СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

На такое Франсіска Гоя сказаў бы сваё вядомае: “Сон розуму нараджае пачвараў”. Маецца на ўвазе разрэклямаваная “незалежнымі дэмСМІ” заява акупанцкай крэатуры пад назовам ЛДПБ. Мясцовыя жырыноўшчыкі раптам гукнулі ў інфармацыйную прастору на акупацыйнай расейшчыне: “Пора защитить язык наших отцов!” Яны таксама прывялі свае аргуманты: “Мы единственное государство в мире, где госслужащие плохо или совсем не знают родной язык”. Маецца на ўвазе беларуская мова.

Тут трэба канстатаваць паклёп на згаданых “госслужашчіх” эпохі позьняга лукашызма. Вельмі значная частка іх на розных узроўнях акупацыйнай вертыкалі імпартавана з Расеі, камфортна робіць сваю кар'еру на нашай зямлі, пачуваецца “хозяіном” на нашай тэрыторыі. Беларушчына для іх як была чужая, так і застанецца чужой да сьмерці. “Зашчіта языка отцов” а ля Гайдукевіч атрымала сваю ідэалагічную фармулёўку ў фінальнай частцы іхнай заявы, цытуем: “Каждый гражданин имеет право разговаривать на том языке, на каком хочет, и никаких ограничений в этом не должно быть”. Або як кажуць класікі лукашызма: “Кто как хотіт, так і гаварыт”. Беларусы гэты абсурд ужо праходзілі, і ня раз... Ёсьць іншыя думкі на гэтую тэму. Людзі кажуць, што Масква-Лубянка такім чынам “падсьцельвае саломку” на выпадак рэзкага падзеньня лукашыстоўскага рэжыму. Вось тады і выйдуць на палітарэну гайдукевіцкія “барцы за белорусскій язык” з распрацаванай ужо рэпутацыяй.

* * *

У СМІ прайшлі паведамленьні пра тое, што “на памятнік Міндовгу белоруссы собралі всего полторы тысячі долларов”. З заклікам зьбіраць грошы на помнік вялікаму нацыянальнаму дзеячу ў Наваградку зрабіла было мінкультуры рэжыму. Яно ж арганізавала журы, пачало разгляд праектаў. Начальнік аддзела культуры Наваградзкага райвыканкама Н. Жынко гукала на прэс-канфэрэнцыі: “Товарищи, нам надо спешить, потому что всю нашу историю окончательно растащат по соседним странам!” Выглядае і гучыць усё гэта даволі пасіянарна.

Але мільёны беларусаў бачаць, чым займаецца на працягу гадоў антыбеларускі рэжым і яго мінкультуры. Зьмест гэтай дзейнасьці — татальная русіфікацыя і ліквідацыя беларускай культуры ва ўсіх яе праявах. Мільёны і мільёны народных сродкаў хунта праматала на пабудову ідыёцкіх “лядовых палацаў” і “вела-арэнаў”, значная частка грошай была раскрадзена рэжымшчыкамі. На помнікі і рэстаўрацыю ў такіх абставінах, зразумела, “грошай няма”. Такой публіцы беларусы грошы не даюць і ніколі не дадуць. Помнікі нашым героям і нашай славе будуць пастаўлены пасьля пахаваньня антыбеларускага рэжыму, дзе будзе ўсталяваны помнік яму — асінавы кол.

* * *

Кур'ёзная акцыя была праведзена нядаўна ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсітэце. Там нейкія асобы раздавалі студэнтам кніжку з аўтографам. Кніжка — гэта русскоязычныя вершы вядомага менскага псэўдаапазыцыянэра Фядуты. Аказваецца ў МГУ на пачатку 2011 года была праведзена агіткампанія пасьля разгрому карнымі сіламі рэжыму мірнай дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 года ў цэнтры Менска. Арганізатары агіткампаніі не патлумачылі маскоўскім студэнтам, што псэўдаапазыцыя спачатку разам з Лукашэнкам павяла падманутых беларусаў на псэўдавыбары, а потым завяла іх у пастку каля ЦВК. Тлумачылі толькі адно: што “в тюрьму попал выдаюшчійся поэт-пушкініст Федута і его надо выручать”. Студэнты доўга зьбіралі подпісы за вызваленьне “пушкініста”. Піяршчыкі не распавялі таксама, як “пушкініст” верна служыў Лукашэнку, як Васіль Быкаў назваў яго “мярзотнікам” пасьля чарговага фядутаўскага зьвяганьня супраць Народнага Фронту.

