СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ
Ніхто ня верыць, што злачынцы “адумаліся”
За часы лукашызма (якія многім здаюцца вечнымі) мы шмат чаго наглядзеліся і наслухаліся. Але такога яшчэ не было. Сьнежань 2012 г. прайшоў пад знакам “барацьбы супраць алкагалізма”. Старэйшыя людзі спыталіся самы сябе: “Можа вяртаюцца гарбачоўскія часы? Зноў вінаграднікі высякаць будуць?” Яны прыгадалі, што сярод іншага “антыалкагольная кампанія” была адным са знакаў блізкага правалу гарбачавізму і ўсяго СССР. Вядома, што тады, на прыканцы 1980-х гг., беларускае насельніцтва адказала імпэрскаму рэжыму нябачаным дагэтуль ўздымам самагонаварэньня. Беларусы супраціўляліся, як маглі і як прывыклі...
Раптам Лукашэнка і ягоная камарылья пачалі рабіць шумныя заявы пра шкоду танных вінаў (на народнай мове — “чарніла”). 18 гадоў свайго валадараньня рэжымшчыкі шкоды не бачылі (бо пілі зусім іншы алкаголь), і вось дадумаліся ўрэшце. Рэжым зрабіў нават запыт у адпаведны інстытут Акадэміі навук РБ, каб там навукоўцы зрабілі аналіз узораў “чарніла”. Людзі ў белых халатах аналіз зрабілі і паведамілі, што ў “чарніле” утрымліваюцца вельмі шкодныя для здароўя рэчывы і дададзены нават мэцілавы сьпірт. Дарэчы, тое, што рэжым шмат гадоў таму загадаў падліваць у “чарніла” тэхнічны сьпірт “у малых дозах” (а гэта ёсьць забойчае для чалавечага арганізма рэчыва), было неаднаразова агучана сумленнымі беларускімі навукоўцамі і патрыётамі-фронтаўцамі. Ніхто не зьвярнуў на гэта ўвагу, “чарніла” працягвала ліцца ракой.
Што ж адбылося? Адкуль такі клопат пра здароўе працоўных? Цьвярозыя аналітыкі выказваюць меркаваньне, што злачынная мэцілава-чарнільная акцыя антыбеларускага рэжыму разьвівалася з посьпехам. Атрутным пітвом угробілі многія тысячы здаровых і актыўных мужчын і жанчын, у мільёнаў іншых падарвалі здароўе і волю да супраціву злу. Але паўстала статыстычная праблема. Бюракратычныя цынікі рознага ўзроўню пачалі паведамляць з раёнаў і вобласьцяў у рэжымны цэнтар: рабы пачалі выміраць, няма каму працаваць на фабрыках і ў полі! Якім бы ня быў зьнішчальным і антычалавечым лукашызм, але нават яму патрэбныя работнікі, якіх можна эксплуатаваць і на якіх трымацца. Вось і паўстала новая “генэральная лінія партыі”. Толькі беларусы ня вераць, што злачынцы “адумаліся”.
Пройдзены этап
Леташні сьнежань запомніўся яшчэ адной акцыяй начальніка рэжыму. БТ паказала Лукашэнку “во всей красе і в гневе”. Ён зрабіў шэраг налётаў на прадпрыемствы сталіцы і правінцыі. Нават асабіста ўрываўся ў рабочыя капцёркі, раскідваў нагамі кучы сьмецьця... Перад камэрамі начальнік рабіў тэлегалавамыйку дырэктарам прадпрыемстваў і ў простым эфіры загадваў іх зьняць ды прызначаў на іх месца новых (але ня менш за папярэдніх напалоханых людзей). “Остапа понесло...”, ён нават публічна прыгразіў турмой некаторым з свайго найбліжэйшага атачэньня. Бедны Сямашка, мабыць, успомніў, як Сталін тыцкаў у жывот вернаму Хрушчову і шыпеў: “Вы мне все надоели, пора вас в расход...” Але начальнік не сунімаўся. У адрозьненьні ад Сямашкі і іншых ён не рабіў гістарычных параўнаньняў і забыўся аб тым, як няхораша для Сталіна скончыліся пагрозы паплечнікам.
