СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ
Зусім нядаўна ў інфармацыйнай прасторы зьвінелі “восторгі” у сувязі з усталяваньнем на вуліцах некалькіх гарадоў Беларусі вялікіх плакатаў (“білбордаў”) з надпісамі па-беларуску пра “маму і родную мову”. “Восторгі” кіраўніка ТБМ А. Трусава і яшчэ некалькіх беларуска-савецкіх пісьменьнікаў наконт “павароту ўладаў да роднай мовы” выклікалі сьмех і скептычную рэакцыю нераўнадушнага грамадзтва. Усе ведалі, што плакаты гэтыя доўга не правісяць. І сапраўды, іх ужо няма, пра іх ужо забыліся.
Да каго і да чаго павярнуліся акупацыйныя русіфікатарскія ўлады, жыхары беларускіх гарадоў даведаліся ў сярэдзіне лютага. На новых “білбордах” — выява беларускага хлопчыка ва ўніформе “сувораўскага вучылішча”. Над ім — эмблема з профілямі расейскіх ваен-дзеячаў Нахімава і Суворава. Ёсьць таксама тэкставая рэклама “Белорусского суворовско-нахимовского союза”.
На сайце гэтага “союза” мы прачыталі наступнае, цытуем:
“Основные направления деятельности:
— Популяризация суворовско-нахимовских традиций честного и преданного служения Отечеству.
— Объединение персональных качеств и возможностей каждого члена союза в твёрдый сплав, который будет являться надёжной опорой государственности”. Ну, і гэтак далей.
Адмірал Нахімаў у сувязі з адсутнасьцю мора ў Беларусі ня дзейнічаў і беларусаў не забіваў. Але вось пра архіката Суворава распавядаць дадаткова нікому ня трэба. Абодва маскоўцы чужыя і варожыя нам. Што такое ў трактоўцы згаданага “союза” такія фэномэны, як “Отечество” і “государственность” мы таксама ведаем. Гэта ёсьць Расея (“велікая і неделімая Россія”) і яе крамлёўска-лубянская Імпэрыя Зла. Вось пра што чарговая хваля лукашыстоўскіх “білбордаў”.
Элемэнтарны аналіз тэкстаў “союза” паказвае, што зьляпаны яны мясцовымі кадрамі РБ. Расейская мова ў іх каравая і няўклюдная, тыповы стыль правінцыйнага палітаддзела. Асабліва нам спадабаўся пасаж пра “твёрдый сплав”.
Але шкоду гэтыя стылісты нясуць нашаму грамадзтву канкрэтную. Сваёй “популярізаціей” яны вучаць беларускіх дзяцей і іх бацькоў “быть готовымі умереть за Россію”, як гэта наўпрост сфармуляваў Лукашэнка. Дзе-небудзь у балтыйскіх краінах або Грузіі гэтыя акупанцкія вывескі правіселі б вельмі кароткі час. Іх апэратыўна ліквідавалі б мясцовыя падлеткі, якіх сям'я і грамадзтва выхоўваюць у любові да нацыі і роднай краіны.
* * *
У Празе 20 лютага адбыўся “сход беларускіх аб'яднаньняў Эўропы”. Прысутнічалі прадстаўнікі з Польшчы, Чэхіі, Эстоніі, Бэльгіі, Швайцарыі і Летувы. Яны “каардынавалі сваю дзейнасьць”. Сабраў іх у Празе мясцовы “Союз за модернізацыю” (кіраўнік русскоязычный товарішч Францкевіч). На здымках у Сеціве мы не пазнаем амаль нікога: ні паводле цяперашняй іхнай дзейнасьці за мяжой, ні, тым больш, па нейкіх беларускіх справах у Беларусі. У залі паседжаньня не было заўважана Бел-Чырвона-Белага Сьцяга. Яго не было. Цікава, што не прысутнічалі асобы з катэгорыі “а ну-ка, девушкі” (Н. Маковік і інш.). Падобна, што сапраўдныя закулісныя арганізатары гэтай дзейнасьці ўжо ня хочуць засьвечваць гэтых мадам, якія так пасьпяхова працуюць на ніве абслугоўваньня інтарэсаў расейскай мафіі ў Заходняй Эўропе.
Што ж вырашыў “высокі сход”? Радыё Свабода паведаміла, што яны будуць ствараць агульны сайт для “беларганізацый Эўропы”, ладзіць пікеты ля офісаў Міжнароднай арганізацыі хакею, летнік з вывучэньнем беларускай мовы і фотавыставу пра Чарнобыль. Праграма “багатая”. Мяркуючы па ўсім, надзьмуваецца чарговая (гэтым разам міжнародная) бурбалка, якая падкрэсьлівае, што “мы — не пад сьцягам” і “мы — не палітыкі”. Чым яны будуць займацца далей, пакажа час. Але зразумела, што бурбалка будзе выкарыстана перш за ўсё для апраўданьня грантаў а ззаадно для рэкламы структураў і дзеячаў псэўдаапазыцыі на Захадзе.
* * *
Рэжым адзначыў Дзень Роднай Мовы рэпрэсіямі. 21 лютага таленавіты скульптар Гэнік Лойка выйшаў з транспарантам перад будынкам гімназіі №4 у Менску, якая яшчэ нядаўна называлася беларускамоўнай. Напярэдадні Дня Мовы стала вядома, што ў Беларусі не засталося ніводнай навучальнай і дашкольнай установы, якія б называліся “установа з беларускай мовай навучаньня”. Цяпер маскальшчына дададзена ў іх афіцыйна. Беларусы зразумелі гэта як чарговы крок рэжыму па зьнішчэньню беларускай мовы ў Беларусі.
