СУДЗІЛІШЧА “СУДЗІЛА” СЯРГЕЯ КАВАЛЕНКУ

29 сакавіка завершыўся суд над сябрам КХП — БНФ Сяргеем Каваленкам. Суддзя Першамайскага раённага суду г. Віцебска Валянціна Кісьмярожкіна прызначыла яму пакараньне штрафам у памеры 1 мільёна рублёў. Рэжымнае судзілішча абвінаваціла патрыёта ў “хуліганстве”. Як заўсёды, у памяшканьні суду і ў зале паседжаньняў было нагнана шмат міліцыянтаў у форме і пэўных асобаў у цывільным. На патрабаваньне Сяргея Каваленкі весьці працэс на дзяржаўнай мове, суддзя адказала адмовай і запрапанавала перакладчыка з беларускай мову на расейскую. Фальшывыя паказаньні на патрыёта ў ходзе працэса давалі міліцыянты, якія яго затрымлівалі 25 сакавіка сёлета.

Нагадаем, што 25 сакавіка ўвечары Сяргей Каваленка ішоў па вуліцы, вяртаючыся дахаты. На яго наляцелі супрацоўнікі міліцыі і абвінавацілі яго ў “брыдкаслоўі і непадпарадкаваньні”. Яны закавалі яго ў кайданкі і завезьлі ў пастарунак. Ноч з 25 на 26 сакавіка ён знаходзіўся ў ізалятары аддзела міліцыі.

Падзеі ў Віцебску дэманструюць акупанцкі характар рэжыму, які навязаны нашаму народу і краіне. Рэжымшчыкі яшчэ раз паказалі, што яны баяцца мужнага чалавека, патрыёта, адданага Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу і сваёй Радзіме.

Янка Базыль