СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

У студзені рэжым абнародаваў сваё рашэньне даць назоў менскаму заводу алкагольных напояў. Цяпер завод будзе называцца “Бульбаш”. Такім чынам, спраўдзіліся папярэджваньні патрыётаў-фронтаўцаў аб тым, што зьяўленьне гарэлкі з такім назовам і шырокае яе рэкламаваньне не былі выпадковай і лакальнай акцыяй антыбеларускага рэжыму. Гэта быў першы крок, першы плявок у душу беларуса ў рамках алкагольнай тэмы. Тут подленька ўсё проадумана. Цяпер мярзотная, зьняважлівая мянушка распаўсюдзіцца вельмі шырока і запоўніць сабой значную прастору штодзённага жыцьця ў нашай краіне. Застракаціць: “Бульбаш — это здорово!”, “Выпіл бульбаш — і стало хорошо!” і г.д. Што было б, калі б падобную вытворчасьць назвалі б у Польшчы “Пшэк”, у Ізраілі “Жідовская морда”, ва Украіне “Хохол”, у Азэрбайджане “Чурка”? Такая лэйба праіснавала б там некалькі гадзінаў.

Адразу б прарэагавалі ўлады гэтых краінаў, якія арыштавалі б і аддалі пад суд арганізатараў такога перайменаваньня, якіх абвінавацілі б у грубай зьнявазе нацыянальнага гонару. Арыштаваных давялося б вельмі добра ахоўваць, каб іх не пакарала дубіна народнага гневу. У турме яны б мелі дастаткова часу, каб падумаць над сваімі дзеяньнямі і раскаяцца. У бізнэсе іх больш не існавала б. Хутчэй за ўсё пасьля выйсьця з турмы ім давялося б назаўжды выехаць з краіны і хавацца за мяжой, бо людзі не забыліся б на аўтараў зьнявагі. І ўсё гэта было б таму, што ў згаданых краінах існуюць абраныя народам улады.

У Беларусі дзейнічае акупанцкая, чужая і антыбеларуская ўлада — рэжым унутраннай расейскай акупацыі. Акупантам вельмі важна ня проста растаптаць і абпляваць беларусаў, але і прывучыць іх да зьняважлівага існаваньня. Акупантам такіх зьняваг народы не даруюць. Ці не даруюць беларусы — паглядзім.

* * *

Узьнялі на шчыт палахліўца. 1 лютага Радыё Свабода чырвоным радком пусьціла паведамленьне з Кобрыня пад шапкай “Гаварыў пра дзяржаўны доўг — “прайдзёмце” у КДБ”. Пэрсанаж А. Мех, названы “грамадзкім актывістам і прадпрымальнікам”, распавёў пра свой “гераічны ўчынак” і пра тое, што з гэтага выйшла. Ён стаяў у чарзе ў паліклініцы і пачаў казаць людзям пра дзяржаўны доўг РБ. Да яго падышоў чалавек у цывільным і запатрабаваў пайсьці зь ім у міліцыю. Мех паслухмяна пайшоў за гэтым грамадзянінам. Бо пазнаў у ім мясцовага міліцыянта Джыгу. Джыга завёў яго ў свой пастарунак, а потым перадаў Меха ў КГБ, дзе зь ім правялі “прафілактычную размову”. Усё пададзена Радыё Свабода як сацыяльна-палітычная драма. Хаця выглядае, як правакацыя.

У дарослых беларусаў адразу ўзьніклі пытаньні. Зразумела, што Мех напалохаўся паліцмана Джыгі, які быў не на службе і хадзіў па горадзе ў цывільным строі. Тады навошта распавядаць пра гэтага Меха, як пра героя? Каб напалохаць усіх нас? І чаго так напалохаўся гэты Мех? Ён жа разважаў не пра гвалт і нянавісьць, нават не пра асобаў рэжымнай улады. Трэба было гнаць ад сябе Джыгу і нікуды зь ім не хадзіць.

Калі беларусы будуць так палохацца кожнага джыгі ў цывільным і бегчы за імі на “размову” у КГБ — пішы прапала, значыць нашым грамадзтвам апанаваў мэтафізычны (і ў дадзеным выпадку зусім беспадстаўны) страх. Страх зь вялікай літары. Той Страх, які прывёў да здранцьвеньня людзей у 1937-39 гадах і да іхнай поўнай няздольнасьці супраціўляцца злу.

Уздымаць на шчыт баязьліўца і ганебны эпізод зь ім — гэта значыць, паказваць нашым людзям, што баяцца трэба і гэта нават “крыху гераічна”. Менавіта гэтага, магчыма, і хацелі дасягнуць арганізатары і выканаўцы гэтай кобрыньскай сцэнкі. У бліжэйшай будучыні мы наслухаемся-наглядзімся яшчэ шмат падобных эпізодаў пра “усемагутнасьць ворганаў” і “безабароннасьць людзей”. Усё гэта ёсьць часткай гэбоўска-гэбельсаўскай праграмы здушэньня волі народа да супраціву.

* * *

2 лютага даваў адказы на пытаньні слухачоў Радыё Свабода кінарэжысёр і дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімер Колас. Ён назваўся таксама старшынём Рады беларускай інтэлігенцыі. Згаданая “Рада” вядомая ў асноўным тым, што падчас кожных псэўдавыбараў акупанцкага рэжыму яна заклікае беларусаў ісьці на выбарчыя ўчасткі і галасаваць “по сумленьню”. Калі рэжым нахабна фальсіфікуе вынікі галасаваньня і абвяшчае пра сваю чарговую “элегантную перамогу”, “рада інтэлігенцыі” заўсёды знаходзіць аргумэнтацыю ў апраўданьне сваіх правальных дзеяньняў. Гэтым разам сп. Колас выдаў пра апошнія псэўдавыбары: “Калі б не “падлікі” Ярмошынай, мы жылі б у зусім іншай краіне”. Далей ён таксама выказаўся: “Даўно насьпеў час спадару Зянону Пазьняку сыйсьці з п'едэсталу і далучыцца да агульнай скансалідаванай працы...”