* * *

Начальніца Нацбанка РБ Ермакова падпісала загад пра спыненьне фінансаваньня жыльлёвага будаўніцтва ў краіне. Для тысячаў сем'яў гэта азначае правал спадзяваньняў на атрыманьне свайго жыльля. Людзі сочаць за сытуацыяй і прымаюць прэвэнтыўныя захады (у народзе гэта называецца “пазбаўляцца ад рублёў”). Апошнімі днямі ў працоўных калектывах значную частку часу супрацоўнікі праводзяць у дыскусіях аб тым, што трэба купіць, каб “укласьці грошы, якія згараць”. Грамадзяне даволі масава кінуліся скупляць бытавую тэхніку. Новы год (і лукашыстоўскія “навагоднія сюрпрызы”) набліжаюцца.

* * *

Беларусы памятаюць часы, калі на шчырыя размовы пра цяжкасьці жыцьця і скаргі на акупанцкі русіфікатарскі прыгнёт, на нашых людзей кідалася гэбоўская агентура і расейскія асаднікі. Часы мяняюцца, мяняюцца і дзеяньні канторскіх. Апошнім часам заўважана “новая тактыка” агентуры ўплыву. Варта толькі беларусам у аўтобусе або тралейбусе распачаць гаворку пра маскоўскіх акупантаў, як тут жа падключаецца да дыялогу нейкая асоба: “Не надо говорить об этом, товарищи! Все и так это знают”. Брутальнасьць ужо не спрацоўвае, акупанты могуць і па шапцы атрымаць ад беларусаў. То пачаліся заклікі да “талерантнасьці і абазнанасьці”. На гэта, аднак, беларусы кажуць: “Будзем казаць і паўтараць гэта ўвесь час, аж покуль не ачысьцім нашую зямлю ад ненавісьнікаў Беларусі”.

* * *

На расейскай Поўначы заўсёды было нецывілізавана і страшна. Яшчэ пры Брэжняве маладых беларусаў, якіх прывозілі туды на службу ў войска, уражвалі краявіды і стафажы, напрыклад, Архангельскай вобласьці. Кволы сасьняк, гнілыя балоты, шэра-брудныя мястэчкі, жахлівыя вёскі — а ў іх дзікаваты з большага люд. На чыгуначных станцыях, празь якія ехалі беларускія рэкруты, зьбіраліся натоўпы асобаў, якіх ня трэба было грыміраваць для масоўкі ў кіно пра грамадзянскую вайну і разруху. Наша моладзь кідала ім з вокнаў вагонаў свае фуфайкі і кансэрвы. Людзі накідваліся на падарункі, для іх гэта было сапраўднае багацьце.

Пачатак ХХІ стагоддзя. Раскошная Масква ня так ужо і далёка — трэба праехаць усяго адну ноч па чыгунцы. І вось што паведамляюць сёньняшнія беларусы, якія вярнуліся з Архангельшчыны. Там стала яшчэ страшней. Вёскі практычна ўжо павыміралі. Адбываецца апошняя стадыя выміраньня гарадоў і мястэчак, нават раённага значэньня. Там, дзе былі прапісаны 10 тысячаў жыхароў, цяпер засталося некалькі дзясяткаў чалавек. Там, дзе быў 50-тысячны горад, блукаюць пасярод пакінутых дамоў 300-400 жыхароў. Яшчэ з часоў “перастройкі-галоснасьці” мясцовыя прадпрыемствы, на якіх працавалі правінцыйныя архангелагародцы, спыніліся. Пазьней (ужо пры “новай рускай дэмакратыі”) іх расьцягнула на мэталалом мясцовая дзяржмафія. Жыхары засталіся каля разьбітай ночвы і пачалі актыўна ўцякаць з Поўначы. Шкада, што падчас Паўночнай вайны (1700-21) няўдачай скончылася спроба высадкі швэдскага дэсанту на архангельскі бераг. Можна сабе ўявіць, які камфорт наладзілі б тут творчыя скандынавы за 300 гадоў.

