ПАДСТАЎНЫЯ ПАЗЁРЫ НА МІЖНАРОДНАЙ КАНФЭРЭНЦЫІ
18-20 красавіка ў Браціславе праходзіла міжнародная канфэрэнцыя па бясьпецы GLOBSEC (Global Security). Там было шмат урадавага начальства з розных эўрапейскіх дзяржаў, прыехаў з ЗША нават стары Збігнеў Бжэзіньскі. На дэсэрт брусэльскія структуры запрасілі ў Браціславу цэлы вагон менскай псэўдаапазыцыі (і тых, хто ў эміграцыі на Захадзе, і тых, хто спакойна езьдзіць туды-сюды). Сайт Хартыі-97 назваў сюжэт пра канфэрэнцыю ў сваім звычайным антыбеларускім стылю — “Беларусь — пятно на совести Европы”. Зазначым, што не антыбеларускі рэжым, а менавіта Беларусь яны кваліфікуюць як нейкую пляму. Гэта нахабная подласьць. Асабліва пасьля апошняга артыкулу Зянона Пазьняка пра антыбеларускую тэрміналогію. Фактычна тут ёсьць цынічны адказ антыбеларускага клана на пытаньне аб назвах. Так што не па Фрэйду яны гэты паклёп прагаварваюць, а сьведама і асэнсавана.
З менскіх удзельнікаў Хартыя згадала А. Саньнікава, Н. Радзіну, Ул. Кобеца, А. Мілінкевіча, А. Вардамацкага. Словам, уся кланавая пабліка. Найбольш цікавы пасаж пра менскіх у артыкуле Хартыі наступны: “... и другие представители гражданского общества”.
Каго яшчэ прывезьлі брусэльскія дабрадзеі ў пламбіраваным вагоне “Менск-Браціслава”? Хто гэта такія і чаму ёсьць неабходнасьць засакрэчваць іхныя імёны? Іх мы ня ўбачым таксама і на фота, якія стракатым альбомам разгарнула Хартыя. Пазіраваць гэтая публіка навучылася.
І гэта яны прадстаўляюць у Эўропе Беларусь?!
Сяргей Камароўскі