АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (06–09.02.2013)
Псэўдасэнсацыя, якая ляжыць у Маскве
6 лютага 2013 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала зь Беларусі. Журналісты “Комсомольской правды в Белоруссіі” безвынікова шукалі арыгінал Дамовы аб скасаваньні Савецкага Саюза, падпісанай 8.12.1991 г. у Віскулях у Беларусі. Яны апытвалі падпісантаў дамовы Шушкевіча і Краўчука, а таксама Валерыя Ціхіню, які ў 90-я гады займаў пасаду выканаўчага сакратара СНД. Яны ня ведаюць, дзе дакумэнт.
Наш камэнтар: Камсамольскія “журналісты” з кіруемай Масквой газэткі наладзілі хваткую “сэнсацыю”, за якую ўхапіліся нават у сур'ёзнай польскай прэсе. Мяркуем, што такім чынам псэўды хацелі б нагадаць яшчэ раз беларусам і ўсім іншым, што, маўляў, вось хто распусьціў быў савецкую імпэрыю.
Але беларускія патрыёты ведаюць, што не згаданыя “распушчальнікі” ліквідавалі сваімі подпісамі саўдэпію. Яны памятаюць, як путчыста В. Ціхіню грамадзяне прыхапілі каля Чырвонага касьцёла ў Менску ды абплявалі за спробы ратаваць СССР у жніўні 1991 г. Вызваляў Айчыну з маскоўскага палону фронтаўскі авангард беларускага грамадзтва пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Вось у іх і трэба пытацца пра сапраўдныя падзеі, а не тлуміць галаву віскулёўскай паперкай (якая, безумоўна, ляжыць у Маскве).
Алесь Хадасевіч
Гэтых не заўважаць
7 лютага 2013 г. бэльгійская газэта “Soir” апублікавала нэкралог на сьмерць Шаўкі Армалі, які ў 1984-2005 гг. быў прадстаўніком Арганізацыі Вызваленьня Палестыны ў Брусэлі. У нэкралогу напісана: “Ён вызначаўся імпэтам у абароне нацыянальнай палестынскай справы...”
Наш камэнтар: Бэльгійцы з павагай успомнілі пра былога дыплямата, які 8 гадоў ужо не працаваў у іхнай краіне. Тым больш, пра службовую асобу, якая дэ-юрэ ня мела сваёй дзяржавы.
Усе да аднаго “дыпляматы” РБ могуць зьнікнуць з поля зроку замежных грамадзтваў. І ніхто нават не заўважыць гэтага пэрформансу прыроды. Гэта — спрэс безаблічныя і русскоязычныя бюракраты з лубянскай выпраўкай і адпаведнымі манерамі. Яны з розным градусам імпэту служаць інтарэсам не нашай Беларусі, а іхнай Масквы. Яны абараняюць Маскву, а не Беларусь. Так што іхняе зьнікненьне не заўважыць і беларускі народ.
Юрка Марозаў
ГКЧП- буф у Тальяці
8 лютага 2013 г. славацкая газэта “SME” напісала пра судовы працэс у Маскве. Быў асуджаны на 13 гадоў турмы 64-гадовы былы агент расейскай вайсковай выведкі ГРУ Уладзімір Квачкоў. Яго ўжо арыштоўвалі і судзілі за спробу забойства крамлёўскага чыноўніка Чубайса ў 2005 г. Гэтым разам ён з паплечнікамі зьбіраўся захапіць усе вайсковыя аб'екты ў г. Тальяці на Волзе, а потым ехаць на танках у Маскву за 260 км, каб зьвяргаць уладу Пуціна. Квачкоў абвяргае ўсе абвінавачваньні.
Наш камэнтар: Гэтая сэнсацыя распаўсюдзілася праз СМІ па ўсім сьвеце. А беларусам яна падаецца чарговай правакацыяй — містэрыяй-буф у лубянскім стылі. Ёсьць у кожным фрагмэнце гэтай дзеі нешта выразна бутафорскае, апэрэтачнае. Сапраўдны рускі путч “бессмысленный і беспошчадный” пачнуць, безумоўна, не адстаўныя гэбэшнікі або грушнікі. Ён ня будзе кіраваны з крамлёўскай канторы і будзе мець не апэрэтачныя рысы. Цалкам магчыма, што гэтую дзею арганізуюць афіцэры і генэралы арміі РФ, якія люта ненавідзяць лубянцаў, што захапілі ўладу ў імпэрыі і ня дзеляцца ёю і капіталамі з вайсковымі.
Юрка Марозаў
Экзотыка экзатычнай краіны
8 лютага 2013 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведаміла з Расеі. У Пскове мужчына зайшоў у дом суседа і знайшоў таго непрытомнага. Прыехала “хуткая”, лекары канстатавалі сьмерць і адвезьлі цела ў морг. Праз два дні цела перадалі для пахаваньня, але магільшчык убачыў, што ў “трупа” дрыжаць павекі. Чалавек урэшце памёр, пасьля знаходжаньня на працягу дзьвюх сутак у моргу. Супраць лекараў распачата крымінальная справа.
