МАНУМЭНТАЛІЗАЦЫЯ ПУСТЫШКІ

17 красавіка польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Вораг Пуціна перад судом. Судзяць найвядомейшага блогера”. Вось гэты артыкул:

У Ленінскім раённым судзе ў Кіраве, 900 км на ўсход ад Масквы, распачаўся працэс над адным з лідэраў антыкрамлёўскай апазыцыі Аляксеем Навальным. Яму пагражаюць да 10 гадоў лягеру. Найвядомейшы блогер Расеі, вядомы тым, што вызначыў кіруючую партыю як партыю “жулікаў і злодзеяў” і эфэктыўна змагаўся з карупцыяй, абвінавачваецца ў... злоўжываньнях у гандлі з дрэвам.

Абвінавачваньні, высунутыя супраць блогера, ня маюць (прынамсі тэарэтычна) нічога агульнага з палітыкай. Сьледчы Камітэт Расейскай Фэдэрацыі выстаўляе Навальнаму абвінавачваньні ў нанясеньні матэр'яльных страт у дзейнасьці адной з фірм у Кіраўскай вобласьці. Паводле Сьледчага Камітэту, Навальны ў 2009 годзе, будучы дарадцам выхадца з дэмакратычнай апазыцыі губэрнатара гэтай вобласьці Мікіты Бялых, пераканаў дырэкцыю прадпрыемства дрэваапрацоўчай прамысловасьці “Кіраўлес”, каб яна падпісала нявыгадны кантракт, чым выклікаў матэр'яльныя страты ў гэтай фірме, што кантралюецца дзяржавай, у памеры 16 млн рублёў (каля 518 тыс. даляраў).

Навальны: гэта распараджэньне Уладзіміра Пуціна

Апазыцыянэр не прызнаецца ў зьдзяйсьненьні чына, які яму ўмяняецца. Ён вызначае абвінавачваньні супраць сабе як сфабрыкаваныя, а сам працэс — як палітычны. Паводле Навальнага, праваахоўчыя і юрыдычныя ворганы выконваюць распараджэньне прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Апазыцыйны палітык кажа, што няма сумневу ў тым, што ён будзе прызнаны вінаватым і асуджаны. Паседжэньне суда ў сераду працягвалася няпоўную гадзіну. Праз некалькі хвілін суддзя Сяргей Бліноў адклаў разгляд справы на 24 красавіка, каб даць час новаму адвакату Навальнага на азнаямленьне з матэр'яламі сьледства.

Суд выклікаў вялікую зацікаўленасьць СМІ. У Кіраў (даўнюю Вятку) прыехала некалькі сотняў расейскіх і замежных журналістаў. Сабраліся там таксама сотні прыхільнікаў апазыцыі. У невялікай залі паседжаньняў зьмясьцілася толькі 60 журналістаў і назіральнікаў. Паліцыя ўжыла надзвычайныя сродкі бясьпекі.

Магчымы прысуд-абвінавачваньне ў кіраўскім працэсе ня дасьць магчымасьці Навальнаму кандыдаваць на прэзыдэнта. Нядаўна Пуцін запрапанаваў, каб крымінальнае пакараньне было перашкодай у кандыдаваньні таксама і ў парлямант Расеі.

Паказаў узровень карупцыі ў Расеі

36-гадовы Навальны — адвакат, блогер і змагар у барацьбе з карупцыяй — гэта адзін з правадыроў леташніх пратэстаў супраць вяртаньня Пуціна ў Крэмль. Ён стаіць начале Каардынацыйнай Рады Апазыцыі, якая сфармавалася ў выніку інтэрнэтнага галасаваньня і выпрацоўвае стратэгію для палітычных праціўнікаў прэзыдэнта. Ён вядомы перш за ўсё сваім змаганьнем за празрыстасьць у бізнэсе. На працягу некалькіх гадоў ён набываў малыя часткі акцый у кантраляваных дзяржавай канцэрнах, а потым на сваім блогу паведамляў пра выкрытыя ім парушэньні. Ён утварыў таксама партал РосПіл, прысьвечаны карупцыі.

На пачатку красавіка Навальны кінуў адкрыты выклік Пуціну, заявіўшы ў інтэрв'ю тэлестанцыі “Дождь”, якая сымпатызуе апазыцыі, што хацеў бы стацца прэзыдэнтам. — Я хачу зьмяніць жыцьцё ў гэтай краіне, хачу зьмяніць сістэму кіраваньня. Хачу зрабіць, каб 140 мільёнаў людзей у краіне, дзе нафта і газ бьюць фантанам з зямлі, жылі не ў галечы, а ў нармальнай краіне, так, як у Эўропе — заявіў ён.

