“СЯБРА ЧАЧЭНАЎ А. ЭНДРУКАЙЦІС: “ВІДАВОЧНА, ШТО БРАТОЎ ЦАРНАЕВЫХ ВЫКАРЫСТАЛІ”
24 красавіка летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала пад такім тытулам інтэрв'ю журналіста Нэрыюса Павілайціса з летувіскім палітыкам Альгірдасам Эндрукайцісам. Вось гэтае інтэв'ю:
Падпісант Акту 11 Сакавіка, генэральны сакратар Міжнароднай парляманцкай групы па праблемах Чачэніі Альгердас Эндрукайціс упэўнены, што сапраўдная прычына тэракта ў Бостане можа застацца нераскрытай. Палітык, які шчыльна супрацоўнічае з вышэйшымі кіраўнікамі Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі не адзін год, мяркуе, што абвінавачаных у падрыхтоўцы тэрарыстычнага нападу братоў Царнаевых нехта па-майстэрску выкарыстаў.
Дык мы зноў сутыкнуліся з апэрацыяй сакрэтных службаў Расеі, што называецца “апэратыўнай камбінацыяй”? Ці ўдасца высьветліць, хто і чаму натхніў нейкіх двух выхадцаў з Чачэніі, што жылі ў Злучаных Штатах, — братоў Царнаевых — рашыцца на шалёны ўчынак? Гэтыя пытаньні не даюць спакою падпісанту Акту 11 Сакавіка А. Эндрукайцісу.
Ён зьяўляецца мабыць лепшым знаўцам сярод літоўцаў чачэнскага жыцьця і абарончай вайны гэтага народу. Ён падзяліўся з чытачамі lrytas.lt сваімі меркаваньнямі.
Журналіст: Вы вельмі добра знаёмы з праблемамі Чачэніі. Вам давялося блізка сябраваць з забітым прэзыдэнтам Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі Джахарам Дудаевым, з іншымі кіраўнікамі гэтай краіны, лідэрамі ўзброенага супраціву. Што Вы думаеце пра трагедыю ў Бостане, пра падрыхтоўку і правядзеньне тэракта, у якім абвінавачваюцца два выхадцы з Чачэніі?
А.А.: Калі казаць пра тэрарызм, наша ацэнка — адназначна адмоўная. У чым віна тых людзей, што прышлі паглядзець на бостанскі марафон або ўдзельнічалі ў ім?
А тое, што Царнаевых выкарысталі, — відавочна. Зараз я разглядаю дзьве вэрсіі: з прычыны іхнай нявопытнасьці іх маглі выкарыстаць шляхам непасрэднага або апасродкаванага ўплыву. Зь імі маглі зьвязацца людзі з тэрарыстычнай арганізацыі, такой, як “Аль-Каэда”. Яны альбо прадставіліся ад яе, альбо празь яе — работнікі сакрэтных службаў Расеі. Так яны дзейнічалі, арганізуючы выбух у Разані, так яны дзейнічалі, як высьветлілася пазьней, — у “Норд-Осьце”.
Работнікі сакрэтных службаў такую апэрацыю называюць “апэратыўнай камбінацыяй”. Яны называюцца сапраўднымі прадстаўнікамі арганізацыі, дзейнічаюць ад яе імя. З выкарыстаньнем такой тактыкі быў забіты і Шаміль Басаеў (славуты лідэр чачэнскіх змагароў. — Рэд.). Знайшлі нейкіх экстрэмістаў, якія паслалі ў Чачэнію грузавік, поўны выбуховых рэчываў, бо ведалі, што яго будзе сустракаць сам Ш. Басаеў.
Прычына выбухаў на бостанскім марафоне, якім ня можа быць апраўданьня, могуць быць высьветлены альбо так і застануцца невядомымі. Таму што служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі (ФСБ) любіць працаваць чужымі рукамі.
Вядома, што Расея мае вялізны геапалітычны ўплыў. Расея ўмацоўвае свае пазыцыі, будзе дэманстраваць, што чачэнскі народ — тэрарысты, ненадзейныя і г.д.
Журналіст: Як Вы думаеце, ці на судзе нешта высьветліцца?
А.А.: Шкада, што загінуў старэйшы брат Царнаеў. Калі б ён быў жывы, у гэтай гісторыі было б больш яснасьці. Таму што маладзён, які ледзь дасягнуў 19-гадовага ўзросту, можа ня ўсё адэкватна разумець і крытычна ацэньваць сытуацыю.
Ва ўсім гэтым кантэксьце мне падаецца цікавым, бачыце, як выпадкова “прасьлізнула” інфармацыя аб тым, што ФСБ Расеі паведаміла спэцслужбам Амэрыкі пра магчымасьць сувязі гэтых маладых людзей або аднаго зь іх з радыкальнымі ісламістамі.
Гэта сьведчыць аб тым, што маладыя людзі, якія не ваявалі ў Чачэніі, ня мелі ніякіх сувязяў з рухам супраціву, доўгі час былі ў полі зроку ФСБ Расеі. Таму да іх можна было падаслаць, чорт ведае, людзей, якія маглі прыкінуцца і прадставіцца кім-заўгодна і накіраваць іх у патрэбным накірунку.
Журналіст: Вам давялося сябраваць з Ахмэдам Закаевым, прадстаўніком Рэспублікі Ічкерыі на выгнаньні, які стаў сымвалам чачэнскага палітычнага супраціву. Якая ў наш час назіраецца сытуацыя ў гэтай частцы чачэнскага грамадзтва, што імкнецца да незалежнасьці ад Расейскай Фэдэрацыі?
А.А.: У чачэнскім руху супраціву адбыўся натуральны раскол. А. Закаеў заявіў, што ўтвораны такзваны Каўказкі эмірат ня можа быць юрыдычна прызнаны. Бо ёсьць Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя з прававымі актамі, таму дзейнічаць так у франтавых умовах няма ні сэнсу, ні магчымасьці.
На нашую думку, іншага шляху дасягненьня свабоды, акрамя палітычнага, няма. Народ невялікі, перамагчы Расею яму ня ўдасца. Яго ўзброены супраціў падобны на той, што дзейнічаў быў у Летуве. Мы таксама не асуджаем нашых партызанаў, аднак надышоў час, калі змаганьне павінна набыць новыя формы.
(Пераклаў з летувіскай В. Буйвал)