“ЗНОЎ МАСКАЛЬ НА НАС ІДЗЕ...”

23 красавіка польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейскі авіяполк на межах Польшчы”. Вось гэты артыкул:

Расея мае намер разьмясьціць у Беларусі да 2015 г. авіяполк у складзе зьнішчальнікаў, а ў 2014 г. забясьпечыць Беларусь 4 дывізіёнамі ракетных сістэм супрацьпаветранай абароны С-300, — заявіў у аўторак у Менску міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу.

“Мы прыступаем да разгляду плану ўтварэньня тут расейскай авіябазы зьнішчальнікаў. Мы спадзяемся, што ў 2015 г. тут ужо будзе авіяполк”. — заявіў Шайгу на сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкай.

Ён дадаў, што на 2013 г. запланавана ўтварэньне ў Беларусі камандваньня ваенна-паветраных войскаў, а таксама разьмяшчэньне першай групы ваенных зьнішчальнікаў на дзяжурстве.

“Ужо ў 2014 г. Расея, згодна Вашай дамовы з Уладзімірам Пуціным, забясьпечыць вас чатырма дывізіёнамі С-300 дзеля супрацьпаветранай абароны”. — зазначыў ён.

Ён нагадаў, што Беларусь і Расея рэалізуюць сумесную праграму ўтварэньня рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны, якая, паводле ягоных словаў, павінна быць надзейнай і саліднай і абараняць паветраную прастору і межы Саюзнай Дзяржавы Расеі і Беларусі. Ён дадаў, што рэалізуецца таксама вялікая праграма ў сфэры вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

“Мы маем намер разглядзець справы, неабходныя для ўмацаваньня абарончага патэнцыялу нашых беларускіх калег і братоў”, — заявіў Шайгу.

У красавіку 1997 года Беларусь утварыла з Масквой Саюз Беларусі і Расеі, а ў 1999 годзе была падпісана дамова аб пераўтварэньні Саюза ў Саюзную Дзяржаву Расеі і Беларусі.

(Пераклаў з польскай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1002931-Rosyjski-pulk-lotniczy-u-granic-Polski.html

Польская газэта верная сабе. Яна ані словам не згадала аб тым, што ў Беларусі няма легітымнага прэзыдэнта. Не дала яна сваім чытачам (мільёнам палякаў) інфармацыі аб тым, што “саюзная дзяржава РФ і РБ” зьяўляецца нелегітымнай структурай, якая супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Гэта ёсьць неканстытуцыйная структура, рашэньні і дзеяньні якой зьяўляюцца юрыдычна нікчэмнымі. Ну, да такой трактоўкі ў польскіх газэтах мы прызвычаяліся даўно. У іх “аналітыка” такая. Што ж тут зробіш?

Добра, што газэта здагадалася даць свайму паведамленьню адэкватны назоў пра расейскі полк на межах Польшчы. Такім чынам, у адказ на антыракетны шчыт, што ствараецца палякамі на Беласточчыне, Масква падсоўвае пад самую польскую мяжу свае зьнішчальнікі і зэнітна-ракетныя комплексы. Адлегласьць ад расейскіх стартавых пляцовак ракет у 470 км (як пра гэта тэарэтызавалі нядаўна польскія генэралы) скарачаецца да 0 км. Вось гэта арыфмэтыка! Прычым маскоўскі міністар Шайгу называе гэта “абаронай нашых калег і братоў” (г. зн. беларусаў). Ён ведае (але ніколі ня скажа), што сапраўдная задача расейскай базы і ўсяго расейскага ўмяшальніцтва на тэрыторыі Беларусі і на яе межах з суседзямі ёсьць абарона Масквы і імпэрыі. Хаця гэта не гучала толькі 23 красавіка. Раней Масква прызначыла Беларусь быць сваім “першым эшалонам супрацьпаветранай абароны”. Беларусам прапануецца паміраць, абараняючы Маскву і Расею. Пра гэта шчыра заяўляў начальнік прамаскоўскага рэжыму ў Менску.

Цікава, польская газэта і іншыя ў Польшчы толькі робяць выгляд альбо сапраўды не разумеюць, што гэта ўсё значыць? Што Расея ідзе да вайны. Што “зноў маскаль на нас ідзе...” тычыцца ня толькі беларусаў. Што па логіцы будучых падзей ваенныя дзеяньні павінны разгарнуцца ня толькі на тэрыторыі Беларусі. Яны разумеюць гэта ці не?

Мяркуем, што некалі яны прадэманструюць, што разумеюць. Абы толькі ня позна было.

Сяргей Камароўскі