МУСІЦЬ БЫЦЬ ЦЫВІЛІЗАВАНАЯ ЛІКВІДАЦЫЯ ПРАМАСКОЎСКАГА РЭЖЫМУ
(Студзеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
13 студзеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ: “Пасьля Байкоту” (публікуецца). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.
Выступоўцы падвялі вынікі мінулага года ў палітычнай дзейнасьці нашай Народнай партыі. Напружаная, арганізаваная праца па арганізацыі Народнага Байкоту рэжымных псэўдавыбараў завяршылася посьпехам. Грамадзтва пераканалася, што нельга хадзіць на фальшывыя электаральныя гульні псэўдаапазыцыі і рэжыму. Беларускае грамадзтва аказала супраціў рэжымнаму гвалту. Нягледзячы на запалохваньні і пустыя абяцанкі нашы людзі адвярнуліся ад лукашызма. Гэтым учынкам беларускае грамадзтва прадэманстравала свой здаровы сэнс і магчымасьць супраціву злу. І ў гэтым няма нічога сэнсацыйнага: грамадзтва пераканалася, што Беларускі Народны Фронт казаў праўду і дзейнічаў дзеля народных інтарэсаў на працягу апошніх 25 гадоў. Народная пазыцыя настолькі відавочная для ўсіх, што Масква і яе васальны рэжым у Менску вымушаны мікшыраваць свой правал.
Некаторыя прадстаўнікі псэўдаапазыцыі, якія заклікалі ў 2010 г. ісьці на выбары, а потым 19 сьнежня 2010 г. вялі людзей у паліцэйска-гэбоўскую пастку каля ЦВК, цяпер прызнаюцца, што “гэта было памылкай, нельга было весьці туды людзей”. Чаму яны так “паразумнелі” цяпер? Ды таму што ўсе ведаюць і здагадваюцца пра гэта — нельга хадзіць за падстаўнымі і фальшывымі.
Але з гэтай сацыяльна-палітычнай зьявай трэба яшчэ разьбірацца. Практыка апошніх тыдняў паказала, што гэбоўская кантора мабілізуе свае апошнія рэзэрвы на дэскрыдытацыю беларускай палітычнай і культурніцкай дзейнасьці. Інцыдэнты з Н. Маковік і В. Хурсікам ня ёсьць выключэньнем з правіла, але правілам дзеяньня антыбеларускіх структураў. Задачай акупантаў ёсьць дэскрыдытацыя ўсіх праяваў беларушчыны і дэзарыентацыя любой беларускай дзейнасьці. Менавіта таму ў беларускую грамадзка-палітычную плынь закідваюцца дэмаралізатарскія ідэі і носьбіты гэтых ідэяў.
Наша грамадзтва ужо ня верыць тэлевізійным заклінаньням начальніка рэжыму і яго камарыльлі. Пасьля навагодніх сьвятаў усе жывуць чаканьнем фінансавага правалу і эканамічных праблем. І не таму, што апошнімі днямі нехта распаўсюдзіў пра гэта папярэджаньні па мабільнай сувязі. А таму што людзі бачаць стан рэчаў у беларускай эканоміцы, на прадпрыемствах і ў сельскай гаспадарцы. Рэжыму няма даверу. Усё больш людзей пераконваюцца, што вырашыць жыцьцёвыя праблемы нашай краіны можна толькі палітычным спосабам — цывілізаванай ліквідацыяй акупацыйнага прамаскоўскага рэжыму.
Выступілі таксама сябры Сойму з іншых рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра ўзмацненьне працэсу русіфікацыі, які зьдзяйсьняецца структурамі рэжыму. Асабліва актыўныя зьнішчальнікі беларушчыны ў дзіцячых установах, школах і іншых навучальных установах. Усе маюць уражаньне, што рэжым сьпяшаецца, каб як мага хутчэй выбіць з беларускай душы ўсё беларускае. Трэба ратаваць нашых дзяцей і моладзь ад крывадушных “культуртрэгераў” маскоўскага і мясцовага разьліву.
На Сойме былі разгледжаны захады па стварэньні групаў падтрымкі нашай народнай партыі КХП — БНФ па ўсёй краіне.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
13 студзеня 2013 г.