СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

Антыбеларускі рэжым урэшце пазнаёміў беларусаў з сваім навагоднім сюрпрызам. Лукашэнка прызначыў намесьнікам прэм'ер-міністра РБ сумна знакамітага псэўдабанкіра П. Пракаповіча. Усе памятаюць, як Пракаповіч цынічна хлусіў людзям і абяцаў, што “дэвальвацыі ня будзе, таварышы”. Дэвальвацыя сталася ў 2011 годзе ды такая, што насельніцтва рэзка зьбяднела ў тры разы. П. Пракаповіч назваўся хворым, і ўсе чакалі, што кар'ера яго скончылася. Але летась дыктатура дастала яго з загашніка і паставіла на пастарунак дарадцы Лукашэнкі. А цяпер вось такі ўзьлёт, яшчэ крок — і Пракаповіч прэм'ер! Калі людзі даведаліся пра новае прызначэньне “усьмешлівага банкіра”, то хорам выгукнулі: “Ну, цяпер дэвальвацыя гахне!” Сам П. Пракаповіч усьміхаецца, але мы ведаем спэцыфіку ягонай усьмешкі (яны ў яго, як зь вядомага рамана Віктора Гюго “Чалавек які заўсёды сьмяецца”). Мяркуем, аднак, што нават ён разумее тое, што разумеюць многія: яго прызначылі ў амплуа камікадзэ, якому вызначана “аддаць жыцьцё за імпэратара”. Цяпер, калі грымне гром, рэжыму будзе на каго зваліць адказнасьць за чарговы правал.

Але лукашызм не забываецца і на сапраўды заслужаных служакаў. Стала вядома, што электаральная фальсіфікатарка першай гільдыі Л. Ярмошына ўзнагароджана рэжымам “ганаровай граматай” з выдатнай фармулёўкай заслугі — “за пашырэньне дэмакратыі”. Гэта, канешне, не Герой Савецкага Саюза, але прыемна, што таварышы ацанілі намаганьні.

Лукашыстоўскі абсурд квітнее і лапушыцца.

* * *

Беларусы ў Беларусі засьмяяліся, убачыўшы, як Н. Маковік камандуе парадам па разгортваньню “белдома” у Празе. Беларусы ў Празе спачатку разгубіліся, а потым у адзін голас дэзавуіравалі дзейнасьць гэтай выяўленай прадстаўніцы маскоўскіх мафійных колаў на тэрыторыі Чэхіі. Усе чакалі, што ж будзе далей. А аказалася, што “наші так просто не здаются”. Днямі Радыё Свабода паведаміла, што Н. Маковік “белдом” у Празе заснавала і адкрыла нават яго інтэрнэт-старонку. На старонцы ў асноўным абяцаецца кансультацыйная дапамога для тых, хто вырашыў заняцца бізнэсам у Чэхіі. Так што рускія таварышы могуць быць задаволены: яўка не правалена (хаця пра яе цяпер ведаюць усе — ну і што?!).

* * *

17 студзеня адбыўся выбух у адным з катэджаў у раёне Цнянкі ў Менску. Катэдж быў яшчэ ў стадыі будаўніцтва, быў паранены адзін будаўнік. Цікава, што суседзі ня ведаюць, каму належыць гэты катэдж (цяпер руіна). Яны кажуць таксама, што газ да будынка ня быў яшчэ падключаны. Магчыма, што гэта быў “рукатворны выбух”.

У Расеі такое на парадку дня (“веліка Россія”). У нас беднавата з такой хронікай. Трэба зазначыць, што нашы людзі спачуваюць толькі параненаму рабочаму. У нашых людзей заўсёды паўстае пытаньне, хто будуе раскошныя палацы і палацыкі ў раскошных месцах і адкуль у іх бяруцца шалёныя грошы на гэтую раскошу? Цнянка адно з такіх месцаў — “баярскіх гарадкоў”. Пасьля ліквідацыі акупанцкага рэжыму будзе высьвятляцца згаданае “хто і адкуль?”.

* * *

Русіфікацыя ня ведае ні сьвятаў, ні выходных. Калі цар Мікалай ІІ Крывавы абвясьціў у кастрычніку 1905 года, што ў імпэрыі будзе канстытуцыя, дасьціпныя палякі ўсё зразумелі і вывелі яркі вобраз “рускай дэмакратыі”: “Сёньня ўвечары Канстытуцыю бачылі на Маршалкоўскай. Яна ехала на кані і махала нагайкай...”

