разумець, што працягваецца чарговы, на гэты раз мілітарысцкі, этап палітычнай вайны супраць Беларусі, падрыхтоўка мілітарнай акупацыі. Не павінна быць чужых ваенных базаў на тэрыторыі Беларусі.

12.05.2013

Зянон ПАЗЬНЯК