АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (08–09.04.2013)
Варта рабіць высновы
8 красавіка 2013 г. італьянская газэта “Repubblica” напісала пра сьмерць Маргарэт Тэтчэр, “жалезнай лэдзі”, якая была адзінай жанчынай-прэм'ерам у брытанскай гісторыі.
Наш камэнтар: З біяграфіі брытанскай дзяржаўніцы італьянцы павінны вынесьці важную выснову. За 50 апошніх гадоў (а можа і больш) у Італіі не было палітыкаў, роўных Тэтчэр. Быў Альда Мора дык яго забілі на мафійны загад ягоных жа аднапартыйцаў — “хрысьціянскіх дэмакратаў”. Толькі скандалы, кармленьне з рук Масквы, камсамольская і бальшавіцкая мінуўшчына, карупцыя і мафійнае паханства — вось галоўныя прыкметы італьянскай лідэрскай публікі. Не выпадкова іхная “хадэцыя” ляснула праз некалькі месяцаў пасьля развалу СССР.
Алесь Хадасевіч
Голае прыкрыцьцё расейска-нямецкай апэрацыі
8 красавіка 2013 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” напісала пра візыт Пуціна ў ФРГ. На фота ў газэце — усьмешлівыя Пуцін і Мэркэль. Ён трымае гадзіньнік тыпу “з зязюляй” з выявай нямецкага геральдычнага арла, а яна трымае стракатую матрошку. Подпіс пад фота — “Мэркэль і Пуцін на Гановэрскім экспо: крытыка і супрацоўніцтва”.
Наш камэнтар: Вось так, сустрэліся, пабылі разам, пакрытыкавалі і будуць далей супрацоўнічаць. Ні зь якіх паведамленьняў СМІ усяго сьвету не вядома, пра што дамовіліся немцы з Масквой. Паўсюль толькі гэта “крытыка-самакрытыка” ды выявы падсадных дурнічак, якія агаліліся перад Пуціным і напалохалі Мэркэль. Голае прыкрыцьцё расейска-нямецкай апэрацыі спрацавала на 100%.
Алесь Хадасевіч
Засароміліся
9 красавіка 2013 г. французкая газэта “Le Figaro” паведаміла з расейскай Дзярждумы. Там галасаваньнем забаранілі выступаць дэпутату Д. Гудкову, “аднаму зь нямногіх, хто наважваецца крытыкаваць Пуціна”. Яго запрашае ў ЗША на круглы стол вядомая арганізацыя Freedom House.
Наш камэнтар: Мы б усё ж раілі СМІ дэмкраін выконваць “супружескіе обязанності” у поўным аб'ёме. Пішучы пра героя-антыпуцінца Гудкова, трэба хаця б спасылачкай даваць, што ён — малады афіцэр ФСБ. Гэта ўжо даўно прайшло ў расейскай прэсе. Ня трэба саромецца, спадары дэмакраты.
Юрка Марозаў
Маральныя дэгенераты на пахаваньні Тэтчар
9 красавіка 2013 г. ангельская газэта “Independent” напісала пра сьвяткаваньне ў Брыкстане. Менавіта ў гэтым горадзе адбываліся самыя драматычныя сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй падчас пратэстаў супраць палітыкі Тэтчэр у 1980-я гады. Аднак, 200 асобаў, што палілі сёлета партрэты памерлай, прытанцоўвалі і галёкалі ад радасьці, з большага або не жылі яшчэ тады, або былі малымі дзецьмі. Рэпарцёр з цяжкасьцю знайшоў у натоўпе аднаго 37-гадовага чалавека, які нешта мог расказаць пра свае ўспаміны з той эпохі.
Наш камэнтар: Невысокі розумавы патэнцыял заходняй левізны — рэч вядомая. Ім абы “пасьцябацца”, нават у такі дзень, які вымярае ўзровень маральнасьці асобы. Тлумачыць ім бессэнсоўна, што такія дзеячы, як Тэтчэр, забясьпечылі іх свабодай слова. Безь яе і іншых падобных яны б, як у Паўночнай Карэі, удавалі б масавае аплакваньне “любімых лідэраў”, націраючы вочы сьлінай. Але маладыя дурачкі па-свойму карыстаюцца заваяванай продкамі свабодай.
Алесь Хадасевіч
Швэды пішуць пра РПЦ
9 красавіка 2013 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” напісала пра заяву патрыярха РПЦ Кірыла, які выступіў супраць фэмінізма і заклікаў жанчын займацца сям'ёй і дзецьмі. На фота ў газэце — Кірыл сядзіць побач з Пуціным. РПЦ у артыкуле названа “магутнай”.
Наш камэнтар: Гэтая газэта абсалютна левая ў швэдскай палітры СМІ. Там можна рэгулярна прачытаць і пра “магутнасьць” самой маскоўскай імпэрыі. Можа гэта робіцца для таго, каб швэдам не было сорамна, што яны 300-200 гадоў таму прайгралі ўсе войны расейцам? А можа таму, што крамлёўская “кубышка” дазваляе трымацца газэце на плаву. Але на здымку генэрал ФСБ Кірыл і палкоўнік ФСБ Уладзімір (на ўзорыстым залатым фоне крамлёўскіх пакояў) выглядаюць сапраўды эфэктна.
Алесь Хадасевіч
Зноў пра катастрофу пад Смаленскам
9 красавіка 2013 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала:
“Газэта “Комсомольская правда”, якая лічыцца пракрамлёўскай, папракае Польшчу ў тым, што яна запавольвае сьледства ў справе катастрофы польскага Ту-154М пад Смаленскам і выкарыстоўвае гэта ў сваіх нападках на Расею. “Польшча спрабуе раздзьмуць з трагедыі новы канфлікт, калыхаючы паветра сваімі “разаблачальнымі сэнсацыямі”, якія пасьля праверкі акажуцца чарговай лухтой”, — чытаем у газэце.
Закіды беспадстаўныя — адказвае Генэральная Пракуратура Польшчы”.
Наш камэнтар: Як шмат даведаліся і яшчэ даведаюцца палякі пра Маскву і Расею. Трэба было перажыць такую маштабную трагедыю, страціць прэзыдэнта і значную частку эліты ад рук Масквы, каб схамянуцца і задумацца над тым, што за імпэрыя знаходзіцца на Усходзе. Імпэрыя цяпер “нічтоже сумняшеся” даказвае, што “палякі самы ва ўсім вінаватыя”.
Юрка Марозаў