АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (02–05.02.2013)

Знайшлі пра што нагадваць

2 лютага 2013 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” нагадала пра ўгодкі авіякатастрофы пад Шчэцынам (28 лютага 1973 г.), у якой загінулі начальнікі польскай і чэхаславацкай службаў дзяржбясьпекі. Яны павінны былі ехаць у Шчэцын у купэйным вагоне, але выпілі ў Варшаве і паляцелі самалётам. Сёньня йдзе размова пра тое, што і лётчыкі маглі ляцець выпіўшы (тады было забаронена разважаць аб гэтым) ды куражыліся пры пасадцы.

Наш камэнтар: Ні 40 гадоў таму, ні цяпер ніхто з простых грамадзянаў не перажываў і не перажывае над лёсам выпіўшых гэбэшнікаў. Зразумела, чаму яны куражыліся і балявалі: меркавалі, што краіны і народы на заўжды пад іх неабмежаванай уладай. Цікава, што пра тое нагадваюць.

Юрка Марозаў


Няхай выпендрываюцца

4 лютага 2013 г. ангельская газэта “Guardian” напісала з Расеі. Улады зьбіраюцца правесьці рэфэрэндум па перайменаваньні Валгаграда ў Сталінград. Ініцыятыва зьвязана з угодкамі сталінградскай бітвы 1942-43 гг. У 1961 г. горад быў перайменаваны ў Валгаград.

Наш камэнтар: Няхай забаўляюцца “дорогіе россіяне” разам зь іхным начальствам. Няхай выпендрываюцца. Няхай вернуць усё: гарады Молатаў, Калінін, Андропаў. Няхай і Маскву назавуць Кагэбага або Пуцінградам. Сьвет з трывогай сочыць за падзеямі ў гнілой імпэрыі.

Алесь Хадасевіч


“Смешалісь в кучу коні, люді...”

4 лютага 2013 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” таксама пісала на тэму перайменаваньня Валгаграда ў Сталінград. Згадала нават Пуціна, які аргумантаваў: нават у Парыжы, маўляў, ёсьць станцыя мэтро “Сталінград”. Праціўнікі Крамля пратэстуюць супраць перайменаваньня. На здымку ў газэце — ганаровая варта маршыруе на Мамаевым кургане пад расейскім трыкалёрам, на фоне бачны гіганцкі помнік “Родіна-мать зовёт” скульптара Вучэціча.

Наш камэнтар: Сьвет назірае яшчэ адзін акт пацешнай маскоўскай эклектыкі, ад якой у нармальнай дзяржаве вылечваліся б моцнай сацыяльнай тэрапіяй. Сёньня па “Сталінградзе” маршыруе расейскае войска пад царскім трыкалёрам, які быў выкляты Сталіным і сталіністамі і пад якім ваявалі супраць саветаў хаўрусьнікі Гітлера — уласаўцы. Гігантамахія аўтарства бяздарнага Вучэціча — гэта цела антычнай Нікі Самафракійскай (знаходзіцца ў Луўры) з галавою Свабоды французкага скульптара Руда (упрагожвае Трыюмфальную арку ў Парыжы). Калі здарыцца сталінісцкае перайменаваньне, то славіць гэты акт будуць папы РПЦ разам з бязбожнікамі КПРФ. Галава ідзе кругам ад усяго гэтага маразма.

Алесь Хадасевіч


Псэўда ў пашане

4 лютага 2013 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” паведаміла, што прэзыдэнт Расеі Пуцін узнагародзіў двух малдаўскіх гісторыкаў, адэптаў тэорыі “малдавінізму”. С. Назарыя і П. Шорнікаў атрымалі расейскі Ордэн дружбы народаў за “умацаваньне дружбы паміж Расеяй і Малдовай”. Абодва яны падтрымліваюць кампартыю Малдовы і рэгулярна заяўляюць, што малдаване і румыны — гэта розныя народы, а ў 1944 г. Малдова была вызвалена ад румына-фашыстоўскай акупацыі.

