АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (03–08 САКАВІКА 2013)

Францыя павінна выйсьці з Эўразьвязу

3 сакавіка 2013 г. бэльгійская газэта “Le Soir” паведаміла з Парыжа. Лідэр Нацыянальнага Фронту Францыі Мары Лё Пэн выступіла з прамовай на паседжаньні Нацыянальнай рады Фронту. Яна “афіцыйна заклікала прэзыдэнта Францыі Франсуа Алана арганізаваць рэфэрэндум па выйсьцю Францыі з Эўразьвязу”. Нацыянальны Фронт агучыў чатыры рэформы, якія ён лічыць прыярытэтнымі ў Францыі: 1. арганізаванае вяртаньне да нацыянальнай валюты; 2. роспуск Шангенскай прасторы вольнага перамяшчэньня ў сувязі з “немагчымай да вытрыманьня цыганскай праблемай”; 3. курс на эканамічны патрыятызм і рэіндустрыялізацыю з пратэкцыянізмам у межах Францыі; 4. аднаўленьне першаснасьці нацыянальнага законадаўства над эўрапейскім законадаўствам.

Наш камэнтар: Гэта ёсьць праграма і пазыцыя сапраўдных дзяржаўных і патрыятычных сілаў. Лібэралы і сацыялісты, зразумела, шалеюць і крычаць: “Фашысты!”

Алесь Хадасевіч


Наконт Сталіна — у Маскву

5 сакавіка 2013 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” апублікавала шэраг фота з розных пэрыядаў жыцьця Сталіна ў сувязі з 60-й гадавінай сьмерці маскоўскага тырана.

Наш камэнтар: Па ўсім сьвеце згадалі гэтую круглую дату. Беларусы часам чуюць ад замежнікаў: “Вось ваш Сталін...” Трэба цярпліва тлумачыць гэтым “знаўцам прадмету”, што Сталін не наш, што трэба зьвяртацца наконт яго ў Маскву. Ды расказаць пра змаганьне нашага народу супраць маскоўскай акупацыі.

Алесь Хадасевіч


Яны ўжо зблыталі забойцаў з ахвярамі народа

6 сакавіка 2013 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведаміла пра пратэст, выказаны Нідэрляндскім Камітэтам Аўшвіца. Камітэт (габрэйская арганізацыя памяці ахвяраў нацызма) пратэстуе супраць ушанаваньня магіл нямецкіх вайскоўцаў у нідэрляндскім мястэчку Гэлдэрсэ Фордэн, якое штогод наладжваецца 4 траўня мясцовай мэрыяй на дзень памяці ахвяраў вайны.

Наш камэнтар: Лібэральная Эўропа ўсё пераблытала: забойцаў і тых, каго яны забівалі. Габрэйскі камітэт адэкватна нагадаў, што гэта ёсьць зьдзек над ахвярамі народа.

Масква і прамаскоўскі рэжым РБ спрабуюць тое ж навязаць беларусам. Маўляў, афіцэры НКВД — таксама ахвяры сталінізма. Давайце, маўляў, жыць дружна. Але ня ўдасца ім задурыць голаў беларусам. Беларусы разьбіраюцца, дзе забойцы, а дзе ахвяры.

Алесь Хадасевіч


А тут яшчэ “друг Асад”...

7 сакавіка 2013 г. іспанская газэта “El Pais” напісала: “У сувязі са сьмерцю Уга Чавэса расейскія аналітыкі заклапочаны будучыняй нафтавых укладаньняў, экспрату зброі і крэдытаў, якія Масква дала Вэнэсуэле”. Цытуецца шэраг устрывожаных маскоўскіх аналітыкаў.

Наш камэнтар: Вядома, што ў Маскве аналітыкі (што да імпэрскага інтэрасу) значна лепшыя, чым мясцовыя “дэмкадры”. Маскоўцы адчулі небясьпеку чарговага маскоўскага правалу. А тут яшчэ ў Сірыі валіцца “друг Асад”...

Юрка Марозаў


Амэрыцы пагражаюць

7 сакавіка 2013 г. нарвэжская газэта “Aftenbladet” напісала пра пагрозы паўночнакарэйскага кіраўніцтва распачаць атамную вайну супраць ЗША і Паўднёвай Карэі. На здымку ў газэце — тысячы і тысячы паўночных карэйцаў, сабраных на цэнтральнай плошчы Пхэньяна. Усе аднолькавыя: напружана выпрастаныя, суровыя твары, паднята правая рука са сьціснутым кулаком.

Наш камэнтар: Бачна, што людзей сагналі ў натоўп і загадалі прыняць аднолькавую позу. У П. Карэі такое яшчэ магчыма. А вось у Беларусі на такое ўжо не наважыўся б акупацыйны рэжым. Беларусы і не пайшлі б маніфэставаць за вайну супраць Захада і ў аднолькавую позу ўставаць бы не сталі.

