РАДАСНАГА АЛЕЛЮЯ!
Дарагія землякі, фронтаўцы, дарагія беларусы!
Хрыстос уваскрос! І сапраўды ўваскрос на векі вякоў. Віншую ўсіх зь Вялікаднем і Уваскрасеньнем Хрыстовым!
Зьмёртвыхустаньне найбольш паказала ўсяму чалавецтву, што Хрыстос ёсьць Сын Божы, бо спраўдзілася ўсё, што казалася, і, зразумела, — спраўдзіцца ўсё, што ў прышласьці.
Сьведчаньні Боскай прысутнасьці даюць сэнс людзкаму існаваньню, ўплываюць на зьмест нашага жыцьця. Любем і адстойвайма праўду і справядлівасьць, не прымайма цемры ні ў якой форме. Нашае змаганьне з цемрай і чужынскай навалай за сьветлую вольную Беларусь ёсьць Боскай справай. У гэтым сьвеце такі шлях цяжкі, але толькі ён вядзе да будучыні жыцьця.
Радасных сьвятаў! Вясёлага Алелюя!
31 Сакавіка 2013 г.
Зянон Пазьняк