НІКЧЭМНЫЯ СПРАВЫ, НІКЧЭМНЫЯ ПАВОДЗІНЫ

Мы ўжо паведамлялі пра сустрэчу маскоўскага госьця Б. Нямцова з менскім дзеячам псэўдаапазыцыі А. Лябедзькам у офісе АГП. Яны там гаманелі на розныя тэмы і падпісалі паперу пра супрацоўніцтва. Беларусы паслухалі гэтую слоўную плынь і распавялі нам пра выразны эпізод зь менскім дзеячом.

Публіка задавала пытаньні Нямцову. Раптам нехта з прысутных спытаў яго: “Сп. Нямцоў, а Вы ведаеце пра Курапаты?” Той рота не пасьпеў адкрыць, як зь месца сарваўся Лябедзька і пранізьліва закрычаў: “Это неактуально!..” А прысутныя заўважылі, як Нямцоў у сваім нататніку занатаваў — “Куропаты”. На гэтым эпізод скончыўся.

Трэба нагадаць, што згаданага Лябедзьку мы аніразу ніколі ня бачылі ў Курапатах. Ён бы можа і засьвяціўся там дзеля піяру. Але баіцца, што беларусы могуць злавіць яго і выказаць яму ўсё, што думаюць пра ягоную асобу і дзейнасьць. Хаця, праўда, яго бачылі аднойчы за 700 мэтраў ад Курапатаў, на абвадной дарозе. Гэта было 8 лістапада 2001 г., калі рэжым кінуў у наступ на нашую сьвятыню бульдозэры і амонаўскія шыхты. Ужо раніцай таго дня былі захоплены і вывезены на судзілішчы рэжыму амаль усе патрыёты-фронтаўцы, якія баранілі сьвятыню. Раптам амоны і журналісты сарваліся з месца і пабеглі гуртом па кальцавой дарозе ў бок горада. Потым былі апублікаваны здымкі “гераічнай акцыі”. Купка нейкіх маладзёнаў начале з З. Бандарэнкам і А. Лябедзькам робіць выгляд, што штурхаецца з амонамі, махае рукамі і нешта крычыць. Менавіта гэтыя здымкі абышлі тады ўсе “дэмСМІ”. Фотаздымкі пра сапраўдных абаронцаў сьвятыні “дэмСМІ” неяк “забыліся” апублікаваць. Фальшыўка пратрымалася недзе год, цяпер яе ніхто не ўспамінае і не рэпрадукуе. Але абаронцы Курапатаў гэта памятаюць.

“ДэмСМІ” пампезна і шматслоўна паведамляюць у гэтыя дні, як “лідары апазыцыі” езьдзяць па чарнобыльскіх раёнах. На фота бачна, як яны рытуальна фатаграфуюцца ў некалькіх месцах зоны. Сярод іх стаіць і герой заўчорашняга эпізода Лябедзька. Зьявілася нагода для чарговага пазёрства, якое ні да чаго не прымушае.

Ян Булыга