МАСКОЎСКІХ ПРАВАКАЦЫЯЎ У КУРАПАТАХ БОЛЬШ НЕ ПАВІННА БЫЦЬ

(Выступ на сьнежаньскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

...Мы зноў бачым чарговую сістэмную атаку на Курапаты. Але калі раней Масква як бы прысутнічала за кадрам, то цяпер яе канторскія вушы ня тое што відаць, але выстаўлены амаль на паказ. Шмат чаго магло б адчыніцца пра пабудову рэстаран-бардэля ў ахоўнай зоне Народнага Мэмарыяла Курапаты, пра маскоўскага інвэстара гэтай авантуры і пра махінацыі з зямельнай плошчай, калі б пракуратура сур'ёзна гэтай справай занялася. Ня будзем апярэджваць падзеі, але мушу сказаць, што нягледзячы на пракурорскую праверку, якая пачалася, удзел у гэтым дасьледваньні журналістаў быў бы ня лішнім. Толькі дзе яны, тыя журналісты, здольныя на сур'ёзную працу?

Галоўным вітком атакі зьяўляецца, аднак, не будаўніцтва неадпаведнай установы з подлай назвай ля сьвятога месца, а правакацыйная дзейнасьць групы расейскіх асобаў, якія належаць да маскоўскага таварыства “Мэмарыял”. Зазначу, што гэта ўжо ня той “Мэмарыял”, які ўзьнік у 89-м годзе ў Маскве, а арганізацыя, якая знаходзіцца пад пратэктаратам Крамля і фінансуецца пуцінскім рэжымам.

Адразу відаць, што правакацыя сплянавана з зададзенай мэтай і разгортваецца ў сваім накірунку тупа і ўпарта, не зважаючы на зьмену абставін. Цікава, што гэтыя асобы адразу засьведчылі сябе як ворагі Народнага Мэмарыялу і тых людзей (сяброў КХП — БНФ), якія гэты Мэмарыял запачаткавалі, узбудавалі і даглядаюць, дзякуючы якім гэты Мэмарыял існуе. Наведваючы часам Курапаты, яны ніколі нават не наблізіліся да будаўнікоў курапацкага Мэмарыялу, ім не было што сказаць, ці хаця б запытацца.

Калі перад Дзядамі стала вядома пра правакацыю са “знакам” польскім афіцэрам, я ў сваім выступе на Дзяды папярэдзіў аб недапушэчальнасьці і неадпаведнасьці такіх дзеяньняў у Курапатах.

Вынік — нуль увагі. Правакацыя ўсяроўна была зьдзейсьнена. Яны рабілі зададзенае заданьне. У іх не ўзьнікла ніякіх сумненьняў у адпаведнасьці сваіх паводзінаў.

Пасьля зьнікненьня “знакавага слупка”, які яны ўсталявалі, тут жа быў падняты скандал з усімі ўжо заношанымі нарыхтоўкамі і фармулёўкамі, настолькі пазнавальнымі, што адразу ўзьнікла думка, ці не гэтая ж кантора і выдаліла той “слупок”.

Намі былі падрабязна растлумачаны ў публікацыі сутнасьць правакацыі і рэальнае становішча, зыходзячы зь якога ставіць знак (слупок, крыж, помнік) у Курапатах у памяць расстраляных расейцамі польскіх афіцэраў — нельга, бо пакуль што ні архіўнымі дакумантамі, ні археалагічнымі дасьледваньнямі не пацьвердажана, што яны (катыньская група) былі расстраляныя і пахаваныя ў Курапатах. Месца іх зьнішчэньня пакуль невядомае і можа быць выяўлена дзе заўгодна — ніхто ня ведае. Таму нельга займацца авантурызмам і прывязваць абстрактныя меркаваньні да канкрэтнага месца. Яно можа аказацца зусім ня тут. Да такіх спраў трэба ставіцца сур'ёзна.

Растлумачэньні, аднак, не паўплывалі на паводзіны падпалкоўніка І. Кузьняцова. Пасьля гучнай і тыповай у дадзеным выпадку прапагандысцкай шуміхі супраць “нацыяналістаў” і КХП — БНФ падпалкоўнік зноў паўтарае свае правакацыйныя дзеяньні. На гэты раз яны былі ўжо больш прадуманыя і замест савецкага слупка паставілі крыж з тым жа надпісам “у памяць польскіх афіцэраў” (прытым па-беларуску, хоць і з памылкамі).

Праз нейкі час гэты крыж таксама зьнікае. Правакатары зноў падымаюць шуміху супраць “нацыяналістаў”, супраць майго імя, партыі, якая запачаткавала Народны Мэмарыял і сьцеражэ Курапаты. За гэты час падпалкоўнік Кузьняцоў зьезьдзіў у Маскву. У выніку наведваньня Масквы зьявілася паведамленьне, што наступным разам расейцы прывязуць у Курапаты вялікі камень-валун і гэтым зробяць помнік польскім афіцэрам у Курапатах, які ўжо тут (як яны мяркуюць) і застанецца.

Наконт гэтых маскоўскіх дзеяньняў і паводзінаў падпалкоўніка І. Кузьняцова ўспамінаецца народная прымаўка: скажы дурню Богу маліцца, дык ён лэб разаб'е. Але якія стратэгі, такія і выканаўцы.

Уся гэтая правакацыйная справа ад самага пачатку моцна сьмярдзіць. Акрамя ўсяго выявілася, што правакацыйнай групе спрыяе міліцыя і рэжымная ўлада.