Вось і мясцовы працэс зачысткі ўсяго беларускага на беларускай зямлі і ў душах беларусаў напрошваецца на партрэтнае ўвасабленьне. Мадам Русіфікацыя — гэткая Мэры Попінс у чорнай лубянскай скуранцы з адным пагонам, яна так і просіцца ў гераіні Салтыкова-Шчадрына. Гувэрнантка з канторскім дыплёмам і беззаганнай часам расейшчынай то строга і грозна, то лісьліва і пранізьліва (калі цытуе пушкінскае “Народ издревле нам родной...”) выхоўвае мільёны беларусаў. Яна так настойліва лезе ў абдымкі да выхаванцаў, што тыя ўжо стаміліся адштурхваць яе. Навязьлівай даме здаецца, што яна ўжо перамагла і дасягнула свайго, што засталося завершыць справу зь нюансамі...

Пад 150-гадовыя ўгодкі антымаскоўскага нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863-64 гадоў ненавісьнікі вырашылі назаўжды “разабрацца зь нюансамі”. Спачатку яны выпусьцілі наперад дробную істоту (аднаго кнігавыдаўца), якая звонка забрахала на сьвятую памяць вялікага Кастуся Каліноўскага. То быў толькі пачатак. Днямі адбыўся наступны акт чарнасоценнага тэатру на зададзеную тэму. Сабралі цэлую “навуковую канфэрэнцыю” у Менску, “долго совешчалісь” і абвясьцілі, што “Калиновский ненавидел белоруссов и просто не может быть национальным героем”. Напрацоўкі свайго “разоблаченія” яны будуць друкаваць у чарнасоценным лукашыстоўскім часопісе, дзе толькі назва па-беларуску — “Беларуская думка”.

Нават навагоднія сьвяты ў месцах культурнага адпачынку і творчасьці сталі для акупантаў арэнай антыбеларускай эйфарыі. У Вялікім тэатры оперы і балету ў Менску быў навагодні баль. Усім раздалі строі, напудрылі насы, іграла музыка. Публіка хадзіла кругамі і ўдавала Вэрсаль. Галоўнымі фігурамі былі Пётр І Шалёны і Кацярына І. Даведаўшыся пра гэта, беларусы спыталіся: а чаму не было загрыміраваных Мураўёва-Вешальніка, Гімлера, Цанавы і яшчэ каго са зьнішчальнікаў Беларусі? Акрамя гэтай дэманстрацыі было ў дадатак і нешта з “шчымлівага”. За чаркай сядзеў і сьпяваў пад гітару загрыміраваны Сяргей Ясенін. Адным словам, “тріумф русскості”.

Інтэнсіўная русіфікацыя ўсіх сфэраў жыцьця Беларусі прымушае задумацца над бліжэйшай будучыняй. Цалкам лагічна, што акупанты рыхтуюць “вялікую рэформу” — поўную адмену вывучэньня беларускай мовы ў беларускіх школах з верасьня 2013 года. Ужо цяпер патрыётам трэба рыхтавацца да супраціву гэтаму зьнішчальнаму наступу. Маскоўскі фашызм ня пройдзе!

* * *

З розных канцоў нашай краіны чутныя лямант і водгукі валтузьні. Аказалася, што дынамізуюцца лакальныя структуркі і асобкі падстаўной псэўдаапазыцыі, усе гэтыя партыйкі і “няўрадавыя” канторкі. Справа ў тым, што з пэўных прычын у апошнія месяцы грантадаўцы вельмі рэзка скарацілі падачу фінансавых сродкаў гэтым халяўшчыкам. Грошай перастала хапаць на ўсіх “засьведчаных барцоў за правы чалавека”. Калі так пойдзе далей, то, мабыць, паступяць паведамленьні пра выпадкі дыстрафіі ў паплечнікаў лебедько-рымашэўскіх-янукевічаў.

Нічога падобнага не здараецца пакуль што з структуркамі “Говправду”, якая стаіць, як скала, пасярод ускаламучанага грантаўскага балота. “Выясненіе отношеній” паміж грантаўскімі адбываюцца на вачах у мясцовых людзей. Сыпяцца ўзаемныя абвінавачваньні, эпітэты і мянушкі, часам даходзіць да рук і хапаньня за лацканы пінжакоў. Загучалі нават абвінавачваньні ў здрадзе “святому делу”. Бачна, што грантаўскага пайка не хапае на ўсіх. А так ня хочацца вяртацца ў постсавецкую рэчаіснасьць, на мізэрныя заробкі і з хаджэньнем на працу штодня...

