НАДАКУЧЛІВАЯ ІМІТАЦЫЯ Ў ПРАЗЕ

17 лютага ў “дэмСМІ” пайшло паведамленьне пра пікет у Празе перад амбасадай РБ. Тон паведамленьня быў драматычны і нават крыху пагрозьлівы. Маўляў, пасольскія лукашысты так напалохаліся пікецёраў, што “забарыкадаваліся і выклікалі паліцыю з сабакамі”. Ну, гэта яны дарма так драматызавалі. Той з фронтаўцаў, хто ўдзельнічаў у пікетах у самых дэмакратычных краінах, той ведае, што так яно бывае заўсёды. Паліцыя заўсёды прысутнічае: бароніць і пікетоўцаў і аб'ект пікетаваньня.

Хто ж гэта так “напалохаў” пасольскіх лукашыстаў? Інтэрв'ю з фота даў такі Аляксей Францкевіч, які прадставіўся арганізатарам акцыі. Ён сказаў: “В качестве благодарности мы подарили сотрудникам полиции сувениры — деньги последней диктатуры Европы”. (Канец цытаваньня).

Можа сп. Францкевіч ня ведае, што апошняй дыктатурай Эўропы зьяўляецца імпэрская Расея? (А зрэшты, можа й няведае) Цяпер жа так модна паўтараць гэтыя заходнія прыдумкі пра нашу акупаваную Беларусь. Тым больш, што акупацыя — заўсёды дыктатура. Хто такі гэты А. Францкевіч, які сабраў 10 чалавек і раздаваў беларускія грошы ў Празе? Калі ён зьявіўся ў Чэхіі, невядома. Але ён пасьпеў засьвяціцца ў шэрагу псэўдаапазыцыйных і прафанатарскіх дзеяў у Празе ў 2012 годзе. Па-беларуску ён размаўляць ня ўмее, нават двух словаў зьвязаць (у сёньняшніх варунках акупацыі краіны гэтым усё сказана, што тут за “змагар”). Адным словам, тыповы “скіталец” з РБ на прасторах Эўропы. Але актыўны-адаптыўны тып. Быў заўважаны на знакамітым сходзе некалькіх дзеячаў у Празе ў сьнежні 2012 г. пад кіраўніцтвам Н. Маковік на тэму “стварэньня ў Празе “белдому” — альтэрнатыўнай амбасады Беларусі”. Асоба Н. Маковік аказалася настолькі падмочанай, што бальшыня ўдзельнікаў сходу праз колькі дзён дэзавуіравалі яе заявы і адмежаваліся ад яе. А. Францкевіч такіх заяваў не рабіў і “остался верен” піяр-даме, якая прэтэндавала на лідэрства ў беларускай дыяспары ў Чэхіі. На згаданым пікеце Н. Маковік не было, ды й апошнім часам нешта яе не чуваць. Падобна, што яе пакуль адсунулі ў цень і дасталі з калоды чарговага “валета” замест “Віновай дамы”.

Раней А. Францкевіч прагучаў у сувязі з адкрыцьцём на ягонае імя “беларускага хостэлу” у Празе (дзелавы таварыш!). А потым у вернісажы, калі ў Празе адкрывалася фотавыстава пра сямейнікаў палітзьняволеных у Беларусі. Паўсюль гэты Францкевіч выступаў па-расейску (задакумэнтавана на YouTube). Згаданая выстава — гэта фотапартрэты работы менскага фатографа Дубініна. Да фотаў у Сеціве падаецца растлумачэньне пра падзеі на “выбарах 2010 года”. Хто і навошта павёў людзей на псэўдавыбары дыктатуры, а потым у паліцэйска-гэбоўскую пастку на пл. Незалежнасьці, у растлумачэньні не напісана. Затое ёсьць пра сёньняшнюю сытуацыю, цытуем агітку:

“Население Беларуси живет в условиях информационной изоляции, пресса контролируется государством, а доступ к независимым СМИ ограничивается. Мы видим аресты, суды над десятками человек, но это только верхушка айсберга. Репрессии затронули сотни родственников и друзей, а страх поселился в сердцах тысяч белорусов.”

Сфармулявана эфэктна. Як заўсёды ў творчасьці псэўдаапазыцыі, пра вайну Масквы і прамаскоўскага рэжыму супраць беларускай мовы і культуры няма аніслова. Але ў іх заўсёды так. Яны й беларускія грошы раздаюць са зьдзеклівай усьмешачкай: маўляў, вось якая недарэчнасьць, пара пераходзіць на расейскі рубель. І пра “страх в сердцах белоруссов” яны заўсёды паведамляюць з гатоўнасьцю.

У дадатак трэба сказаць, што А. Францкевіч кіруе нейкай структуркай пад фэнамэнальным тытулам “Союз за модернизацию”. Што гэта за “союз” і адкуль, нікому не вядома. Але вядома, што беларусы ў Празе паведамляюць: гэты Францкевіч прэтэндуе на арганізатарскую ролю ў мясцовым беларускім жыцьці. Робіць ён гэта арыгінальна. Запрашае ўсіх, напрыклад, на адкрыцьцё выставы, але кажа, што час сустрэчы паведаміць потым. І не паведамляе. А на вэрнісажы фігуруе адзін, сам раздае інтэрвію, робіць сьпічы, пазіруе перад відэакамэрамі і г.д.

Вырысоўваецца яшчэ адзін, чарговы “Союз меча і орала” ў стылі Ільфа-Пятрова. Сьмешна гэта ўсё і сумна. Але што ёсьць, тое ёсьць. Кадравая рэальнасьць. Тыпалагічная публіка лёгка пазнаецца.

Янка Базыль