ПСЭЎДААПАЗЫЦЫЙНАЯ ПУСТАТА

23 красавіка румынская газэта “Adevarul” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейская апазыцыя — гэта “пустата”, якая ня мае ідэй, — сьцьвярджае прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна”. Вось гэты артыкул:

Крэмль ня можа весьці дыялог з апазыцыяй у Расеі, бо немагчыма весьці дыялог з “пустатой”, якая ня мае ідэй, — заявіў у панядзелак прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна.

“На маю думку, у нас няма лідэраў апазыцыі, гатовых узяць на сабе адказнасьць”, — заявіў Дзімітры Пяскоў у інтэрв'ю для расейскага канала “Россія 24”.

“Я кажу менавіта пра канструктыўны дыялог, які немагчыма праводзіць з пустэчай. Канструктыўны дыялог можа быць толькі з тым, хто існуе”, — падкрэсьліў ён.

Пяскоў падкрэсьліў таксама, што апазыцыя “павінна безумоўна існаваць і мець канструктыўную праграму”.

“Я спадзяюся, што рана ці позна мы пабачым зьяўленьне такой апазыцыі”, — дадаў ён.

Хваля супраціву беспрэцэдэнтных маштабаў накрыла Расею пасьля парляманцкіх выбараў у сьнежні 2011 г., дзе выйграла партыя “Едіная Россія”, якая знаходзіцца ва ўладзе. Выбары былі пазначаны фальшаваньнем, паводле апазыцыі, якая сабрала тады 100000 маніфэстантаў у Маскве супраць Уладзімера Пуціна.

Аднак пасьля вяртаньня Пуціна ў Крэмль у траўні 2012 г. і ўсталяваньня жорсткага кантролю над грамадзянскай супольнасьцю апазыцыя — якую крытыкуюць і за гетэрагенны характар і за няздольнасьць распрацаваць сапраўдную палітычную праграму — ня здолела больш мабілізаваць тысячы пратэстуючых і, здаецца, згасае.

Mediafax

(Пераклаў з румынскай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.adevarul.ro/international/rusia/opozitiarusa-vid-lipsit-idei-afirma-purtatorul-cuvant-vladimirputin-1_5175fdd3053c7dd83f388f62/index.html

Пуцінскі прэс-сакратар ведае, што кажа. Бо менавіта крамлёўская хунта зьляпіла “лідэраў апазыцыі” і выправіла іх у народ. Частка публікі паверыла гэтай агентуры і пайшла за ёю. Пайшла на фальшывыя выбары, галасаваць, як ёй казалі гэтыя агентурныя “лідэры”. Пасьля гэтага пратэстуючыя яшчэ раз схадзілі на “марш мільёнаў” у траўні 2012 г. на заклік гэтых падасланых “лідэраў”. А “лідэры” на загад сваіх крамлёўскіх паханоў узялі і завялі тысячы даверлівых людзей у паліцэйскую пастку, пад удар і разгром. Зразумела, што пасьля такога гэтыя “лідэры” зьбіраюць у 12-мільённай Маскве па 400 чалавек на свае “акцыі”.

Ва ўсім (з некаторымі слабымі нюансамі) у Маскве паўтараецца рэжысура менскай псэўдаапазыцыі, якую ў народ выправіла тая ж структура. І хто ж у іх гэтыя “апазыцыйныя лідэры”? Навальны? Някляеў? Ксюша Сабчак і Лябедзька? Хіба такое сур'ёзна!

Зразумела, што ў Крамлі сьмяюцца і абзываюцца. Там ня сьмешна толькі на тэму народнага супраціву ў Татарстане, на Каўказе і ў Беларусі, дзе ёсьць сапраўдныя лідэры і сапраўднае нацыянальнае адраджэньне, якое ўрэшце разбурыць імпэрскі Карфаген.

Ян Булыга