ЗЬНІШЧАЛЬНІКІ КУРАПАТАЎ ХОЧУЦЬ ПАМЕНШЫЦЬ АХОЎНУЮ ЗОНУ, КАБ ЗАХАВАЦЬ РЭСТАРАН-БАРДЗЕЛЬ

6 лютага “незалежныя дэмСМІ РБ” паведамілі нам чарговую сэнсацыю. На прыёме ў міністра культуры РБ пабыла Г. Шапуцька, вядомая сваёй псэўдаактыўнасьцю на тэрыторыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах і вакол яе. Да паведамленьня Радыё Свабода яна дадала нават свой камэнтар, у якім (нягледзячы на непісьменнае выкарыстоўваньне беларускай мовы) выказаны сэнс гэтага візыту да лукашыстоўскага начальніка па культуры. Цытуем камэнтар:

Імя:: Ганна Шапуцька
06.02.2013 16:10
Хачу сказаць, што пытнанняў да міністра культуры было шмат, а гэта было адно з іх і не самае галоўнае. Сустрэча адбылася станоўчай, Дыялог быў распачаты, здаецца па шэрагу пытанняў мы знайшлі паразуменне. Галоўнае пытанне сустрэчы — гэта магчымыя зменны пры распрацоўке праэкта ахоўных зон Курапат і ўдзел прадстаўнікоў грамадскасці ў абмеркаванні. На вялікі жаль, карэспаднэнт вельмі прыблізна агучыў тое,што я казала. (http://www.svaboda.org/content/article/24894260.html)

Значыць, вырысоўваюцца дзьве асноўныя тэмы “міністэрскага абмеркаваньня” з Г. Шапуцькай. Тэма першая — “магчымыя зьмены” пры распрацоўцы праекта ахоўных зон Курапатаў. Патрыётам вядома, што антыбеларускі рэжым рыхтуе (з дапамогай фальшывых псэўдаабаронцаў тыпу Шапуцькі і Кузняцова) зьмены ў вызначаныя Законам межы тэрыторыі Народнага мэмарыялу, зьбіраюцца перанесьці гэтыя межы бліжэй да Мэмарыяла і паменшыць такім чынам яго тэрыторыю. У выніку акажацца, што ўсе пабудовы блюзьнерскага комплексу рэстарана-бардэля “Бульбаш-хол” апынуцца па-за зонай аховы Помніка рэспубліканскага значэньня — Народны мэмарыял у Курапатах. Можна будзе “абсалютна легальна” завозіць путан, гарэлку, музыку і адкрываць вэртэп каля нашай сьвятыні.

Тэма другая — “удзел прадстаўнікоў грамадзкасьці ў абмеркаваньні”. Прадстаўнікі, кшталту Г. Шапуцькі, будуць “абмяркоўваць” усё і пагаджацца на ўсё. Такое мы назіраем на працягу апошніх 25 гадоў абароны Курапацкай сьвятыні. Для таго, каб агучыць “зьмены”, рэжыму трэба было скарыстаць Г. Шапуцьку пад выглядам “грамадзкасьці”.

Папярэднікамі цяперашніх “грамадзкіх абмеркавальнікаў” былі вядомыя пэрсанажы псэўдаапазыцыі Слава Сіўчык, Паша Севярынец, І. Жыхар, В. Арэшка і іншыя больш дробныя дзеячыкі. Яны падпісвалі з рэжымам пагадненьні на ўсё, на любы акт зьнішчэньня нашай сьвятыні. Пасьля іхных “пагадненьняў” патрыётам-фронтаўцам з цяжкасьцю прыходзілася ратаваць магілы пакутнікаў і крыжы ад поўнага зьнішчэньня. Манера сёньняшніх “грамадзкіх прадстаўнікоў” тая ж самая. Яны робяць гучныя і блытаныя заявы пасьля сваіх сустрэчаў з начальнікамі рэжыму. Сапраўдныя абаронцы Курапатаў добра разумеюць, што мінкультуры антыбеларускага рэжыму існуе для выкананьня праграмы русіфікацыі і ліквідацыі ўсяго беларускага ў Беларусі. Няма пра што “раіцца і задаваць пытаньні” у гэтай лукашыстоўскай канторы. Але шапуцькі-кузняцовы ствараюць “грамадзкую” дымавую заслону, якой спрабуюць прыкрыць вандальскія дзеяньні рэжыму.

Набліжаецца вясна. Падстаўныя псэўдаабаронцы ўжо паведамілі грамадзтву, што рыхтуюцца да новай хвалі дзеяньняў у Курапатах. Вядома, што іх абслугоўваюць міліцыя і КГБ рэжыму, ім даюць рэкламу “дэмСМІ”. Дзейнасьць гэтых няшчырых асобаў небясьпечная. Яны зьяўляюцца арганічнай часткай структураў антыбеларускага рэжыму. Сапраўдныя абаронцы Курапацкай сьвятыні будуць бараніць магілы і крыжы ад гэтай навалы.

Алесь Хадасевіч