У кожнага свае спосабы для выйсьця з фінансавага грант-тупіка. Пра гэта нам распавяла Радыё Свабода. У Менску засьвяціліся дзеячыкі вядомай фірмы “Вясна” (той самай, якая год таму паведаміла на Захад фальшывыя зьвесткі аб тым, што герой-фронтавец Сяргей Каваленка не зьяўляецца вязьнем сумленьня антыбеларускага рэжыму). Цяпер яны прыдумалі моб-шмоб пад назовам “ланцужковая салідарнасьць” і выставіліся фатаграфавацца з фотамі ў руках. На фотах — іншыя людзі, якія трымаюць у руках партрэты А. Бяляцкага. За тыя фоты тых людзей ужо аштрафавалі. Цяпер “барцы” Лабковіч, Стэфановіч і яшчэ адна дзяўчына пачалі пазіраваць з фотамі гэтых людзей, намякаючы, што іх таксама трэба аштрафаваць. Што ж, гераічны стыль... Маладзён Марат Абрамоўскі (начальнік структуркі пад назовам “Авангард” і арганізатар шэрагу моб-шмобаў) даволі нізка ацаніў гэты стыль: “Я б не назваў гэтую падзею з фотаздымкам Бяляцкага флэш-мобам. Класічны флэш-моб мае на ўвазе спантаннасьць дзеяньняў, адсутнасьць ярка выражанага лідэра і мэты. Такім чынам, класічны флэш-моб — гэта спосаб баўленьня часу, ён ня мае канчатковай мэты...” (http://www.svaboda.org/content/article/24887021.html).

Якая, аднак, “глыбокадумная філасофія” усяго гэтага! Дарагія юнакі і дзяўчаты, калі гэтая публіка пацягне вас на свае флэш-тусоўкі, успомніце гэтыя цытаты з выступаў гэтых флэш-мабістаў. Можа тады вам не захочацца быць клоўнамі ў гэтых дурачкоў.

* * *

У швэдскім горадзе Мальмё адбылося (як казалі б у савецкай Маскве) “історіческое событіе”. У горад прыехала вядомая стыль-рэдактарка Хартыі-97 сп. Радзіна (якую выправілі ў эміграцыю на Захад кіраўнікі крамлёўскай адміністрацыі — вядомы эпізод!). Яна раздала тром швэдам Прэмію Хартыі-97. Не паведамляецца, праўда, што гэта было такое: у грашовым выражэньні або яшчэ ў якім. Героямі-лаўрэатамі сталі прафэсійныя піяршчыкі з адной швэдскай фірмы, якая піярыць усё, што ёй замовяць кліенты: публічныя дамы, харчовыя тавары, палітычныя авантуры, хімічныя рэчывы і г.д. Гэтым разам яны прапіярылі “барцоў за беларускую дэмакратыю”, скінуўшы з самалёта плюшавых мядзьведзікаў на тэрыторыю нашай краіны. Як вядома, за піяраньне скандынаўскіх піяршчыкаў актыўна ўзяліся ўсе ворганы “незалежных дэм-СМІ” РБ. З цацачных мядзьведзікаў нават паспрабавалі зрабіць “сымваль змагарнай беларускай дэмакратыі”. Згаданая Радзіна фатаграфавалася ў розных эўрапейскіх гарадах выключна з мядзьведзікамі ў руках, удавала Свабоду на барыкадах з карціны “Мішкі ў сасновым лесе”. У Менску флэш-мобаўцы саджалі малюпасенькіх мішак у сьнег, давалі ім у лапкі лёзунгі за дэмакратыю і фатаграфаваліся. Ды толькі беларусы нешта не ацанілі прыдуркаватыя вынаходніцтвы гэтых падстаўных і не адвярнуліся ад Пагоні.

* * *

Цікавыя паведамленьні паступаюць з Расеі. У Кіраве адбываецца даволі маштабная апэрацыя паліцыі і спэцслужбаў. Праводзяцца затрыманьні, ператрусы, допыты. Сярод іншага пачаўся ператрус у кабінэце губэрнатара Кіраўскай вобласьці Мікіты Бялых. Яго і групу таварышаў абвінавачваюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў і крадзяжы фінансавых сродкаў пры перапродажы мясцовага сьпірт-заводу. Здавалася б, банальная падзея на прасторах чужой нам краіны. Але справа ў тым, што гэты М. Бялых быў даволі частым госьцем на мерапрыемствах псэўдаапазыцыі ў Менску. Ён прадстаўляў тады, на пачатку 2000-х гадоў, “русскую демократію”. Выступаў ён прафэсійна, казаў пра “клопат аб простых, бедных людзях”, пра “нашу “сумесную барацьбу за шчасьце і будучыню супраць цёмных сілаў”, публічна прыязна абдымаў Вінцучка і Лебедько. А потым раптам — бац! І з барыкадаў антыкрамлёўскага змаганьня пайшоў на службу ў Крэмль. Яму выдалі месца для “кормленія” — Кіраўскую вобласьць. І ён карміўся. Побач зь ім быў цяперашні прыкметны пэрсанаж “русской демократіі” Навальны, дарадчык-сакратар губэрнатара. Але яны забыліся пра крамлёўскія традыцыі. Іх прыкармілі, а цяпер вырашылі ліквідаваць. Вядомая сьлізкая дарожка многіх, хто вырашыў і ў Менску пагуляцца ў баярына паводле маскоўскіх правілаў.

Янка Бызаль