Такія заявы зрабіла асоба, якая са сваёй структуркай актыўна зазывала людзей паўдзельнічаць у электаральным шоў рэжыму і выступала супраць Народнага Байкоту, які адбыўся ў значнай ступені дзякуючы стараньням спадара Пазьняка і партыі, якой ён кіруе. Можа гэтая асоба і структурка адумаліся і зьмянілі пазыцыю? Не, яны зноў носяцца з выстаўленьнем “адзінага кандыдата ад дэмсілаў” на наступныя нібыта прэзыдэнцкія выбары. І запрашаюць сп. Зянона Пазьняка “сыйсьці і далучыцца” да іх. Ну й гумарысты!

* * *

З розных канцоў нашай краіны прыходзяць паведамленьні пра чалавечыя драмы. Ахвярамі драматычных дзеяньняў становяцца людзі, якія да апошняга існавалі ў рамках масавай сацыяльнай формулы: “у ніх всё ідёт хорошо, жівут благополучно, в достатке, деті-внукі прістроены, у каждого квартіра...” Як правіла, гэта эканамічна-гаспадарчыя дзеячы сярэдняга і нават яшчэ ніжэйшага зьвяна: загадчыкі складаў, прадпрыймальнікі, розныя намесьнікі. Іх цалкам задавальняў акупанцкі лукашызм, яны зжыліся зь ім, дзяліліся зь ім сваімі прыбыткамі. Яны ўжо прызвычаяліся да сістэмы лукашызма, пры якой нельга займацца гаспадарчай дзейнасьцю і не парушаць законы. Яны прызвычаяліся і былі ўпэўнены, што сістэма будзе ня проста талераваць іх і іхную дзейнасьць, але і абараняць іх і іхны дабрабыт. Так яно ў асноўным і было на працягу пэўнага часу. Гэтыя людзі не хацелі слухаць тлумачэньняў патрыётаў пра русіфікацыю, мафійную прыроду лукашызма, неабходнасьць нацыянальнай салідарнасьці беларусаў і г.д. Пасьпяховыя асобы называлі ўсё гэта “лірыкай”.

І вось у антыбеларускага рэжыму пачаліся вострыя фінансава-эканамічныя цяжкасьці. Рэжыму патрэбныя грошы, цяпер і сёньня. Разгарнулася любімая забава ўсіх аўтарытарызмаў і таталітарызмаў — раскулачваньне. Афіцыйныя рэжымныя СМІ даўно ўжо папярэджвалі, што ўсе ва ўладаў “на кручку”: прасочана, хто і які пабудаваў маёнтак, колькі мае аўтамабіляў і як гэта выглядае ў прапорцыі да заробкаў гаспадароў. Апошнім часам гэтых людзей пачалі запрашаць на “размовы” ў “ворганы” і рабіць “прапановы”, пагражаць ды ставіць умовы. Вядома, што некаторыя з гэтых людзей ня вытрымалі і пайшлі на самагубства ў той жа дзень. Настолькі аказаўся моцным стрэс пасьля шэрагу гадоў “благополучной жізні”.

Гэтыя людзі (якія сьмяяліся над нацыянальнай салідарнасьцю) аказаліся самотнымі і безабароннымі перад рэжымам, які вырашыў пакарыстацца іхным назапашаным дабром. Мяркуем, што гэта толькі пачатак “рэформ і пераўтварэньняў”, якія паабяцалі нашаму насельніцтву начальнік рэжыма і яго намесьнікі. Урэшце ўсе беларусы павінны зразумець: выратаваць кожнага і краіну ў цэлым можа толькі ліквідацыя акупанцкага рэжыму і ўсталяваньне беларускай нацыянальнай улады.

* * *

На слупах і платах у гарадах і мястэчках па ўсёй Беларусі зьявіліся аб'явы, якія нашы людзі пачалі называць “прапановамі ад Астапа Бэндэра”. Цытуем такое позьнелукашысцкае дадзыбао, якім залеплены ўсе Баранавічы.

“Быстрые наличные. Мы раздаём деньги! Не хватает до зарплаты или до пенсии, срочно нужны средства на личныя нужды, не хочется идти к соседу и одалживать или закладывать имущество. Тогда Вам к нам. Нужен только паспорт. Уже за 5 мин Вы получите наличные!” Падаецца нумар тэлефона и адрас канторки, якая называецца не як-небудзь, а “Кали ласка”.

Фронтаўцы завіталі ў кантору і сустрэлі там кліентаў у чарзе па “быстрые налічные”. Жвавы маладзён выпісваў грамадзянам грошы. Але ня больш за 200-300 тысячаў беларускіх рублёў. За гэта прасілі “ня шмат” — да 30% адсоткаў месячных. Дастаткова зрабіць простыя арыфмэтычныя дзеяньні і стане зразумелым, якім чынам узбагачаюцца легальныя падрэжымныя жулікі.

Лукашыстоўская цемра нараджае пачвараў — вялікіх і дробных, існаваньне якіх грунтуецца на народнай бядзе. Канец жульніцкіх структураў настане з ліквідацыяй акупанцкага рэжыму.

Янка Базыль