Але сутнасьць ня ў гэтым. Зразумела, што сталінізм — пройдзены этап, часы іншыя. Сутнасьць у тым, што ўсе гэтыя беганьні па фабрычных капцёрках і дэманстрацыйныя тэлегалавамыйкі былі чарговай сэрыяй самапіяру: маўляў, грозны цар усіх ставіць на месца, дбае пра парадак і трымае ўсё ў руках. На працягу доўгіх гадоў гэты дэмагагічны прыёмчык дзейнічаў на публіку. Але вось жа, усяму настае канец. Прыёмчык дзейнічаць перастаў. Беларусы, замест таго, каб захапляцца “грозным кіраўніком”, пачалі масава выключаць тэлевізары. На наступны дзень ніхто і нідзе не абмяркоўваў Лукашэнкавы разгоны на прадпрыемствах. Людзі ўрэшце пагалоўна зразумелі, што ўсё гэта ёсьць зрэжысіраваны тэатр (у пэўным сэнсе аднаго акцёра). Што нічога за гэтым крыкам і дзікай жэстыкуляцыяй не стаіць. Акцёр усім сьмяротна надакучыў.
“Лучшій друг” у коме
Але вось настаў дзень 2 студзеня 2013 г. БТ паказала рытуал прызначэньня нейкіх новых начальнікаў, які рабіў сам галоўны начальнік рэжыму. Яго нельга было пазнаць, настолькі змрочны і статычны быў увесь ягоны выгляд. Некуды зьнікла ягоная агрэсіўная жвавасьць, ад усяго патыхала сумам і разгубленасьцю. “Чарговае абвастрэньне?..” — зашапацелі паміж сабой грамадзяне. Больш кемлівыя выказалі іншае меркаваньне. Стала вядома, што “лучшій друг” Чавэс знаходзіцца ў коме і можа памерці кожную хвіліну (ёсьць такая тэндэнцыя ва ўсіх “лучшіх друзей” галоўнага начальніка). А ў вэнэсуэльскіх банках ляжаць “скромные лічные сбереженія” згаданага начальніка. Народ у Лацінскай Амэрыцы, як вядома, тэмпэрамэнтны, пасьля сьмерці дыктатара на працягу аднаго дня можа ўсё перакуліць. Ёсьць прычына засумаваць.
Мізэрнае існавааньне
У сярэдзіне сьнежня “незалежныя дэмСМІ” паведамілі пра чарговую рэвалюцыйную акцыю “оппозіціі”. У Празе яны зьбіраліся і абмяркоўвалі праект утварэньня “Белорусского дома”. Камандавала парадам вядомая дзяячка расейскіх структураў Н. Маковік. Цяпер, праўда, пасьля навагодніх сьвятаў у Празе грымнуў скандал: усе ўдзельнікі сьнежаньскага сходу адмяжоўваюцца ад Н. Маковік і кажуць, што “ніякіх рашэньняў па белдому не прымалі”. “Раптам” высьветлілася, што на працягу шэрагу гадоў Н. Маковік прафэсійна працавала на ніве расейскай мафіі ў Празе (магчыма, што і ў Парыжы). Каб даведацца пра гэта, дастаткова набраць у пашукавіку Сеціва па-расейску — Наталия Маковик Прага. І зьявіцца шмат спасылак пра дзейнасьць гэтай асобы на Захадзе.
Але мы пра іншае. Проста так грантаўская публіка з РБ не магла пракаціцца ў эўрапейскую сталіцу. Невялічкім, але грозным натоўпам публіка выйшла ў гістарычны цэнтар Прагі і выставілася з транспарантамі перад насельніцтвам і турыстамі. Паводле відэарэпартажу было бачна, што транспаранты былі напісаны па-ангельску і па-расейску. “Оппозіція” тапталася, ніхто перад насельнікамі так і не выступіў: што, да чаго? Некалькі беларусаў назіралі за падзеяй. Выступаў не было, толькі чуваць быў голас “рэвалюцыянэркі” зь Віцебска Вольгі Карач (змагаркі супраць засільля мужчын), яна “вяшчала” на сьвецкія тэмы на мове акупантаў Беларусі. Мізэрнае існавааньне.