Алесь Хадасевіч


Ёсьць народы, якія здольныя абараніць сябе

7 сакавіка 2013 г. славацкая газэта “SME” напісала з Гаагі. Нідэрляндская пракуратура паведаміла, што ня будзе выстаўляць абвінавачваньне супраць генэрала, які камандаваў нідэрляндскім аддзелам пад эгідай міжнародных сілаў дзеля падтрыманьня міру ў Босніі. У ліпені 1993 г. армія басьнійскіх сэрбаў заняла мястэчка Срэбраніца, дзе пад афіцыйнай абаронай міжнародных сілаў сабраліся многія тысячы басьнійскіх мусульманаў. Нідэрляндскія жаўнеры не сталі бараніць людзей. Сэрбы расстралялі больш за 8 тысячаў мужчын і падлеткаў. Цяпер гаагская пракуратура заяўляе, што нідэрляндскі генэрал Том Карэманс не нясе адказнасьці за гэтае злачынства.

Наш камэнтар: Басьнійскія мусульмане верылі ў міжнародную дапамогу і спадзяваліся, што ўдасца перажыць вайну і неразьбярыху. Але чужынскія гастралёры не баранілі іх і не зьбіраліся рабіць гэта. Пасьля гэтага жудаснага злачынства народ зразумеў, што можна спадзявацца толькі на сябе. Мужчыны і падлеткі ўжо не чакалі, калі іх будуць забіваць. Яны пачалі ўтвараць вайсковыя аддзелы і ўзброівацца. Натуральная хада падзеяў выявіла ў народным асяродку сапраўдных лідэраў, вайсковых спэцыялістаў і камандзёраў, які заняліся арганізацыяй народнага супраціву. Палітычнае кіраўніцтва Босьніі перастала пісаць пэтыцыі ў міжнародныя арганізацыі і апэляваць да гуманізму. Басьнійскія міністры паехалі да сваіх адзінаверцаў у мусульманскія краіны і прасілі дапамогі ў іх. Адтуль шырокай плыньню пайшла гуманітарная, мэдычная і вайсковая дапамога. Прыбывалі атрады дабраахвотнікаў, артылерыя і танкі. Народ пачаў змаганьне не на жыцьцё, а на сьмерць. І перамог забойцаў.

Юрка Марозаў


У нас усё гатова

7 сакавіка 2013 г. вугорская газэта “Magyar Nemzet” паведаміла, што ўлады Вэнэсуэлы вырашылі забальзамаваць цела Уга Чавэса і назаўжды выставіць яго пад празрыстым купалам у сталічным музэі рэвалюцыі.

Наш камэнтар: У беларусаў няма музэя рэвалюцыі, затое ёсьць шмат “лядовых палацаў” дыктатуры. Мумію мясцовага начальніка можна будзе без праблем трымаць пасярод лядовага поля, у хакейнай уніформе, на нагах залатыя канькі...

Юрка Марозаў


Прыдумалі сабе абмежаваньне

7 сакавіка 2013 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала: “Увядзеньне паслабленьняў пры ацэнцы на выпускным экзамене па летувіскай мове ў школах нацыянальных меншасьцяў, у тым ліку ў польскіх, было палітычнай памылкай ураду. — сказала прэзыдэнт Летувы Даля Грыбаўскайтэ.

Наш камэнтар: Такія “паслабленьні”, сапраўды, выглядаюць як нейкая недарэчнасьць, як паказчык нейкай непаўнавартасьці пэўнай часткі грамадзтва. У Беларусі гэтая праблема знаёмая. У нас даўно існуе меншасьць, якая любіць публічна дэманстраваць гэтую непаўнавартасьць (кур'ёзна, што робіць яна гэта з пыхай): “А мы не понімаем по белорусскі. Мы — деті военных...” Нашчадкі акупантаў і асаднікаў прыдумалі сабе “алібі” і зьбіраюцца праехацца на ім, як на кабыле, праз усё жыцьцё.

Юрка Марозаў


Маскоўскі хлам

8 сакавіка 2013 г. летувіская газэта “Kauno Diena” паведаміла, што ў Эстоніі быў адключаны апошні савецкі радар, які яшчэ служыў на эстонскай вайсковай базе непадалёк ад Таліна. Камандуючы эстонскіх ваенна-паветраных сілаў Якая Тарыенас заявіў, што “савецкія радары Р-37 састарэлі як тэхнічна, так і маральна”. Радары перададзены ў музэй авіяцыі.

Наш камэнтар: У беларускіх музэях ёсьць дастаткова месца для маскоўскага хлама, на якім яшчэ вымушана дзейнічаць Беларуская армія.

Алесь Хадасевіч