ЭПІДЭМІЯ РАЗВОДАЎ У РАСЕЙСКАЙ ДУМЕ
29 красавіка славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейскія дэпутаты разводзяцца перад падачай падаткавай дэкларацыі, маёмасьць аддаюць жонкам”. Вось гэты артыкул:
Разьвесьціся меліся трыццаць дэпутатаў. Пасьля гэтага яны не абавязаны дэклараваць маёмасьць сваіх жонак.
Масква, Прага. Каля трыццаці дэпутатаў разьвяліся з сваімі жонкамі непасрэдна перад тым, як паводле закону павінны былі прадставіць дэкларацыю аб сваіх прыбытках за мінулы год.
Палітыкі пры падзеле маёмасьці былі вельмі шчодрымі ў адносінах да жонак.
Часта яны пакінулі ім амаль усё, што зарабілі за гады цяжкой дэпутацкай руціны. Нават самыя вопытныя дазволілі, каб жонкі іх абдзерлі.
Расейскія журналісты іх падазраюць у тым, што развод быў маскіровачным манэўрам з мэтай “ачысьціць” дэпутатаў ад фінансаў, дамоў ці аўтамабіляў, якія дэскрэдытавалі б іхную рэпутацыю.
Жырыноўскі таксама разьвёўся
У першых паведамленьнях расейскіх СМІ начале з аўтарытэтнай агенцыяй РІА-Новості гаварылася аб тым, што за апошнія два месяцы разьвяліся больш за трыццаць дэпутатаў.
Гэтак зрабіў і адзін з вядомейшых расейскіх нацыяналістычных палітыкаў, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Уладзімір Жырыноўскі.
Эпідэміяй разводаў занялася нават парляманцкая камісія па этыцы. Яна канстатавала, што фіктыўныя разводы зьяўляюцца крайне неэтычнай справай, як і фіктыўныя жаніцьбы для міграцыйнай службы.
Факт, што развод двух людзей быў матываваны падаткавай справаздачай або дэкларацыяй аб прыбытках, даказаць цяжка.
Дэпутат Леў Панамароў, вядомы сваімі апазыцыйнымі схільнасьцямі, рашуча настроены запатрабаваць у сваіх калег, каб яны праверылі сямейнае становішча Жырыноўскага.
Жырыноўскі прызнаў за 2012 год толькі невялікія прыбыткі, што тычацца выключна ягонай асобы. Ён, маўляў, вядзе з жонкай агульную гаспадарку, але сьцьвярджае, што іх зьвязвае царкоўны шлюб, а не дзяржаўны, а таму на ягоную спадарожніцу жыцьця не распаўсюджваецца абавязаннасьць падаваць дэкларацыю аб тым, колькі яна зарабіла, колькі купіла аўтамабіляў і дамоў ды колькі золата мае ў скарбонцы.
Завышаная лічба
Разводамі занялося ўжо і кіраўніцтва дэпутацкага корпусу, якое хоча праверыць справу.
Намесьнік старшыні думы і кіраўнік фракцыі партыі ўлады “Едіная Россія” Уладзімір Васільеў паведаміў, што трыццаць разводаў ад пачатку года — гэта завышаная лічба.
Па ягоных словах, сёлета разьвяліся толькі сем дэпутатаў. Колькі зь іх зрабілі гэта непасрэдна перад новым годам, ён не паведаміў.
Пэтра Прахазкава, агенцыя Epicentrum
(Пераклаў з славацкай В. Буйвал)
“Палітычная эліта” імпэрыі паводзіць сабе, як хеўра дробных і мітусьлівых жулікаў. А можа сапраўды іх заела ліхая прымацкая доля? З гэтай мітусьні сьмяецца ўвесь сьвет. Ня сьмешна толькі беларусам. Гэтая банда, якая абрабоўвае ўласны народ і сваю краіну, ўсё больш нахабна пускае карані на нашай зямлі. Цяпер вось яны будуць разьмяшчаць на нашай тэрыторыі свае ракетныя комплексы і баявыя самалёты. Прычым беларусы з сваёй кішэні мусяць аплаціць Маскве гэтыя “падарункі” (пра гэта чамусьці ўпарта маўчаць усе “дэмСМІ”). Жулікі рыхтуюцца да вайны. Да вайны на нашай тэрыторыі. Беларусам прапануецца ваяваць і паміраць за банду маскоўскіх жулікаў (“за велікую і неделімую Россію”)...
Сымон Рудзік