У “рмянскага радыё” спыталіся, радыё” адказала...
На працягу тыдня перад Новым годам Радыё Свабода праводзіла сацыялагічнае апытаньне. Нагадаем, што калі нейкая салідная ўстанова праводзіць сацапытаньне, то яна прытрымліваецца класічных правілаў. Радыё ўсё ж парушыла адно непарушнае правіла, і мы думалі-гадалі, чаму яно гэта зрабіла? Было пастаўлена пытаньне, каго рэспандэнты лічаць чалавекам году? І даваліся варыянты: імёны і прозьвішчы. Толькі ў адным пункце замест “ФІО” была фармулёвачка “палітвязень”. А гэта ўжо не асоба, а катэгорыя — што і зьяўляецца сур'ёзным парушэньнем класічнага правіла. Мы пазьней зразумелі, у чым была прычына.
Рэспандэнты пачалі актыўна галасаваць за Зянона Пазьняка і за сябру партыі Зянона Пазьняка героя-фронтаўца Сяргея Каваленку. Іхны рэйтынг імкліва рос з кожным днём, далёка апераджаючы ўсе астатнія варыянты адказу. А за чатыры дні да Новага году Радыё Свабода “папярхнулася” і конкурс-апытаньне раптам спыніла, заявіўшы, што абвесьціць “чалавека году” само. І абвясьціла гэтага “чалавека” — ім стала тая самая фармулёвачка “палітвязень”.
Беларусы спыталіся ў “армянскага радыё”, што адбылося. “Армянскае радыё” адказала, што Свабода напалохалася Зянона Пазьняка і Сяргея Каваленку...
“Маскальскае абалваньваньне”
Па ўсей нашай краіне разгарнуліся навагоднія сьвяты і спэктаклі для дзяцей. Акупацыйны рэжым робіць усё магчымае і немагчымае для таго, каб прадэманстраваць нашаму народу ўсіх пакаленьняў, што мы жывем у акупаванай краіне. Усе без выключэньня афіцыйныя і дзяржаўныя дзіцячыя сьвяты праводзяцца на мове акупантаў. Абсалютная бальшыня тэатральных пастановак зроблена на той жа расейшчыне. Нават у рэкламе на фасадзе будынка, дзе месьціцца Беларускі тэатр лялек, напісана, што гэта ёсьць “кукольный театр” і ўсё тут “по-русскі”.
Гэтага рэжымшчыкам падалося мала. Пачала сваю актыўную дзейнасьць кантора пад назовам “Русский детский театр”. Можа ён прыехаў з Масквы або якой Кастрамы? Не, гэта мясцовая вытворчасьць русіфікатараў. Канторы аддадзена адна з самых вялікіх заляў сталіцы — палац “палітасьветы” або “Мінск”. Квіткі на спэктаклі гэтага “тэатру” распаўсюджваюцца па ўсёй Менскай вобласьці. Дзяцей падвозяць на аўтобусах, па якіх можна вывучаць геаграфію: Клецк, Заслаўе, Стоўбцы... На сцэне прафэсійна скачуць і выдаюць маналёгі шэсьць акцёраў. Яшчэ шэсьць зафрахтаваных школьніц робяць падтанцоўку. Як кажуць у Маскве, “дёшево і сердіто”. Мяркуем, што справа не ў тым, каб (як кажуць ізноў жа ў Маскве), “деньжат срубіть”. Працягваецца працэс адлучэньня беларускай дзятвы ад роднай мовы, ад роднай традыцыі. Ідзе маскальскае абалваньваньне. Спыніць гэты працэс можа толькі ліквідацыя акупанцкага рэжыму.
Янка Базыль