ВАЕННАЯ ПАГРОЗА ДЛЯ БЕЛАРУСІ

У цывілізаваных краінах 8 траўня адбыліся мэмарыяльныя мерапрыемствы з нагоды 68-х угодкаў заканчэньня ІІ Сусьветнай вайны ў Эўропе. Там ушаноўвалі жывых вэтэранаў і ўскладалі вянкі на магілах герояў і ахвяраў вайны. Там нікому не прыходзіць у галаву наладжваць у гэты дзень парады сучасных войскаў і рабіць заявы аб тым, што “мы ім пакажам”. У сьвеце засталіся дзьве краіны, дзе ўсё інакш, наадварот. Гэта Масква зь яе імпэрыяй і падпарадкаваны Маскве Менск. Навязьлівая “актуалізацыя” тэмы даўняй вайны “гарманічна” ужываецца ў Расеі з мільёнамі параскіданых па ўсёй яе тэрыторыі непахаваных парэштках жаўнераў, хлусьнёй прапаганды і псэўданавукі, цынізмам маладога пакаленьня. На жаль, нашу Беларусь рэжым штурхае ў гэтым жа накірунку. У Менску разбудоўваюцца новы пампезны музэй “ВОВ” і яшчэ нейкія палацы і плошчы “Незавісімості”. На сапраўдную мэмарыялізацыю ў тэме ІІ Сусьветнай вайны, навуковыя распрацоўкі, пабудову хрысьціянскіх помнікаў на месцах баёў і магілах, высьвятленьне імёнаў ахвяр гэты акупацыйны рэжым ніколі грошай ня дасьць. Ды беларусы ад яго нічога добрага не чакаюць.

Адбылося цікавае супадзеньне, не пазбаўленае сымвалічнага сэнсу. 9 траўня ў некаторых заходніх СМІ прайшла інфармацыя пра ракеты. Яна вельмі актуальна прагучала на фоне крыклівых заяваў начальнікаў рэжымаў на парадах у Маскве і Менску. Вось, напрыклад, фрагмэнт артыкула з латвійскай газэты “Diena” пад тытулам “Ізраіль папярэдзіў ЗША аб расейскіх пастаўках зброі Сірыі”:

Ізраіль папярэдзіў ЗША, што Расея плануе прадаць Сірыі сучасныя ракетныя сістэмы, што ўскладніць замежную інтэрвэнцыю ў Сірыю, паведаміла ў сераду газэта “The Wall Street Journal”. Ізраіль перадаў Вашынгтону інфармацыю аб тым, што Расея ў бліжэйшы час зьбіраецца прадаць Сірыі сучасныя ракетныя батарэі “С-300” тыпу “зямля-паветра”, якія могуць састрэльваць лятаючыя апараты і акрыленыя ракеты.

Сірыя праводзіць аплату паводле заключанай яшчэ ў 2010 годзе дамовы, якая прадугледжвае пастаўку з Расеі чатырох ракетных батарэй на 900 мільёнаў даляраў (483 мільёны латаў), паведамляе газэта. (Канец цытаваньня).

Крыніца: http://www.diena.lv/pasaule/izraela-bridinajusi-asv-par-par-krievijas-brunojuma-piegadem-sirijai-14007127

Здавалася б, а нам што? Сірыя далёка, гэта чужы канфлікт. Але публікацыя ўпершыню дае магчымасьць мэтадам аналогіі пазнаёміцца з парадкам лічбаў на тэму ракетных паставак з Расеі. Мы даведваемся, што беларускі народ павінен заплаціць Расеі сотні мільёнаў даляраў за ракетныя комплексы “С-300”. Чамусьці “дэмСМІ” у сваіх паведамленьнях пра маскоўскія пастаўкі пазьбягаюць гэтых лічбаў і згадкі пра аплату. Добра, скажам, мы заплацілі і атрымалі ракеты з самалётамі. Для чаго гэта ўсё? Латвійская газэта нагадвае, што расейскімі ракетамі рэжым Асада будзе бараніцца ад міжнароднага ўмяшальніцтва, будзе абараняць сябе. Пра абарону рэжымам сябе газэта піша, цытуем:

ААН мяркуе, што ў сірыйскім канфлікце страцілі жыцьцё каля 70000 чалавек. Краіну пакінулі 1,4 мільёны ўцекачоў, але ў самой Сірыі лічба перамешчаных асобаў ужо дасягнула 4,25 мільёнаў. (Канец цытаваньня).

Антычалавечы рэжым зьнішчае сірыйскі народ, чапляецца за працягнутую руку Крамля, спадзяецца забіць яшчэ больш людзей і выратавацца. У выпадку з Беларусьсю гэтую мадэль трэба скарэктаваць. Расейскія ракеты, што рэжым купляе на народныя грошы, прызначаюцца для абароны Масквы, якая гэтыя ракеты нам прадае. Нават Асад не дадумаўся б купляць ракеты, каб абараняць Маскву. Вось як. Беларусам прапануецца ваяваць з НАТО за выратаваньне Масквы ды яшчэ й рабіць гэта за ўласныя грошы. Добра ўладкавалася імпэрыя. Падобна, што ў Крамлі беларусаў лічаць зусім за дурненькіх. Застаецца яшчэ час для таго, каб паказаць ворагу чалавецтва, што ён памыляецца. Хоць часу і ня шмат.

Сяргей Камароўскі