МАСКОЎСКАЯ МАФІЯ ПАЦЯРПЕЛА ПАРАЗУ Ў ЭСТОНІІ

24 красавіка латвійская газэта “Neatkariga Rita Avize” апублікавала артыкул пад тытулам “Эстонскія сьледчыя адкрылі шырокую схему расейскіх, латвійскіх і эстонскіх адмывальнікаў грошай”. Вось гэты артыкул:

Эстонскія сьледчыя адкрылі шырокамаштабную схему расейскіх, латвійскіх і эстонскіх адмывальнікаў грошай, празь якую на працягу гадоў былі легалізаваны да 64 мільёнаў эўраў (45 мільёнаў латаў), паведамляе газэта “Postimees”.

На вяршыні схемы адмываньня грошай знаходзіцца фірма “Ateka Resource”, зь якой зьвязаны сотні кампаній, бальшыня зь якіх знаходзяцца ў Расеі, але часткова і ў Латвіі.

“Гэта толькі частка карціны. Пасьля закрыцьця “Ateka Resource” грашовая плынь на Расею зьменшылася ў пяць разоў”, — сказала кіраўнік бюро па злачынных даходах Цэнтральнай крымінальнай паліцыі Крыста Аса.

На рахунак “Ateka Resource” у Эстонію пераводзіліся грошы з Расеі і Латвіі. Кампанія канвэртавала грошы ў даляры ЗША або эўры і забірала з банкаў чыстыя грошы. Потым кур'еры фірмы перавозілі сумы грошай назад у Расею. У працэсе адбываўся таксама перавод грошай з аднаго рахунка на другі, ствараліся новыя кампаніі прыкрыцьця і схаваныя каналы.

Як паказалі эстонскія праваахоўнікі, у схему адмываньня грошай былі ўключаны палітыкі, бізнэсовыя колы і людзі, зьвязаныя з арганізаванай злачыннасьцю.

Пасьля шэрагу гадоў працы праваахоўнікаў на пачатку гэтага года сьледства было завершана і было высунута абвінавачваньне фірме “Ateka Resource” і чатыром прыватным асобам — Антону Геру, Сяргею Кірылаву, Сяргею Галубаеву і Андрусу Коху.

Увосень распачнецца суд у самай вялікай справе адмываньня грошай у гісторыі Эстоніі.

Згодна тэкста абвінавачваньня, у Эстоніі былі адмыты 64 мільёны эўраў. Як паказваюць сьледчыя, гэта ёсьць даказаная сума, а сапраўдная сума грошай можа быць большая. Дзяржаўныя ворганы арыштавалі каля чатырох мільёнаў эўраў.

Агенцыя навінаў LETA

(Пераклаў з латышскай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.nra.lv/pasaule/93504-igaunijas-izmekletaji-atklajusi-plasu-krievijas-latvijas-un-igaunijas-naudas-atmazgataju-shemu.htm

Эстонскія прафэсіяналы накрылі маскоўскую банду, якая круціла і адмывала нарабаваныя брудныя грошы. Цікава, што частка згаданай банды дзейнічала з тэрыторыі Латвіі. Гэта паказвае, наколькі маскоўскія бандыцкія структуры глыбака заселі ў маленькай балтыйскай дзяржаве. Але падобна, што час расперазанага фінансавага бандытызму ў Эстоніі скончыўся. Адбываюцца хапуны і арышты, “дорогіх россіян” і іхных мясцовых памагатых бяруць пад мікіткі і знаёмяць з праваахоўнай сістэмай Эстонскай Рэспублікі.

У сувязі з гэтым нам успамінаецца даўні працоўны візыт у Эстонію ў 1989 годзе. Беларуская фронтаўская дэлегацыя начале з Зянонам Пазьняком стала сьведкай цікавай сцэны, што пэрманэнтна разгортвалася на цэнтральнай плошчы старога Таліна. Маладыя адукаваныя эстонцы спакойна вялі бясконцую дыскусію з расейцамі. Адзін імпэрскі фрукт, больш падобны на нейкага асірыйца, усё надрываўся: “Но вы же пропадёте без нас!” На гэта малады эстонец флегматычна і з лёгкім акцэнтам адказаў яму: “Ну это же мы пропадём, что вы так вольнуетэсь?”

Не прапалі эстонцы. Прападае і валіцца маскоўская імпэрыя. Гнілыя яе эліты вязуць свае крывавыя капіталы ў тую ж Эстонію і адмываюць зь іх кроў. Але і тут правал. Пасьля ліквідацыі толькі адной злачыннай канторы плынь грошай з Расеі зьменшылася ў пяць разоў. А колькі яшчэ гэтых спрутаў у Балтыі і ў нашай Беларусі! Расейскія мафіёзы павінны ведаць — на нашай зямлі іхныя “трансакцыі” і захопы нашай нацыянальнай маёмасьці зьяўляюцца юрыдычна нікчэмнымі і крымінальнымі. Законнасьць будзе адноўлена, маёмасьць будзе вернута нашаму народу.

Сымон Рудзік