ПАМЯЦЬ І ГОНАР. 150 ГАДОЎ ПАЎСТАНЬНЯ
(Лютаўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
3-га лютага, сёлета ў Менску, адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, прымеркаваны да 150-х угодкаў Паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ: “За сваю зямлю родную”. На паседжаньні панаваў сьвяточны настрой. Сябры Сойму далучыліся да агульнабеларускай дыктоўкі на тэму Нацыянальна-вызвольнага Паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Зачытаў дыктоўку — Ліст з-пад шыбеніцы Кастуся Каліноўскага — старэйшы сябра Сойму БНФ дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня і сябра Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Мікалай Крыжаноўскі.
З дакладамі на тэму Паўстаньня выступілі сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы КХП — БНФ і БНФ “Адраджэньне”, і сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні КХП — БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Выступоўцы казалі пра Нацыянальна-вызвольнае Паўстаньне 1863-64 гг., пра гераізм абаронцаў Беларусі ад маскоўскіх захопнікаў. Яны імкнуліся накрэсьліць асноўныя рысы нацыянальнага ўздыму нашага народу, абвергнуць звычайныя стэрэатыпы савецкай і постсавецкай гісторыяграфіі.
Беларусы ўзялі ўдзел у Паўстаньні ўжо ў першыя гадзіны народнага руху. На Беласточчыне беларускія змагары штурмавалі мястэчка Сураж у ноч з 22 на 23 лютага 1863 г. Да лістапада гэтага году на Беларусі-Літве адбываліся вайсковыя дзеяньні супраць маскоўскіх акупантаў. Самай значнай бітвай паўстанцаў была баталія пад Мілавідамі ў чэрвені 1863 г., дзе аддзел паўстанцаў разьбіў тысячны аддзел расейскіх карнікаў. На Гародзеншчыне дзьве траціны паўстанцаў былі сяляне. Гэта было сапраўднае нацыянальнае Паўстаньне супраць улады варварскай імпэрыі. Праз паўтара стагоддзі пасьля паўстанцкіх падзеяў гісторыя прымушае нас пераасэнсаваць сацыяльны і чалавечы фактар даўніх падзеяў.
Многіх у Беларусі і ў сьвеце ўразіла агрэсіўная рэакцыя афіцыйных структураў рэжыму на тэму Паўстаньня 1863-64 гг. Лукашэнкаўская гэбельсаўшчына нават “спаліла” (раскрыла) некаторых сваіх агентаў (Хурсік і інш.), кінуўшы іх на збэшчаньне сьвятых беларускіх імёнаў — Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў. Для Масквы важна вычварыць гісторыю падзеяў, партрэты беларускіх герояў — вычварыць усё беларускае і сьвятое. Многім ня верылася, але рэчаіснасьць паказала, што мэтады і лексіка лукашыстоўскай прапаганды аднолькавыя і ў адносінах да Кастуся Каліноўскага і да Зянона Пазьняка: “Паляк, каталік, ненавідзеў беларускі народ...” Але той, хто прачытае творы Каліноўскага і Пазьняка, зразумее, што нікчэмнасьці спрабавалі і спрабуюць абылгаць лепшых сыноў нашай Бацькаўшчыны. Ня можа быць веры акупантам Беларусі, якія хочуць растаптаць усё сьвятое і нацыянальнае на нашай зямлі!
На Сойме быў прачытаны даклад Намесьніка старшыні КХП — БНФ спадара С. Папкова аб арганізацыі інтэлектуальнага разьвіцьця нацыі з апорай на родную мову. Гэта новая праграма “Глядзім у будучыню”, распрацаваная у Партыі, якая мусіла б быць увасоблена ў жыцьцё самой беларускай грамадзянскай супольнасьцю і перадавымі яе прадстаўнікамі. (Публікуецца)
Выступілі таксама сябры Сойму з іншых рэгёнаў краіны. Яны распавялі пра “канец НЭПа”, як называе мясцовая інтэлігенцыя рэпрэсіўныя дзеяньні апошняга часу. Рэжыму жыцьцёва неабходныя грошы. Лукашызм спрабуе садраць іх з тых слаёў грамадзтва, якія выкарысталі паслабленьні раньняга лукашызму і пабудавалі катэджы, закупілі кватэры, забясьпечылі капіталамі дзяцей і ўнукаў. Цяпер гэтых людзей выклікаюць у “славные органы” і прапануюць “падзяліцца прыбыткамі”. Размовы ў “славных органах” давялі некаторых з удзельнікаў да самагубства ў той жа дзень. Як правіла, гэта здараецца з тымі дзеячамі позьнелукашыстоўскага бізнэсу, якія на працягу гадоў гукалі: “А зачем нам этот белорусскій язык, мы і так прожівём! Экономіка не вліяет на політіку!” Аказалася, што зьнішчальнікі ўсяго беларускага зьнішчаюць усё, нягледзячы на тое, што беларусы вядуць свой бізнэс на расейскай мове...
Варварскія дзеяньні акупанцкага рэжыму Масквы прымушаюць усіх людзей Беларусі (усіх без выключэньня!) зьяднацца ў абароне нашых нацыянальных каштоўнасьцяў і багацьцяў.
3 лютага 2013 г.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Пратыі — БНФ