СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ
Ёсьць у Беларусі людзі, якія дагэтуль сумняваюцца ў тым, што Масква рукамі антыбеларускай хунты і яе “оппозіціі” праводзіць на нашай зямлі лабараторныя экспэрымэнты, якія потым рэалізуе на практыцы на неабсяжных прасторах Расеі. Але бальшыня беларусаў ужо пра гэта здагадаліся.
Ілюстрацыяй да гэтага правіла ёсьць апошняя падзея ў Маскве. 25 лістапада псэўдаапазыцыйнае ўтварэньне пад гучным назовам “Коордінаціонный Совет демократіческіх сіл Россіі” прагаласаваў і прыняў рашэньне аб правядзеньні ў сьнежні “Марша свободы” у Маскве. Віншуем вас, таварышы, мы ўжо гэта праходзілі! Кантора з дапамогай менскай псэўдаапазыцыі (трапна названай Зянонам Пазьняком “гнілой калодай”) яшчэ на пачатку 2000-х гадоў занялася гэтай публічнай забавай у надзьмутую фронду.
Псэўды правялі “Марш свободы-1” у 2000 годзе, потым “Марш свободы-2” у 2001 годзе. Некалькі тысячаў людзей прышлі на гэтыя “маршы” і прайшліся па нашай сталіцы пад камандай вінцучкоў-хадыкаў ды іншых, што напярэдадні раскалолі Народны Фронт. І людзі на свае вочы ўбачылі, сэрцам адчулі фальшывасьць гэтых псэўдалідараў, іхную залежнасьць ад гэбэ і рэжыму.
У наступныя гады “Марша свободы-3” ужо не было. Кантора прыдумала варыяцыі на тэму. Гукнулі публіку на “Марш за хорошую жізнь”, увесь Менск абклеілі-закідалі ўлёткамі-плакацікамі на акупанцкай расейшчыне. Але беларусы не пайшлі на гэтую фальшыўку. У 2007 годзе псэўды на працягу пяці месяцаў (!) вялі інфармацыйную падрыхтоўку да “Европейского Марша свободы”. Такой працяглай артпадрыхтоўкі да аднаго лакальнага мерапрыемства яшчэ ня бачыла беларуская палітычная арэна. А ўсё скончылася пшыкам. Пасьля “артпадрыхтоўкі” былы фронтавец Івашкевіч з кампаніяй сабралі каля тысячы асобаў, у асноўным падманутай шумавіньнем моладзі 14-18 гадоў. Людзі адвярнуліся ад гнілой калоды, і наступныя гады былі толькі працяглым дагніваньнем грантаўскіх падстаўных. Цяпер гэты лабараторны экспэрымэнт Лубянка пасьпяхова ўжыўляе ў Маскве з сваёй агентурай.
* * *
Як толькі патрыёты-фронтаўцы на заклік КХП — БНФ выехалі на Случчыну, каб ушанаваць памяць герояў Слуцкага Збройнага Чыну, забулькацела псэўдаапазыцыйнае балота. Дрыгва выдала сваю “інфармацыйную падзею”: у той жа дзень у Магілеве адбыўся дазволены ўладамі мітынг-шэсьце расейскіх нацыяналістаў. Сабралося там асобаў 30 з замаскаванымі тварамі, пакрычалі супраць Беларусі, пакрыўляліся. Але такі “рупар дэмакратыі”, як газэта “Наша Ніва”, падаў гэтую акцыю канторскіх падстаўных на першай паласе ў якасьці галоўнай падзеі дня (а можа нават і нашай эпохі). Фота і тэкставую інфармацыю са Случчыны рэдактары адсунулі на маргінэс. Але чытачы ўсё зразумелі і пачалі слаць туды зьедлівыя камэнтары ды даваць адэкватныя ацэнкі. Пра бессаромных узурпатараў першай беларускай газэты (ператворанай імі ў жоўты “лісток”) мы даведаліся яшчэ больш.
* * *
Апошнім часам назіраецца мельцяшэньне ў асяроддзі “новай апазыцыі” (ці як можна яшчэ назваць чарговы вадэвіль гэтых няшчырых асобаў). Ул. Мацкевіч заявіў быў, што “я зьяўляюся лідэрам грамадзянскай супольнасьці Беларусі”. На гэта зашыкалі нават іншыя ня менш вядомыя пэрсанажы з псэўдаапазыцыі. Нагадаем, што сп. Мацкевіч, які пазыцыянуе сябе як “філёзаф і мэтадоляг”, больш вядомы сваёй гастрольнай дзейнасьцю ў жанры прыкрыцьця лукашызма. На парачку зь яшчэ адным такім дзеячам Роўдам ён на працягу гадоў выступаў на розных сэмінарах з аналізам сістэмы лукашыстоўскага рэжыму. Парачка на розныя лады канстатавала нікчэмнасьць і антыдэмакратычнасьць дыктатуры і яе начальніка, але заўсёды падкрэсьлівала, што “Лукашэнка — самастойная фігура і не залежыць ад Масквы”. На гэта разумныя людзі сьмяяліся і больш на лекцыі згаданай парачкі не хадзілі.