Наш камэнтар: Для нідэрляндцаў гэта ёсьць экзатычная сэнсацыя з экзатычнай краіны. Для беларусаў гэтая краіна не экзатычная. Мы ведаем, што калі б падобнымі паведамленьнямі з Расеі (“на суботу-нядзелю магільшчыкі пакінулі груду трупаў на ўскрайку гарадзкіх могілак і пайшлі адпачываць да панядзелка...”) запаўняць старонкі газэт, то ні на што іншае проста не засталося б месца. Турана-мангольская традыцыя (“мілая сердцу каждого русского”) жыве і працягваецца ў суседняй імпэрыі.
Юрка Марозаў
Алімпійскі гадзюшнік у Сочы
9 лютага 2013 г. славацкая газэта “Novy Cas” напісала з Расеі пра крывавы працяг забойства мафійнага боса Аслана Усаяна, называнага Дзедам Асланам. Яшчэ пры жыцьці ён склаў сьпіс людзей на зьнішчэньне. У ім фігуруюць некаторыя паханы мафіі і іхныя супрацоўнікі. Некаторыя зь іх ужо зьніклі, магчыма ліквідаваны. Газэта называе прычынай забойства Дзеда Аслана помсту за справы на пабудове алімпійскіх аб'ектаў у Сочы. Аслан трымаў некалькі буйных фірмаў, якія будавалі і будуюць у Сочы.
Наш камэнтар: Днямі прэзыдэнт Пуцін з афіцыёзнай помпай рабіў інспэкцыю ў Сочы. Ён гукаў: “Усё амаль гатова!” Толькі афіцыёз быў фальшывы. Дзяржавай у Сочы і ня пахне. Уся Алімпіяда трымаецца на мафійных справах і разборках (як і сама дзяржава ў Расеі). Пра гэта вельмі добра ведаюць беларускія будаўнікі, якія тысячамі памкнуліся на запрашэньне фірмаў “будаваць Алімпіяду”. Бальшыня зь іх ледзь ногі вынесла з гэтага бандыцкага гадзюшніка, грошай так і не пабачыла. Зрэшты, у каторы ўжо раз на прасторах пьянай і бандыцкай Расеі.
Алесь Хадасевіч
Хваравітыя комплексы
9 лютага 2013 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра гістарычныя ўгодкі. 95 гадоў таму, — 9 лютага 1918 г. — у “Бжэсьцю над Бугем” Нямеччына і Аўстра-Угоршчына падпісалі дамову з Украінскай Народнай Рэспублікай. Паводле дамовы, частка Галіцыі і Букавіны перадавалася Украіне. Украінскую дэлегацыю запрасілі на перамовы па патрабаваньню немцаў. Польскую дэлегацыю на перамовы не дапусьцілі. Палякі ўспрынялі гэтую дамову як чацьверты падзел Рэчы Паспалітай.
Наш камэнтар: Бжэсьць (або Брэст-Літоўск) — гэта наша Берасьце. Трэба нагадаць таксама польскім гісторыкам, што і беларускую дэлегацыю не дапусьцілі на перамовы, што адбываліся ў нашым горадзе паміж немцамі і бальшавікамі. А потым у 1920-21 гг. беларускую дэлегацыю не дапусьцілі на перамовы паміж Польшчай і Савецкай Расеяй у Рызе, дзе адбыўся падзел Беларусі паміж гэтымі дзяржавамі. Пра гэта памятаюць беларусы і іншым трэба памятаць. Асабліва тым, каго заела настальгія і хто хацеў бы зноў дамаўляцца з Масквой пра новы падзел нашай Радзімы. Не атрымаецца, беларусы будуць бараніць сваю Дзяржаву.
Алесь Хадасевіч
В. Пацюнас дакапаўся...
9 лютага 2013 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала артыкул пад тытулам “Сьмерць летувіса ў Берасьце — да праўды доўгі шлях”. У трэці раз летувіскі пракурор заявіў, што сьмерць Вітаўта Пацюнаса — гэта няшчасны выпадак. Газэта згадвае пра розныя чуткі і тэорыі змовы, якія дагэтуль існуюць вакол гібелі афіцэра спэцслужбаў Летувы. У 2006 г. Пацюнас уноч з 22 на 23 жніўня выпаў з вакна нумара гатэлю, у якім пражываў падчас камандыроўкі ў Берасьце. Афіцэр быў дарадцам у Генкансуляце Летувы ў Горадні.
Наш камэнтар: Многім у Беларусі і Летуве ня верыцца, што 48-гадовы афіцэр сам выпаў з вакна гатэлю і разьбіўся. Многія кажуць, што праўда іншая. В. Пацюнас дакапаўся да фактаў карупцыі ў сур’ёзных маштабах. Ён намацаў шляхі заходняга фінансаваньня прамаскоўскай псэўдаапазыцыі ў Беларусі (вінцучкі-мілінкевічы і інш.), што ішлі праз Летуву. Насьпяваў буйны скандал, Масква напалохалася, што сарвецца яе шматгадовая спэцапэрацыя з падстаўной “оппозіціей”...
Юрка Марозаў