На Гэніка Лойку напалі дзецюкі ў цывільным, завалаклі яго ў машыну і адвезьлі ў пастарунак міліцыі. Пасьля складаньня пратаколу яго накіравалі ў суд. Суддзя Людзьміла Лапо куражылася і паводзіла сябе расперазана. Яна зьдзеквалася з беларускай мовы сп. Лойкі, заяўляла, што не разумее яе. Потым выдала прысуд “за несанкцыянаваны пікет” — 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Паводзіны гэтай асобы былі настолькі нахабнымі, што людзі з народнай партыі, якія назіралі судовы спэктакль, папярэдзілі яе аб адказнасьці, якая будзе да такіх, як яна, незваротнай.
Эпізод сьведчыць аб тым, што пара ўжо беларусам перастаць апэляваць да антыбеларускага рэжыму і па магчымасьці не падстаўляцца пад рэпрэсіі. Усяроўна рэжымныя служкі будуць куражыцца і вырабляцца. Сілы і арганізатарскія здольнасьці беларусам трэба скіраваць на стварэньне паралельнай сістэмы беларускай адукацыі і выхаваньня, сістэмы, незалежнай ад рэжыму. Трэба ствараць хатнія школкі, зьбіраць дзяцей, вучыць іх у роднай мове, арганізоўваць зь імі заняткі і забавы па-беларуску. Ня трэба даваць магчымасьці акупантам куражыцца над нашымі людзьмі і нашым нацыянальным гонарам. Беларуская грамадзкая альтэрнатыва ў сфэры адукацыі — магутная зброя барацьбы супраць злачыннай палітыкі русіфікацыі. Так рабілі і робяць усе народы, якія супрацьстаялі або супрацьстаяць акупантам.
* * *
Выйшла чарговая пашыраная брашура пад эгідай Радыё Свабода. Гэта — “Справа Бяляцкага” пяра журналіста Валера Каліноўскага. Гэта, як зазвычай у іх, зборка тэкстаў ранейшых перадач на вызначаную тэму. Зборка фактаў і небыліц. Мы ня будзем гэтым разам аналізаваць тэксты. Цікавей пагартаць фотаздымкі, якія ёсьць у брашуры. Там здымкі самога А. Бяляцкага, за кратамі падчас судовых паседжаньняў і на волі. Ёсьць фота супрацоўнікаў ягонай “Вясны”. Таксама ёсьць фота тых больш і менш вядомых асобаў, якія цяпер бароняць яго. Найбольш выразны фотаздымак прысьвечаны акцыі групы асобаў 25 верасьня 2011 г. пад мурамі менскай турмы Валадаркі. У пэўным сэнсе гэты здымак ёсьць квінтэсэнцыя ўсяе брашуры і ўсяе дзейнасьці гэтых асобаў.
Перад уваходам у Пішчалаўскі замак стаяць чалавек 15. Усе весела сьмяюцца. У некаторых на маечках — партрэт А. Бяляцкага. Мабыць, з гэтай нагоды ім весела. Так цяпер модна праводзіць мерапрыемствы салідарнасьці зь вязьнямі. Каб было яшчэ весялей, удзельнікі трымаюць у руках па каляроваму балёніку. Падзьмуў вецер, і балёнікі яркай чарадой хіснуліся ўправа. У кампазыцыі атрымалася так неабходная дынамічная лінія. Сярод прысутных можна пазнаць супрацоўнікаў “Вясны”, а таксама старшыню Гэльсінскага камітэту РБ тав. Гулака і былога кандыдата ў прэзыдэнты тав. Казуліна. Яны таксама сьмяюцца. Вось так, пасьмяяліся, пастаялі і пайшлі вясёлым шэсьцем па горадзе. Зразумела, што ў гэтай публікі не было з сабою Бел-Чырвона-Белага Сьцягу (“а зачем?”). З такой сістэматызаванай прафанацыяй-імітацыяй сп. А. Бяляцкаму складана вызваліцца з замку.
* * *
22 лютага Лукашэнка выступаў у амплуа булачніка. Распавядаў, якія павінны быць булкі, як іх трэба пекчы і г.д. Але грамадзяне вельмі ўважліва сачылі за гэтым тэлевыступам і не кпілі. Справа ў тым, што ў тэлеанонсе было пазначана: на сталічным хлебзаводзе “презідент” зробіць нейкую заяву наконт дэвальвацыі.
Пра булкі ён гаманіў доўга, з натхненьнем. І вось нарэшце дайшоў да дэвальвацыі. Сказаў, што яе (зразумела) ня будзе і ўсё гэта “мы так не делаем”. Толькі людзі заўважылі, як пры гэтым пасажы ён актыўна залыпаў вачыма. Бачна было, што нават прафэсіяналу жанру хлусіць ня так і проста. Станіслаўскі гукнуў бы з суфлёркі: “Ня веру!” Не паверылі і беларусы. Стала канчаткова зразумела, што рэжым набліжае нас да чарговага фінансава-эканамічнага правалу.
Янка Базыль