Радыё Свабода абслужыла саманазванага “лідэра грамадзянскай супольнасьці” он-лайн канфэрэнцыяй. Ён нагаварыў шмат. Але ёсьць цікавае назіраньне. Усе памятаюць нядаўні правал савецкага палітрука-падпалкоўніка Кузняцова. Гэты “гісторык” падзяліўся ў эфіры Радыё Свабоды дэталямі сваёй біяграфіі і разаблачыў сам сябе (здараецца такое нават са шцірліцамі). Кантора досьвед улічыла. Калі сп. Мацкевіча спыталі, якое ў яго званьне, ён адказаў: “Лейтэнант запаса. Ну, можа мне яшчэ што прысвоілі, але я пра гэта ня ведаю...” Нагадаем, што сп. Мацкевічу (як і Кузняцову) 56 гадоў. Не бывае лейтэнантаў запасу ў такім узросьце. Ваенкамат выклікае такіх запасных афіцэраў рэгулярна на працягу дзесяцігоддзяў і паведамляе ім пра наданьне чарговых званьняў “па выслузе”. Ці ня хлусіць часам спадар Мацкевіч? Можа ён ужо падпалкоўнік?
У Таліне, Празе, Варшаве адбыліся апошнімі тыднямі некалькі “канфэрэнцый” з удзелам стракатай публікі, якая называлася “новай хваляй беларускай эміграцыі”. Аднекуль знайшліся немалыя грошы на гэтыя сходкі. Інтэрвью “незалежным дэмСМІ” давалі нікому не вядомыя раней асобы (напрыклад, Паўлік Марозаў у Таліне) і даўно вядомыя, але даўно забытыя і рэанімаваныя (напрыклад, Натальля Маковік у Празе). Яны паабяцалі нешта “прадзьвігаць і разьвіваць”, засноўваць на Захадзе “беларускія дамы” і нават “альтэрнатыўныя амбасады Беларусі”.
Зразумела, што гэта ня ёсьць іхняя самастойная ініцыятыва. Той, хто стаіць за імі, бачыць, што гнілая калода псэўдаапазыцыі канчаткова расклалася і не надаецца на далейшае выкарыстаньне. Вось Лубянка і шукае новае апірышча ў гэтых пэрсанажах і тусоўках. Задача ў іх цяпер, аднак, значна цяжэйшая. Беларускае грамадзтва шмат што пабачыла за апошнія дзесяцігоддзі, шмат што перажыло, набралася досьведу. Нашых людзей ня ўдасца ўжо так лёгка правесьці на псэўдаапазыыйнай мякіне. Паднавіць калоду, што ляжыць на шляху бларускага Адраджэньня, ня ўдасца. Трэба казаць усю праўду пра гэтых падстаўных-прадажных.
* * *
Вядома, якое абурэньне выклікала будаўніцтва маскоўскай фірмай рэстарана-бардэля “Бульбаш-хол” на сьвятой курапацкай зямлі. Пачало нават апраўдвацца рэжымнае мінкультуры. Маўляў, яны не давалі дазволу на пабудову гэтага аб'екта, а давалі на нешта іншае. Да шуму падключыліся пэрсанажы з нядаўна рэанімаванага “камітэту за выратаваньне Курапатаў” (вядомай з 2001 года крэатуры рэжымных структураў). Камітэтчыца Г. Шапуцька пачала запэўніваць грамадзтва праз СМІ, што “будаўніцтва “хола” у Курапатах будуць спыняць...”
На гэта ёсьць досьвед нашага грамадзтва. Варварская забудова вольных плошчаў бяз згоды людзей, якія жывуць побач, — гэта распаўсюджаны спосаб дзеяньня цынічнай мафіі, якая нажываецца на гэтым працэсе. Ніхто ня лічыцца ні зь якімі нормамі будаўніцтва. Часам людзі арганізоўваюць стыхійны пратэст і ўстаюць на шляху экскаватараў і кранаў. Тэхніка нібыта адступае, канфлікт нібыта ўлагоджваецца. Жыхары сьвяткуюць перамогу. А праз некалькі месяцаў, без якога-кольвечы папярэджваньня на будпляцоўку ўрываецца тэхніка і ўсё пачынаецца нанова. Ня трэба слухаць зьвяганьне шапуцек-кузняцовых, ім няма веры. Нельга пакідаць Курапаты, трэба бараніць сьвятыню ўвесь час.
* * *
28 лістапада ў інфармацыйнай прасторы прагучаў заклік ад тав. Г. Шапуцькі. Яна заявіла, што ў Беларусі ў хуткім часе “зьявіцца яшчэ адзін палітвязень” (цікава, адкуль яна гэта ведае?). У сувязі з гэтым яна заклікае прыходзіць “на сядзібу БНФ” (маецца на ўвазе кантора сп. Янукевіча) і здаваць сродкі на падтрымку. (Каго?)
Падзеі пачатку сьнежня паказалі, што людзі ўжо адвярнуліся ад псэўда-БНФ. У офісе групоўкі быў анансаваны публічны прагляд фільма вядомага тэатральнага рэжысёра В. Мазынскага і яшчэ нейкі “марафон салідарнасьці”. Рэй вяла сп. Шапуцька. У вечаровы час у канторы псэўда-БНФ сабраліся тры дамы з двума школьнікамі малодшага класу (якім хацелася пасьля школы дахаты). Сп. Мазынскі ня вытрымаў і выказаў усё, што думае пра арганізатараў “марафона”. Гэта нават паказана на сайце Радыё Свабода. У камэнтарах людзі спачувалі рэжысёру і пыталіся, а як ён апынуўся ў гэтай гоп-кампаніі.
* * *
Беларусы паступова выходзяць з рэжыму маўчаньня. У грамадзкім транспарце раз-пораз можна пачуць, як пэнсіянэры на патрабаваньне аплаіць праезд гукаюць: “Ня буду плаціць. Я ўжо ўсё аплаціла потам і крывёй. Больш ня буду плаціць гэтай уладзе. Няхай ня лічыць нас за дурных!” Як правіла кандуктары і кантралёры абыходзяць таакіх збоку і ня ўвязваюцца зь імі ў дыскусіі. Бо ведаюць, што абражаныя рэжымам людзі могуць і дыхту даць.
Янка Базыль