* * *

“Масква праклятая!..” — раз-пораз гучыць у малочных аддзелах менскіх крамаў. Беларусы прызвычаяліся да спажываньня нашых якасных тварагоў і іншых малочных прадуктаў (толькі ў Менску ёсьць два вялікіх малочных заводы). Цяпер трэба адзвычайвацца, тварагоў няма. Проста няма і ўсё. Людзі здагадваюцца, куды паехалі нашы якасныя прадукты — у вечна галодную Маскву, зь якой антыбеларускі рэжым нападпісваў васальных дамоваў на запесьпячэньне харчовымі прадуктамі. Час ад часу ў сталічныя крамы закідваюць крыху малочных прадуктаў, зробленых на атручаных радыяцыяй тэрыторыях. Беларусы разумеюць, хто іх абрабоўвае і спрабуе канчаткова атруціць.

* * *

21 лістапада на Радыё Свабода грымнула сэнсацыя. У матэр'яле пад тытулам “Расея баіцца Радзінай” са спасылкай на французкую газэту “Le Monde” былі паведамлены невядомыя раней дэталі ўцёкаў прэс-сакратаркі Хартыі-97 Натальлі Радзінай з-пад дагляду КГБ РБ (з падпіскай аб нявыезьдзе) ў дэмакратычнае замежжа.

Аказалася, што ратаваў “апазыцыянэрку” Н. Радзіну ня хто іншы, як тав. С. Зурабаў, нам. начальніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі. Радзінай, якая прыбыла ў Маскву ў 2011 г. зусім без дакумантаў, крамлёўцы аформілі дакуманты і купілі квіток у Эўразьвяз, дзе яна атрымала палітпрытулак, а цяпер актыўна дзейнічае “на благо белорусской демократіі”.

Цікава было пачытаць камэнтары на гэты матэр'ял на старонцы Радыё Свабода. Адчувалася, што людзі ўражаны гэтым адкрыцьцём. Каліновец, напрыклад, напісаў: “У 2011 годзе мы так хваляваліся за сп. Радзіну. Уяўлялі сабе, як яна пралазіць пад калючым дротам, адрываецца ад гэбоўскай пагоні, блытае сьляды... А тут вунь што, за ўсім стаяць пуцінска-мядзьведзеўскія намесьнікі. Цікава было паслухаць-пачытаць”. Зазначым, што ўжо праз два дні, 23 лістапада, нікому ня ўдасца ні паслухаць, ні пачытаць згаданы рэпартаж на Радыё Свабода. Бо ў архівах яго немагчыма знайсьці. Падобна, што нечый цьвёрды голас прымусіў Радыё пазбавіцца ад гэтага тэксту.

І яшчэ цікава, а хто гэта падштурхнуў французкую газэту ажно амаль праз два гады пасьля падзеяў праўзьняць заслону таямніцы над справай “гераічных уцёкаў”? Мы мяркуем, што гэта зрабіла тая ж самая Масква, якая забясьпечыла Н. Радзіну дакумантамі і дыппрыкрыцьцём. Але некаторыя эмігранты Хартыі, відаць, забыліся, што ёсьць у маскоўцаў такая традыцыя нагадваць пра “должок” (атрабатывать нада) інакш могуць і здаць з-за непатрэбшчыны. Такія ёсьць законы гульні “у паддаўкі” з крамлёўскай канторай.

Янка Базыль