ДЗІКУНСКАЯ ПРАВАКАЦЫЯ ПУЦІНСКІХ РАСЕЙЦАЎ

“Грубы жарт над ахвярамі бальшавізма на “Первом Канале”

16 красавіка артыкул пад такім тытулам быў апублікаваны ў польскай газэце “Rzeczpospolita”. Вось гэты артыкул:

Расейская зорка ў кулінарнай праграме параўнаў нарэзку пятрушкі з “разьнёй украінцаў”. МЗС у Кіеве выказала незадавальненьне. Рэакцыі ад ведамства патрабавала ўкраінская апазыцыя.

Вядучы праграмы “Смак” Іван Ургант апынуўся на прыцэле ўладаў Украіны пасьля бурнай дыскусіі і хвалі абурэньня ў украінскім Сеціве, а таксама пасьля вострай крытыкі тамтэйшай апазыцыі. Навальніца разыгралася, калі ў Сеціва патрапіў запіс зоркі, у якім вядучы параўнаў нарэзку пятрушкі да “разьні жыхароў украінскіх вёсак чырвоным камісарам”. Камэнтар суправаджаў выбух сьмеху. Госьць Урганта падліў алею ў агонь. На пытаньне вядучага, ці ён “ачысьціў нож”, той адказаў: “Я якраз страсаю парэшткі гэтых жыхароў”. Ва Украіне ўшчаўся шум. Старшыня Камісіі па Свабодзе Слова і Інфармацыі ў парляманце Мыкола Тамэнка запатрабаваў ад МЗС у Кіеве неадкладна адрэагаваць. Дэпутат апазыцыі Алег Ляшко дамагаецца прызнаньня Урганта пэрсонай нон-грата. — Калі МЗС нічога ня зробіць у гэтай справе, а гэты чалавек захоча прыехаць ва Украіну, я павітаю яго віламі, — папярэдзіў ён.

МЗС у Кіеве кваліфікавала жарт Урганта, які прагучаў на дзяржаўным тэлебачаньні, як “непавагу да мільёнаў ахвяр таталітарнага рэжыму”. Дыпламаты патрабуюць ад Першага Канала адпаведнай ацэнкі інцыдэнта.

Іван Ургант ня першы расейскі журналіст, які ў эфіры пакпіў з украінцаў. Нядаўна выкінулі з працы журналіста ў Арэнбурзе, які ў тэлерэпартажы, прысьвечаным 199-ым угодкам з дня нараджэньня ўкраінскага песьняра Тараса Шаўчэнкі сказаў, што Шаўчэнка быў “русафобам”. Ён сьцьвярджаў таксама, што “нянавісьць Шаўчэнкі да расейцаў ацанілі фашысты, якія дазволілі выстаўляць партрэты Шаўчэнкі побач з партрэтамі Гітлера”.

Тацьцяна Сэрвэтнык

(Пераклаў з польскай В. Буйвал.)

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/1000583-Brutalny-zart-z-ofiar-bolszewizmu-na-Pierwom-Kanale.html

Зразумела, што дзікі жарт ня проста так “узяў і прышоў у галаву” журналісту-кухару расейскага тэлебачаньня. Зразумела, што гэта была падрыхтаваная правакацыя, якую на загад начальства выканаў выканаўца. Беларусы добра ведаюць, што такое цяперашняе расейскае тэлебачаньне, і не зьдзіўляюцца. Гвалт, “русскій мат “велікій і могучій”, розная брыдота, дэмагогія і хлусьня — шырокая плынь “русскоязычной” тэлемаскультуры.

Але гэтая і іншыя антыўкраінскія правакацыі сьведчаць таксама, што Масква шалее ад бязмоцнасьці. Яна ўбухала мільярды ў справу разбурэньня незалежнай Украіны, яе русіфікацыі і вяртаньня там сваёй акупацыйнай улады. Але ўсё безвынікова. Україна стаіць нягледзячы на разбуральную дзейнасьць крамлёўскага монстра і яго агентуры. Вось Маскву і калоціць ад нянавісьці.

Заўважце, што такіх “жартаў” на кулінарных праграмах урганты не дазваляюць сабе пры нарэзцы бульбы. Афіцыйныя расейскія каналы і нават больш прыватныя канальчыкі калі ўжо бяруцца за беларускую тэму, то рассыпаюцца ў камплімэнтах “народу, іздревле нам родному”. Яны паказваюць, які суровы і справядлівы “бацька”, як вакол яго згуртаваліся беларусы, як усё ў нас добра функцыянуе. Усё гэта нагадвае роўнае шыпэньне ўдава, які ўжо разьзявіў пашчу і гатовы заглынуць ахвяру.

Сам удаў “вне подозреній”. Правакатарскую функцыю Масква надала ўнутрырэжымным структурам у Беларусі. Прычым выстаўляе гэтыя правакацыі як “незалежную творчасьць” дырэктараў, працоўных калектываў, прадпрымальнікаў, адным словам — самых беларусаў. Самы беларусы нібыта “кпяць з сабе”.

Апафеёзам нацыянальнай і чалавечай зьнявагі зьяўляюцца маніпуляцыі з мянушкай “бульбаш”. Заўважым, што расейскія тэлеправакатары не апусьціліся да называньня ўкраінцаў “хахламі”. Канкрэтным крымінальным злачынствам на ўзроўні дэманстрацыі зьяўляецца будаўніцтва рэстарана — публічнага дома непасрэдна каля магіл беларускіх ахвяраў у Курапатах. Яго назвалі дэманстрацыйна — “Бульбаш-хол”. Вядома, што разбудоўвае гэтую гнюснасьць маскоўская фірма. Але ўдаецца быццам “белоруссы этак сами про себя”.

Акупантам важна перад тым, як яны канчаткова захопяць нашу краіну і паняволяць наш народ, растаптаць наш нацыянальны і чалавечы гонар. Яны лічаць, што так ім будзе прасьцей выканаць сваю захопніцкую місію.

Але не захопяць і не паняволяць. Наш народ будзе супраціўляцца маскоўскаму хамству і імпэрскай агрэсіі.

Ян Булыга