Шум вакол Навальнага ўшчаўся ў 2010 годзе, калі ў адным з інтэрв'ю ён вызначыў пуцінаўскую “Едіную Россію” як партыю “жулікаў і злодзеяў”. Калі ты ўступіў у “Едіную Россію”, то таксама ёсьць злодзеям. А калі не злодзеям, то прынамсі жулікам, бо сваім прозьвішчам прыкрываеш астатніх злодзеяў і жулікаў” — заявіў ён у размове з газэтай “Esquire”. Праз кароткі час пасьля гэтага ў яго пачаліся праблемы з юрыдычным ведамствам.

red. PAP

(Пераклаў з польскай В. Буйвал).

Крыніца: http://wiadomosci.gazeta.pl/wiadomosci/1,114881,13757349,Wrog_Putina_przed_sadem__Sadza_najslynniejszego_blogera.html

Мы зноў вяртаемся да тэмы Навальнага, бо абмінуць яе не выпадае. Яна навязьлівая. СМІ ўсяго сьвету літаральна завалены паведамленьнямі сваіх рэпарцёраў з Масквы і Кірава пра геройства “аднаго з лідэраў рускай апазыцыі”. Яго ў тытулах газэт ужо назвалі проста “лідэрам рускай апазыцыі”, “мужным змагаром з Пуціным”, “ворагам Пуціна №1” і г.д. Беларусы — народ абачлівы, яны ўжо апякліся з адным “найвядомейшым змагаром з карупцыяй”, які ўсё “змагаецца” з 1994 года. Таму да сытуацыі з Навальным варта прыгледзецца яшчэ раз.

Ніяк нельга пазбавіцца ад уражаньня, што на расейскай сцэне (то ў Маскве, то ў Кіраве) разыгрываецца зацяжны спэктакль. Працэс адкладаюць, пераносяць, сотні журналістаў афармляюць камандыроўкі, “трое суток не спят ради нескольких строчек в газете...” Вэрхал несусьветны. Сыплюцца эпітэты і тытулы, скрыпіць газэтнае пер'е...

Нават постсавецкія палякі ўключыліся ў гэтую кругаверць. Ну, вось у Польшчы які-небудзь зь лідэраў “Салідарнасьці” пайшоў бы пасярод царства хунты генэрала Ярузэльскага на службу да генэрала, у губэрнатары якога-небудзь ваяводзтва. Такога польскага Бялых палякі выклялі б пажыцьцёва як Юду Іскарыёта. А разам зь ім усіх яго памагатых, сакратароў, дарадцаў і пісарчукоў. А тут нічога, дарадчык Юды-Бялых, аказваецца, ваяваў супраць рэжыму. Вядома, што губэрнатарскія ўлады бязьлітасна рабуюць народныя багацьці, у Расеі гэта традыцыйна называецца “кормленіем”. А вось дарадчык Навальны скупляў акцыі выключна для таго, каб “разаблачыць” злодзеяў. Пакуль яго самаго не выкрылі...

Далейшы пасыл ад СМІ ўсяго сьвету: Навальны быў абраны ў “дэмакратычным інтэрнэт-галасаваньні” лідэрам расейскай апазыцыі. Дык беларусам ужо знаёмыя такія “апазыц-выбары”. Так “абіралі на адзінага лідэра” мясцовага Мілінкевіча. Што праўда, не праз Сеціва, але падняцьцем рук на палянках у лесе. У выніку пачалося мясцовае і міжнароднае надзьмуваньне правінцыйнай порхаўкі. З гісторыі вядома, што нацыянальныя лідэры не абіраюцца галасаваньнем, іх абірае само жыцьцё.

І самае галоўнае. Чым жа так “раззлаваў” Навальны Пуціна і яго партыю? Ды Крэмль яму мэдаль павінен павесіць на пінжак. Навальны “аўтарытэтна” і пасіянарна заклікаў мільёны расейцаў ісьці на выбары і галасаваць за яго, за Навальнага. Заклікаў ісьці на “выбары”, дзе ніхто не падлічвае галасы. Вось каб ён заклікаў да народнага байкоту выбарчага фарсу і яго паслухалі б 140 млн “дорогіх россіян”, — гэта быў бы сапраўдны ўдар па сістэме. Ён назваў іх “партыяй жулікаў і злодзеяў”. А чаму ж ён змаўчаў, што сапраўднае іх імя — гэбізм? Што ў гэтым ёсьць корань зла. І яшчэ ў тым, што працягвае сваё гнілое існаваньне расейская імпэрыя, якую мэтазгодна распусьціць на фрагмэнты. Навальны гэтага ніколі ня скажа, бо ён уключаны ў сістэму дзяржгэбізма.

Разгортваецца фотагалерэя Сагі пра Навальнага. Аказваецца, у яго ўжо ёсьць свая Крупская (кандыдытура на лэдзі апазыцыі). Але найбольш экзатычны фотавобраз — гэта натоўп рэпарцёраў перад падсуднай пустышкай. Працяг трагікамэдыі, безумоўна, будзе...

Ян Булыга