ШЭДЭЎРАЛЬДЗІКА

Мы столькі ўжо прачыталі і пачулі пра гэтую стужку, пра яе “трыюмфы” на фэстывалях і ў кіназалях розных сталіц, што пачалі хвалявацца: калі ж яе ўбачаць самы беларусы? І вось “свершілось”, учора Радыё Свабода ўрэшце выставіла ў чырвоны радок навінаў дня відэа з фільмам “Жыве Беларусь”. Забягаючы наперад, трэба сказаць, што РС як выставіла гэтае відэа, так хуценька і засунула ў архіў. Чаму ж такая апэратыўнасьць? Мы мяркуем, што на свабодаўскую старонку пасыпаліся такія зьдзеклівыя і адмоўныя камэнтары і іх было столькі, што трэба было ратаваць ад сьвіста гледачоў усю трупу пагарэлага кінафільма. Тых некалькі выстаўленых на РС камэнтароў — гэта толькі мізэрная частка таго, што выказалі слухачы-гледачы ў сваіх водгуках.

Мы спачуваем трупе стваральнікаў стужкі. Яны ня ўвойдуць у гісторыю беларускага, польскага або сусьветнага кінамастацтва. Іхны опус ня зробіцца “Свабодай на барыкадах” (памятаеце гэтую карціну Дэлякруа?) нашай рэвалюцыі. Нават аматары маскультуркі ня знойдуць сабе натхненьня ў гэтым фільме.

Глядзець стужку бясконца нудна. І трэба ж было так прыдумаць і рэалізаваць ды не за малыя грошы гэтае нешта пра цяперашнія падзеі ў нашай Бацькаўшчыне. Ва ўсім кідаецца ў вочы нейкая хіповая штучнасьць, фальшывы надрыў, тандэтны пафас. Мы ведаем, з каго змаляваны галоўны герой і таму не зьдзіўляемся: шэрасьць можа рэпрадукаваць толькі шэрасьць.

Хвалюе адно. Людзі, якія ніколі не былі ў Беларусі, ня бачылі змаганьне Народнага Фронту, якія ня ведаюць сапраўдных маладых змагароў і герояў, гэтыя людзі могуць падумаць, што так яно і ёсьць у рэчаіснасьці. Зьвярніце ўвагу, чым заканчваецца “шэдэўр”. Ён заканчваецца дзікім разгромам маладзёвай дэманстрацыі (маецца на ўвазе 19 сьнежня 2010 года — Крывавая нядзеля ў Менску). Лукашыстоўская цемра даволі лёгка, гуляючыся перамагае патрыятычную беларускую моладзь, кідае арыштаваных у варанкі. Зачыняюцца дзьверы паліцэйскай машыны і зачыняецца сюжэтная лінія фільма. Застаецца толькі прысмак вечнай і непазбыўнай народнай паразы ды непераможнай моцы акупанцкага зла. Пра такую творчасьць у рэкамэндацыйных выкладках расейсейскіх службаў па барацьбе супраць палітычнай актыўнасьці народа напісана: “Необходимо подавлять волю к сопротивлению”.

Цалкам магчыма, што цяпер мы ўбачым некаторыя тэатральныя жэсты. Стваральнікаў фільма прамаскоўскі рэжым поўным сьпісам заявіць у міжнародны вышук у Інтэрпол “за оскорбленіе его велічества”, яны будуць “хавацца за мяжой” (дарэчы, выканаўца галоўнай ролі ўжо нібыта хаваецца там і чакае запрашэньня ў Галівуд). Але на самой справе яны ўсе заслужылі ганаровую грамату з сілуэтам Дзяржынскага і “наркамаўскіх сто грам” з Лубянскай плошчы.

Валеры Буйвал