Наш камэнтар: У сувязі з гэтай тэндэнцыяй трэба чакаць маскоўскіх узнагародаў для антыбеларусаў у нашай краіне. Напрыклад, тав. Хурсіку, “за разьвянчаньне Кастуся Каліноўскага і вызваленьне Белоруссіі ад мяцежнікаў у 1863-64 гг.” Масква (як і ўсе імпэрскія акупанты) зьбірае пад свае крылы ўсё псэўданавуковае сьмецьце ў розных краінах.

Алесь Хадасевіч


Эўрабюракратыя

4 лютага 2013 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” напісала, што “нямецкія гарады сутыкнуліся з наплывам румынаў і баўгараў, якія, на іх думку, нясуць пагрозу сацыяльнай стабільнасьці і згодзе”. Пра гэта напісана ў нямецкай газэце “Sueddeutsche Zeitung”.

Наш камэнтар: А разумныя людзі папярэджвалі даўно, што так яно й будзе, калі адкрываліся межы ў Эўразьвязе і туды прымалі новыя краіны. Шумнымі натоўпамі на Захад пасунуліся цыганы і многія тысячы жулікаў, гультаёў і крымінальнікаў з бяднейшых краін. Ім жа візы ня трэба. Яны для Эўропы “свае”.

Затое эўрабюракратыя моцна стаіць на мяжы з Беларусьсю. Каб атрымаць візу, беларусы плоцяць вялікія грошы, стаяць у чэргах, прадстаўляюць розныя абсурдныя, дурныя даведкі. Потым трэба прайсьці “сумоўе” з мясцовымі супрацоўнікамі кансулятаў. Апошнім часам яны, што праўда, перасталі зьневажаць беларусаў. Але ў цэлым мала што зьмянілася. Нашых людзей дапытваюць, як на Лубянцы, і вельмі часта не даюць візы.

Вось бы чуйныя лібэралі так правяралі румынскіх цыганоў.

Алесь Хадасевіч


Ім Масква ўсё патлумачыць

4 лютага 2013 г. славацкая газэта “”SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Беларусы абвінавачваюць Славакію ў парушэньнях правоў чалавека”. Газэта перадрукоўвае паведамленьне расейскай агенцыі РІА-Новості. Міністэрства замежных справаў Беларусі зрабіла заяву пра парушэньні правоў чалавека ў некаторых краінах сьвету за 2012 г. МЗС асабліва згадаў парушэньні правоў цыганоў у Славакіі.

Наш камэнтар: Калі б славацкія журналісты і іншыя аналітыкі карысталіся б праўдзівымі крыніцамі інфармацыі, а не лубянскімі калодзежамі расейскіх СМІ, то яны прынамсі не называлі б “беларускім” міністэрства акупацыйнага антыбеларускага рэжыму. Вядома, што шэраг чыноўнікаў гэтага міністэрства двух словаў ня ўмее сказаць па-беларуску. А хто ўмее, той размаўляе, думае і дзейнічае не як беларус, а ў рамках сваёй антыбеларускай кар'еры.

Але славакам і іншым гэтага не дадзена зразумець. Ім Масква ўсё папулярна растлумачвае...

Юрка Марозаў


У Маскве вялікая “сэнсацыя”

5 лютага 2013 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала, што ў Маскве выпаў сьнег і спыніў там увесь дарожны рух. Віцэ-бургамістар Масквы П. Бірукоў сказаў, што “такой зімы ў нас не было 100 гадоў”.

Наш камэнтар: Штогод дасьціпныя беларусы чакаюць каля сваіх тэлевізараў, калі камэнтатары заявяць у праграме навінаў: “В Москве неожіданно выпал снег!..” І сёлета мы дачакаліся гэтай зімовай “сэнсацыі”. Масква застыла пад сумётамі. Швайцарцаў можа і пераканаў лямант тав. віцэ-мэра, а мы спытаемся рытарычна: “Сто гадоў не было такой зімы? А як жа “генэрал Мароз”, які спыніў немцаў каля Масквы ў 1941 годзе?”

Алесь Хадасевіч