Цяпер застаецца толькі падсумаваць і адказаць на пытаньне: навошта гэтая грубая правакацыя так упарта працягваецца. (У той час, калі ўсё тут ужо зразумела). Калі трохі паддацца іроні, то можна сказаць, што на такое іх штурхае “веліч пастаўленых задач” (сэнс якіх магчыма нават ня ўсе зь іх разумеюць). Правакацыйныя “задачы” можна назваць па пунктах.

1. Раскол грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі ў дачыненьні да Курапатаў.

2. Канфлікт паміж беларусамі і расейцамі на аснове Курапатаў (дзе беларусы будуць названыя “нацыяналістамі”, а расейцы “дэмакратамі”).

3. Канфлікт паміж беларусамі і палякамі (дзе палякі будуць названыя палякамі, а беларусы “нацыяналістамі”).

4. Спроба дэмагагічнага пераасэнсаваньня Курапатаў як месца генацыду беларускага народу ў зборнае месца палітычнага тэрору і расстрэлаў людзей.

Маскве і сучаснаму расейскаму гэбізму, які кіруе Расеяй, вельмі абходзіць адыйсьці ад тэрміну “генацыд” у вызначэньні злачынстваў супраць чалавецтва, зробленых расейскім камунізмам і канкрэтна рускімі ворганамі НКВД — КГБ, пасьлядоўнікі якіх захапілі цяпер уладу ў Расеі. Гэтыя спробы, дарэчы, агучваюць пастаянныя асобы, кшталту розных падпалкоўнікаў ды экскурсаводаў . Маўляў, забівалі ня толькі беларусаў, але ўсіх. Але гэта вядома, што забівалі “усіх”. Толькі сярод “усіх” у катаў былі прыярытэты на ліквідацыю і вынішчэньне. Прыярытэтамі катаў былі: беларуская нацыянальная інтэлігенцыя, беларускія пісьменьнікі, беларускія настаўнікі, беларускія адміністратары, беларускія вучоныя, беларускія творцы мастацтва (тэатр У. Галубка, напрыклад, зьнішчылі ўвесь, усім складам), нашчадкі беларускай шляхты, заможнае сялянства і агулам беларускае пастаяннае насельніцтва. А гэта і ёсьць генацыд (пацьверджаны, дарэчы, адкрыцьцём і археалагічным вывучэньем Курапатаў). Пры вынішчэньні пастаяннага насельніцтва зьнікае традыцыйная нацыянальная культура, нацыя фізічна перастае быць. Тое, што пад сякеру людабойства трапілі прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, якія апынуліся ў Беларусі, не зьмяняе сутнасьці генацыду, бо ў выніку генацыду насельніцтва ў Беларусі мусілі б перастаць існаваць беларусы і Беларусь, а не іншыя краіны і народы.

Нашая канцэпцыя Народнага Мэмарыялу якраз і пабудавана на гэтай народнай сутнасьці і ўшанаваньні ўсіх ахвяр, прадстаўнікоў усіх нацыянальнасьцяў, якія былі тут забітыя ў час генацыду беларускага народу. Але паўтаруся. У канцовым выніку людабойства сьмяротны ўдар наносіўся па беларускай нацыі (а не па іншых), бо няма ў беларусаў іншага месца на Зямлі, акрамя Беларусі.

У 30-40-я гады ў Беларусі адбываўся мэтанакіраваны генацыд беларускага народа, які праводзілі расейскія бальшавікі, але не безадносны палітычны бальшавіцкі тэрор, як хацелі б назваць і прадставіць гэта пэўныя расейскія структуры.

Вяртаючыся да мэтаў маскоўскай правакацыі ў Курапатах, хачу выказаць адно меркаваньне, зьмест якога наўрад ці ёсьць зразумелым самым выканаўцам правакацыі. Сярод магчымых месцаў пацыфікацыі польскіх афіцэраў, на Курапаты (побач з паркам Чалюскінцаў, Трасьцянцом) трэба было б зьвярнуць асаблівую ўвагу. Але правакацыйная ўпартасьць падпалкоўніка Кузьняцова (пэрсоны нон-грата ў Курапатах) наводзіць на думку, што ці не зацікаўлены тут нехта (хто, магчыма, знаходзіцца ў Маскве) адцягнуць увагу, паказаць народам фальшывы шлях, заслупкаваць неадпаведнае месца (па прынцыпу “пилите, Шура, пилите”). Такія фальшывыя шляхі вельмі папулярныя ў НКВД. Ёсьць ужо падобныя факты дэзарыентацыі ў пасьляваеннай гісторыі. Гэта гэпотэза. Як яно ёсьць на самой справе, мяркую, што ў будучыні пасьля краху гэбізму ўсё высьветліцца.

Зьвяртаю ўвагу таксама на агрэсіўную пагрозу маскоўцаў, што яны прывязуць сюды ў якасьці помніка вялізны камень-валун, каб зрабіць сваё заданьне. Думаю, што пасьля такіх пагроз наўрад ці трэба ўвогуле пускаць іх у Курапаты. Хіба што, як у 2001 годзе пры пракладцы аўтастрады, яны пасунуцца на Курапацкую сьвятыню пад аховай рэжымнага АМОНа, спэцназу і афіцэраў КГБ (але й на гэта ёсьць лякарства). Хай яны ходзяць здалёку і лямантуюць, што “нацыяналісты прыватызавалі Курапаты”. Беларусы не дазволяць, каб маскоўцы (нашчадкі тых, што расстрэльвалі) сядалі ім на галаву ды гадзілі ў сьвятым месцы. Ніхто не дачакаўся ад іх ня тое што пакаяньня, але нават выбачэньня за генацыд. І тут такое нахабства. Але беларускі суд над імі прыйдзе. Яны не адкруцяцца. Маскоўскіх правакацыяў на тэрыторыі Курапатаў больш не павінна быць.

Зянон Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

9 сьнежня 2012 г.